Среда, 4 августа 2021

Асцярожна, новае махлярства з пластыкавымі карткамі! Пацярпелыя з’яўляюцца кожны дзень!

930

«Можа табе яшчэ даць ключ ад кватэры, дзе грошы ляжаць?» — пытаўся вялікі камбінатар Астап Бэндэр у вулічнага папрашайкі. Да гэтага часу мы смяёмся над яго прыгодамі і адначасова пускаем сучасных «бэндэраў» — махляроў і ашуканцаў — калі не ў сваю кватэру, то ў віртуальны кабінет карыстальніка банкаўскай карткі.
Яшчэ некалькі гадоў таму для трымальніка пластыкавай карткі самым страшным, напэўна, было згубіць яе: а раптам гэтым скарыстаюцца нячыстыя на руку людзі? Хаця, па сутнасці, не ведаючы пін-код, знайсці прымяненне картцы нялёгка. Але злодзеі ідуць у нагу з часам і прыдумваюць новыя, усё больш дасканалыя спосабы крадзяжоў сродкаў з картак.

Справы па артыкуле 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі» сёння сталі займаць ільвіную долю ў структуры злачыннасці.
— За ўвесь мінулы год па артыкуле 212 было ўзбуджана 27 крымінальных спраў, — апелюе лічбамі намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандр Марчук. — Сёлета іх колькасць вырасла больш як удвая. Прычым пачынаўся год спакойна: штомесяц на працягу першай паловы года ўзбуджалася па дзве-тры такія справы. Са жніўня лічбы рэзка папаўзлі ўверх: у жніўні завялі 14 спраў, у верасні — 10, у кастрычніку — 13, лістапад яшчэ не закончыўся, а спраў па адпаведным артыкуле ўжо ўзбуджана больш за дзясятак. Пацярпелыя звяртаюцца практычна кожны дзень.

Даведка «РБ»
Фішынг — від інтэрнэт-махлярства, мэтай якога з’яўляецца атрыманне доступу да ідэнтыфікацыйных даных карыстальніка. Сюды адносяцца крадзяжы пароляў, нумароў банкаўскіх картак, банкаўскіх рахункаў і іншай канфідэнцыяльнай інфармацыі.

Студэнты, пенсіянеры, мамы, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці… На кручок да злодзеяў яны трапляюць па-рознаму. Адным са спосабаў з’яўляюцца фішынгавыя сайты.
— Бадай, самы «папулярны» — сайт «Беларусбанка», — гаворыць Аляксандр Мікалаевіч. — Як правіла, падобны на сапраўдны, але падробленыя адрасы перыядычна мяняюцца. Сярод выяўленых, напрыклад,

http://www.belarusbank-erip/login/php ,

http://www.belarusbank-erip-online.ru ,

http://www.vhodvbelarusbank.ru

З дапамогай аднаго з такіх сайтаў пазбавілася каля 3,5 тысячы рублёў жыхарка Пружаншчыны. Жанчына сабралася аплаціць камунальныя плацяжы праз сістэму «інтэрнэт-банкінг» «Беларусбанка». Па запыце ў пошукавым радку ёй выдала некалькі вынікаў, але выбрала яна, як аказалася, фішынгавы. Як потым яна тлумачыла следчым, адкрыты сайт быў настолькі ідэнтычным з сапраўдным, што яна нават не магла падумаць пра махлярства, таму не звярнула ўвагу на радок з адрасам сайта. Літаральна за некалькі мінут у жанчыны было спісана амаль 1800 рублёў з адной карткі і яшчэ столькі ж — з другой, крэдытнай карты, прывязанай да таго ж асабістага кабінета.
Прыкладна такім жа чынам застаўся без сумы больш як у тысячу рублёў яшчэ адзін жыхар раёна.

Але яшчэ больш на Пружаншчыне тых, хто быў падмануты з дапамогай фішынгавых сайтаў, дзе афармляюцца паслугі дастаўкі.

