Четверг, 15 апреля 2021

Гісторыя з фатаграфіяй: дзіцячы магазін і яго наведвальнікі

557

Трапілі на вочы адразу два фота-здымкі, зробленыя ў адным месцы і прыкладна ў адзін час. Будынак, што стаіць па вуліцы Р.Шырмы насупраць гімназіі, узводзіўся напачатку 1960-х гадоў. Адразу на другім паверсе яго размясцілася сталоўка, а першы быў аддадзены пад магазін дзіцячых тавараў.

Гэты магазін праіснаваў амаль два дзясяткі гадоў: калі быў рэканструяваны і значна пашыраны будынак універмага ў цэнтры Пружан, «Дзіцячы свет» перасяліўся сюды. Былое яго памяшканне заняў прадуктовы магазін-кулінарыя. Але зусім нядаўна — у сёлетнім кастрычніку, тут зноў загучалі дзіцячыя галасы: на радасць малым на першы паверх засяліўся фірменны магазін «Цацкі» Кобрынскай фабрыкі «Палессе».
Зразумела, будынак зараз мае больш сучаснае аблічча, але галоўнае — значна змяніўся выгляд яго маленькіх наведвальнікаў. Радасна глядзець на дзетак, апранутых зручна і ярка. Немагчыма нават і параўнаць з колішнімі.

На гэтым здымку — малыя, якіх прывялі па абноўкі. Бачна, што гэта група выхаванцаў дзіцячага дома: аднолькавыя кофтачкі, дзяўчынкі, падстрыжаныя «пад хлопчыка»… «Хатніх» дзетак мамы нават пры невялікім дастатку стараліся апрануць больш прыгожа. Але гэтак жа тырчалі з-пад спаднічак цёплыя штонікі і непаслухмяныя засцежкі, што мацавалі панчохі. Помнік паставіць варта таму чалавеку, што прыдумаў калготкі.

Фота з архіваў аўтара і Наталлі АНДРУСЕВІЧ

Вядучая рубрыкі Ірына СЯДОВА