Воскресенье, 13 июня 2021

Дэвіз страйняшак: «Быць здаровым — гэта модна, быць модным — гэта здорава!»

683

Пад такім дэвізам вось ужо трэці год у Шарашоўскім цэнтры культуры і вольнага часу працуе аматарскае аб’яднанне “Фітнес-клуб “Страйняшкі”, якое аб’яднала жанчын розных узростаў і прафесій у адзіным жаданні — быць здаровай, прыгожай, а значыць, і шчаслівай.

Ля вытокаў стварэння “гуртка прыгажосці”, як яго любяць называць удзельніцы, стаяла Таццяна Шчурко, якая цяпер працуе медсястрой у Шарашоўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце. З яе лёгкай рукі для дасягнення жаданай мэты — нармалізацыі вагі і агульнага аздараўлення арганізма — настаўніцы, выхавальніцы, работніцы сельскай гаспадаркі і хатнія гаспадыні самастойна закупілі дыванкі, скакалкі, абручы, гумкі і іншы неабходны для заняткаў інвентар. І пачалі асвойваць комплексы спецыяльных практыкаванняў.

Калі кіраўніцтва ўзяла на сябе культуролаг цэнтра культуры і вольнага часу Іраіда Несцерава, да спартыўных элементаў далучыліся і танцавальныя. А Вераніка Шумер прыўнесла ў сістэму фітнес-падрыхтоўкі больш прафесіянальную аснову, паколькі ў свой час скончыла факультэт фізічнай культуры. Зараз чатыры разы на тыдзень па вечарах жанчыны займаюцца пад кіраўніцтвам Кацярыны Манцэвіч.
— Фітнес стаў для нас не проста наведваннем спартыўнай залы. Гэта ўжо нешта большае — лад жыцця і нават філасофія, — сцвярджаюць жанчыны. — Мы заўважылі, што рэгулярныя трэніроўкі надзвычай дабратворна паўплывалі не толькі на нашы целы, але і на настрой.

Некаторыя з нас адмовіліся ад шкодных звычак, большасць адкарэкціравала свой рацыён харчавання, кожная адчула агульнае паляпшэнне стану арганізма. Ведаеце, дзякуючы заняткам фітнесам, развіваецца гнуткасць, пачуццё раўнавагі, хуткасць рэакцыі. А самае галоўнае — здымаецца нервовае напружанне, паляпшаецца сон. Таму, калі ў нас няма магчымасці схадзіць на трэніроўку, абавязкова займаемся дома, каб не губляць форму.

Характэрна, што заняткі ў фітнес-клубе заканчваюцца на асаблівай “духмянай” ноце. У спакойнай сяброўскай атмасферы жанчыны ладзяць чаяпіцце з лекавымі травамі — шыпшынай, мятай, святаяннікам, мацярдушкай.
— Паверце, атрымліваем поўную рэлаксацыю. А яшчэ павышаецца самаацэнка і з’яўляецца ўсё больш упэўненасці ў сабе. Фітнес пазбаўляе ад комплексаў. Мы проста перастаём саромецца свайго цела, паколькі разумеем, што людзей з ідэальным целам практычна не існуе. І спадзяёмся, што ў хуткім часе наша каманда папоўніцца і прадстаўнікамі моцнага полу: быць прыгожымі і падцягнутымі ім таксама не перашкодзіць.

Алена Зялевіч