Сярод найбольш распаўсюджаных

http://www.www-kufar-cc ,

http://www.evropochta.to ,

http://www.evropochta.by ,

www.cdek.infopay-hold.ru

— Як правіла, гэта тыя, хто з дапамогай «Куфара», вядомай інтэрнэт-пляцоўкі аб’яў у Беларусі, хацеў штосьці прадаць. Схема ва ўсіх выпадках практычна аднолькавая, — тлумачыць Аляксандр Марчук.
Махляры выказваюць гатоўнасць купіць рэч, перапіску для большай пераканаўчасці вядуць у месенджары «Viber», затым прапануюць скарыстацца зручнымі, на іх погляд, спосабамі дастаўкі — «Еўрапошта» ці «Куфар», пра якія, відавочна, даверлівыя прадаўцы асабліва нічога не ведаюць, пераходзяць па спасылцы, якая вядзе на фішынгавы сайт, уводзяць патрабуемыя даныя.

Такім чынам пацярпелыя самі паведамляюць злодзеям не толькі рэквізіты карткі, але і баланс на карт-рахунку (каб тыя маглі, як цяпер ужо зразумела, спісаць грошы да апошняй капейкі), паведамляюць коды пацвярджэння для правядзення аперацый па пераводзе сродкаў.
І такіх даверлівых у раёне ўжо каля двух дзясяткаў. Малады чалавек, які прадаваў смартфон, быў абрабаваны без малога на 150 рублёў. Прыкладна такая ж сума была спісана пасля «дзелавой перапіскі» з пакупніком з рахунка жанчыны, якая прадавала набор дзіцячай мэблі. Недалічыўся 100 рублёў на карт-рахунку прадавец канькоў. Больш за 700 рублёў укралі ў жыхаркі раёна, якая хацела прадаць навагодні касцюм.

Не перастае цікавіць злодзеяў і ўжо старая схема — узлом старонак карыстальнікаў сацыяльных сетак. Такія справы праваахоўнікі затым кваліфікуюць як махлярства ці выманьванне грошай.
— У першым выпадку новы «гаспадар» старонкі просіць пад якой-небудзь падставай кагосьці з кантактаў перавесці грошы, — тлумачыць субяседнік, — у другім — просіць назваць рэквізіты карткі.

Такім чынам летась, напрыклад, быў падмануты жыхар райцэнтра. Махляры, якія вялі перапіску са старонкі яго знаёмай, папрасілі мужчыну дапамагчы быццам бы абналічыць грошы: маўляў, яна згубіла сваю банкаўскую картку, таму, каб зняць наяўныя сродкі, прапанавала зрабіць перавод на яго картку, каб затым зняць грошы. Даверлівы грамадзянін не толькі даў рэквізіты — дазволіў дыстанцыйна падключыць паслугу «Мабільны банкінг».

Нягледзячы на тое, што ў паведамленні з кодам актывацыі, якое прыйшло яму на тэлефон, банк папярэджвае, што перадаваць яго нікому нельга, пацярпелы, роўна як і іншыя падманутыя, паведаміў яго «знаёмай». Як вынік — 1500 рублёў, спісаных з карт-рахунка.

