Воскресенье, 11 апреля 2021

Дыялогавыя пляцоўкі: заўвагі, прапановы, пытанні і адказы

353

Дзе жыць і як наладзіць свой быт, якія гарантыі даюць дзяржава і працадаўца і ці можна разлічваць на пэўныя льготы?
Вось далёка не поўны спіс пытанняў, з якімі даводзіцца сутыкацца выпускніку навучальнай установы, які зараз знаходзіцца на адпрацоўцы. Гэтыя нюансы ўвогуле хвалююць моладзь. Яны і сталі тэмай другой па ліку дыялогавай пляцоўкі, што прайшла ў аўторак у гарадскім Палацы культуры і сабрала тых, хто ўжо атрымаў запаветны дыплом і працуе, і тых, хто толькі рыхтуецца да паступлення.

Маладым спецыялістам – асаблівая ўвага

Каб дапамагчы маладым людзям ва ўсім разабрацца, для ўдзелу ў дыялогу запрасілі прадстаўнікоў рай- і аблвыканкамаў, якія выступілі ў ролі спікераў.
Дарэчы, сёлета на Пружаншчыну прыбыло больш за 200 маладых спецыялістаў. Найбольшая іх колькасць традыцыйна ў сельскай гаспадарцы. Сярод лідараў таксама сферы аховы здароўя і адукацыі. Пераважная большасць спецыялістаў мае сярэднюю спецыяльную адукацыю (прычым 60% з іх – выпускнікі аграрна-тэхнічнага каледжа), прыкладна 40% – вышэйшую і 16% – прафесійна-тэхнічную.

З важнасці замацавання маладых спецыялістаў на Пружаншчыне пачаў сваё выступленне намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч. “Раённыя ўлады і працадаўцы вельмі зацікаўлены ў тым, каб маладыя спецыялісты заставаліся на першых працоўных месцах і пасля заканчэння адпрацоўкі. Зразумела, вельмі многае залежыць ад калектыву. Лічу, што больш вопытныя калегі павінны падтрымліваць моладзь: недзе падказаць, дзесьці падтрымаць. Без гэтага губляецца канкурэнтаздольнасць спецыялістаў”, – сказаў Руслан Васільевіч.

Таксама ён адзначыў, што сёння вострая патрэба ў кадрах назіраецца на льнозаводзе, заводзе радыёдэталей і малочным камбінаце. Самай ёмістай па-ранейшаму застаецца сфера сельскай гаспадаркі, што звязана з аграрнай накіраванасцю раёна. Паколькі ідзе пастаяннае ўдасканаленне вытворчасці, сельгасарганізацыі набываюць новую тэхніку, то і працаваць на ёй павінны высокаадукаваныя маладыя спецыялісты – падкрэсліў Р.В.Супрыновіч.

Жыллёвае пытанне найбольш вострае для сёлетніх выпускнікоў навучальных устаноў. Зразумела, што яно выклікала вялікую цікавасць удзельнікаў. Спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ю.І.Каляда адзначыла, што маладыя спецыялісты – тая катэгорыя грамадзян, якія маюць першачарговае права на атрыманне арэнднага жылля. Пры гэтым варта мець на ўвазе, што яно можа быць дадзена ў тым выпадку, калі ў спецыяліста і членаў яго сям’і няма ва ўласнасці іншых жылых памяшканняў у тым населеным пункце, дзе праходзіць адпрацоўку выпускнік навучальнай установы. Інфармацыя аб наяўнасці свабоднага арэнднага жылля размяшчаецца на сайце райвыканкама ў раздзеле “Эканоміка” – “ЖКГ”.

Выпускнікі дзяржаўных устаноў сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі згодна з Указам Прэзідэнта №631 маюць права на льготны спажывецкі крэдыт. Ён закліканы дапамагчы набыць хатнюю маёмасць або тавары першай неабходнасці і даецца ў тым выпадку, калі малады спецыяліст размеркаваны не па месцы жыхарства бацькоў.

На нюансы яго атрымання звярнула ўвагу галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ю.А.Пасько. Юлія Аляксандраўна адзначыла, што аддзел гатовы дапамагчы і пракансультаваць па гэтым пытанні.
Пра тое, што памочнікам любога спецыяліста з’яўляецца прафсаюз, нагадала старшыня раённага аб‘яднання прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук. “Дзе б вы ні працавалі, перш за ўсё, вас павінны азнаёміць з калектыўным дагаворам. Яго варта ведаць і абапірацца на гэты дакумент пры ўзнікненні спрэчных пытанняў. Там жа замацаваны і гарантыі для маладых спецыялістаў”, – адзначыла Таццяна Юр’еўна.

Падвяла своеасаблівыя вынікі сустрэчы спецыяльны госць – галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Н.У. Андрасюк. “Такія сустрэчы важныя для абодвух бакоў – як для моладзі, так і для кіраўніцтва раёнаў. Дыялогавыя пляцоўкі арганізуюцца па ўсёй краіне, іх галоўная мэта – выявіць праблемныя пытанні, што хвалююць моладзь, сфарміраваць прапановы. Прыемна, што маладыя людзі падымаюць самыя розныя тэмы і прапаноўваюць нават самыя неверагодныя ініцыятывы”, – рэзюмавала Наталля Уладзіміраўна.

Мяркуецца, што наступны дыялог адбудзецца ўжо ў снежні. Арганізатары абяцаюць: тэма яго таксама будзе цікавай і актуальнай.