Увогуле і банкаўскія работнікі, і праваахоўныя органы ўжо не прыкладуць розуму, як данесці да людзей, што ні трохзначны код бяспекі, ні коды пацвярджэння, дасылаемыя СМС-паведамленнямі з банка, нікому паведамляць нельга. Нават сапраўдным работнікам банка.
Менавіта на гэтую даверлівасць і разлічана новая схема дзеяння злодзеяў, якая набірае ўсё большыя абароты.
— Зламыснікі дзейнічаюць элементарна. Тэлефануюць сваёй ахвяры, прадстаўляюцца работнікамі банка. Як правіла, на другім канцы провада расказваюць, што стараюцца спыніць злачынныя замахі па спісанні грошай з карткі. Пасля гэтага ім не складае цяжкасці выпытаць у перапалоханага «кліента» ўсю неабходную інфармацыю: нумар карткі, тэрмін дзеяння, код бяспекі, астатак грошай на картцы і гэтак далей.
Дарэчы, Аляксандр Марчук удакладняе, як у даверлівых людзей выпытваюць трохзначны код бяспекі на адваротным баку карткі: просяць назваць код банка, у якім яе выдалі. Нават людзей, якія яго ведаюць, усё-такі ўдаецца запэўніць, нібыта гэта — трохзначная лічба на адваротным баку. Але большасць не ведае не толькі код банка, але і тое, што трохзначны код з карткі нельга нікому называць, за выключэннем аперацый аплаты праз інтэрнэт на шэрагу сайтаў.
— Як правіла, злодзеі тэлефануюць на «Viber». І не толькі з беларускіх нумароў. Нярэдка з Расіі, Літвы, Эстоніі, Кіпра і іншых краін — з якой канкрэтна, указвае міжнародны тэлефонны код. Іншы раз, калі да-кладна не ведаюць, трымальнікам карткі якога банка з’яўляецца ахвяра, прадстаўляюцца работнікамі Асацыяцыі банкаў Рэспублікі Беларусь.

Здараецца і так, што спачатку выпытваюць канфідэнцыяльную інфармацыю па адной картцы, а калі даведваюцца, што ў чалавека ёсць картка яшчэ і іншага банка, то быццам бы пераключаюць на аператара гэтага банка.
І людзі «вядуцца». Такія тэлефанаванні ўжо каштавалі некалькім жыхарам раёна пэўных сум: каму ў 1600, каму — 400 рублёў. А нядаўна ў асабліва буйным памеры — амаль на 8000 рублёў — быў абрабаваны работнік аднаго з сельгас-прадпрыемстваў раёна. Каля двух гадзін вадзілі за нос мужчыну. У нейкі момант ён нават адчуў падвох, але ў выніку ўсё роўна застаўся з 66 капейкамі на картцы.

У раённым аддзеле Следчага камітэта перакананы: колькасць падманутых намнога большая: не ўсе звяртаюцца да праваахоўнікаў.
— Многія думаюць, што такое можа здарыцца з усякім, толькі не з ім: маўляў, гэта доля бесталковых людзей, невукаў, няўважлівых. І дарма так мяркуюць, — запэўнівае Аляксандр Мікалаевіч. — Не паверыце, але пісаць заявы на махляроў прыходзяць і людзі, якія працуюць бухгалтарамі, займаюць кіруючыя пасады. Яны, маючы справу з грашыма, здавалася б, павінны ведаць, як засцерагчы сябе ад падману, умець адрозніць банкаўскага работніка ад злодзея. У выніку камусьці сорамна звяртацца па дапамогу. А з улікам таго, што раскрыць пераважную большасць спраў вельмі праблематычна: як правіла, злодзеі выкарыстоўваюць такія схемы, па якіх іх знайсці альбо немагчыма, альбо канцы вядуць за мяжу, — пацярпелыя ўсведамляюць, што самі дазволілі сябе абрабаваць.
З усіх спраў, узбуджаных сёлета, перадаць у цэнтральны апарат Следчага камітэта для далейшага расследавання пружанскім праваахоўнікам удалося толькі тры. Як сведчыць статыстыка, раскрыццё гэтых спраў не вышэй за два працэнты.
Так што не дайце сябе падмануць: будзьце больш пільнымі і ўважлівымі.

Запомніце раз і назаўсёды! Ні трохзначны код бяспекі, змешчаны на адваротным баку карткі, ні коды пацвярджэння, дасылаемыя СМС-паведамленнямі з банка, нікому паведамляць нельга. Нават сапраўдным супрацоўнікам банка.

Марына Вакульская