Якія ідэі можна ажыццявіць?

Падчас мінулай дыялогавай пляцоўкі, якая была арганізавана ў кастрычніку, яе ўдзельнікі задалі даволі шмат пытанняў. Намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч падрыхтаваў адказы на іх.

Спорт і вольны час
Удзельнікі сустрэчы цікавіліся магчымасцю аднаўлення работы секцыі па картынгу на базе раённай структуры ДТСААФ. Руслан Васільевіч патлумачыў, што аб’яднанне існуе, але заняткі пакуль не праводзяцца ў сувязі эпідэміялагічнай абстаноўкай. Запісацца ў секцыю можна і цяпер.
Яшчэ адна прапанова, што датычыцца ДТСААФ, – прадастаўленне аўтадрома таварыства тым, хто жадае ўдасканальваць навыкі ваджэння матацыкла, або стварэнне мотаклуба. “Па вопыце іншых раёнаў, дзе такую ідэю рэалізаваць удалося, скажу, што падобныя мотаклубы не карысталіся вялікай папулярнасцю. Плюс паўстаюць пытанні закупкі матацыклаў, захавання бяспекі падчас заездаў і адсутнасці спецыялістаў”, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама.
Таксама была агучана ідэя стварэння секцыі па баскетболе на базе ДЮСШ №1. Пытанне можа быць вырашана з дапамогай РФСК “Мухавец”, які здольны арганізаваць секцыю ў адной з гарадскіх школ. Галоўнае, каб былі жадаючыя яе наведваць.
Добраўпарадкаванне і экалогія
Звярнулі ўвагу ўдзельнікі пляцоўкі на дрэннае асвятленне ў гарадскім парку. Разабрацца з гэтым было даручана “Камунальніку”. Спецыялісты прадпрыемства ўжо ажыццявілі рамонт двух дзясяткаў таршэраў, замянілі лямпы. Удзельнікі чарговай сустрэчы пацвердзілі: сітуацыя значна палепшылася.
Што да будаўніцтва пешаходнай сцяжынкі ад гарадскога парку да басейна з устаноўкай тут асвятлення, то пакуль што яно не плануецца. Аднак Руслан Васільевіч зазначыў, што будзе мець на ўвазе гэтую прапанову.
А ідэя, якую дакладна плануецца рэалізаваць, – дык гэта ўстаноўка ў парку шыльдачак з назвамі і апісаннем рэдкіх відаў раслін, якія тут растуць.
Адрадзіць экалагічна-асветніцкую акцыю “Пятніца для будучыні” гатова гімназія. Магчыма, зменіцца яе назва, але сама акцыя ахопіць увесь раён.

Ахова здароўя
Пытанне пераводу адной з аптэк горада на кругласутачную работу ўздымаецца не ўпершыню. Руслан Васільевіч патлумачыў, што пракансультаваўся па ім са спецыялістамі Брэсцкага УП “Фармацыя”. Забяспечанасць жыхароў раёна аптэкамі ў чатыры разы вышэй, чым гэта патрабуюць сацыяльныя стандарты. Да таго ж, ёсць аптэкі, якія працуюць да 22.00 гадзін. Пры экстраных выпадках можна звяртацца ў прыёмны пакой бальніцы, які адкрыты кругласутачна. Медыкі гатовы аказаць прафесійную дапамогу.
Для тых, хто мае патрэбу ў псіхалагічнай кансультацыі, працуе “тэлефон даверу”. Падчас мінулай сустрэчы ўдзельнікі звярнулі ўвагу на недастатковае інфармаванне пра такую магчымасць. Руслан Васільевіч падкрэсліў, што на сайце кожнай навучальнай установы ёсць неабходная інфармацыя, але, каб яшчэ больш акцэнтаваць на ёй увагу, нумары размесцяць і на гарадскім электронным табло каля Палаца культуры. Таксама будзе прапрацоўвацца магчымасць павелічэння колькасці бігбордаў з гэтай інфармацыяй.

Працоўныя адносіны
Паступіла прапанова абмежаваць кола асоб, якія могуць займаць кіруючыя пасады, калі адзін са сваякоў ужо з’яўляецца начальнікам. Руслан Васільевіч, адказваючы на пытанне, падкрэсліў: у нашай краіне выпрацаваны даволі эфектыўны механізм барацьбы з карупцыяй і так званым кумаўством. На недапушчэнне такіх фактаў неаднойчы звяртаў увагу і Прэзідэнт Беларусі. Кожны такі выпадак правяраецца і кантралюецца.

Адукацыя
Без добрай тэарэтычнай базы няма поспехаў і ў прафесійнай дзейнасці. Магчыма, таму маладыя людзі падчас першай дыялогавай пляцоўкі ўнеслі прапанову аб магчымасці выпускнікоў школ падаваць дакументы адразу ў некалькі ВНУ.
Таксама прагучала ідэя прыбраць з вучэбных планаў у 11 класе гадзіны грамадска-карыснай працы.
Адносна гэтых пытанняў Руслан Васільевіч патлумачыў: яны не ўваходзяць у кампетэнцыю райвыканкама, таму будуць перададены ў вышэйшыя інстанцыі. У той жа час ён прапанаваў прысутным паразважаць над тэмай паступлення адразу ў некалькі навучальных устаноў: з аднаго боку, гэта пашырыць магчымасці абітурыентаў, з іншага – створыць ім дадатковыя складанасці.

Уладзіслаў Шпарла