Среда, 4 августа 2021

Каштоўная парада ад шарашоўскага выхавацеля: «Лічы зоркі і загадвай жаданні»

264

На гэтую жанчыну мы звярнулі ўвагу яшчэ падчас святкавання юбілею Шарашэва. Ірына Юр’еўна Ніжывінская сярод іншых жыхароў пасёлка падымалася на сцэну, каб атрымаць узнагароду ад сельвыканкама і падарунак ад калег за сваю 30-гадовую працу ў якасці выхавальніцы. У той момант узнялася такая хваля апладысментаў ад дарослых і дзяцей, што адразу стала зразумела: перад намі асаблівы чалавек.

— Так і ёсць. Спагадлівы, чулы, высокаінтэлектуальны, інтэлігентны і культурны, — падцвердзіла загадчыца Шарашоўскага дзіцячага садка Таццяна Васільеўна Півень. – Ірына Юр’еўна — майстар сваёй справы, яна вельмі хутка знаходзіць агульную мову з любымі выхаванцамі.

Загадчыца садка кажа, што бацькі вельмі радуюцца, калі іх дзеці трапляюць у групу да Ірыны Ніжывінскай. І запрашае пазнаёміцца з жанчынай, у працоўнай кніжцы якой толькі адзін запіс – Шарашоўскія яслі-сад № 13. Ім яна аддала тры дзясяткі гадоў свайго жыцця, выгадавала некалькі пакаленняў дзяцей, многія з якіх ужо прывялі сюды сваіх маленькіх нашчадкаў. Кажуць: пастаянства – прыкмета абмежаванасці, аднак шарашэўская выхавальніца вышэйшай кваліфакацыйнай катэгорыі яе цалкам абвяргае…

Гасцінна расчыняюцца дзверы групы дзіцячага садка, і мы трапляем у чароўны свет тэатральнага мастацтва. Так, так, менавіта мастацтва, паколькі мастацка-тэатральная дзейнасць – гэта “канёк” Ніжывінскай. Тут, у інтэграванай групе, ёсць усё, што патрэбна для пастановак: і цудоўныя папяровыя дэкарацыі, і батлейка, і касцюмы, і роставыя лялькі, і, вядома, артысты. Падчас нашай сустрэчы іх было толькі чацвёра, затое якія: “пеўнік”, “жабка” і “медзведзяняты”.
Пакуль маленькія артысты рыхтаваліся паказаць нам пастаноўку, апраналі касцюмы, створаныя рукамі таленавітай і працавітай Ірыны Юр’еўны, іх “мастацкі кіраўнік” выдзеліла час, каб адказаць на пытанні журналіста.

Аказваецца, сама жанчына родам з Івацэвіцкага раёна, вырасла ў вялікай сям’і, дзе, акрамя яе, гадавалася яшчэ чацвёра дзяцей. На Пружаншчыне апынулася пасля заканчэння Пінскага педагагічнага вучылішча (цяпер — каледж). На выбар спецыяльнасці ў свой час паўплываў бацька гераіні, настаўнік працы і чарчэння. Менавіта ад яго дачцэ перадаліся і творчыя здольнасці, і разуменне, што прафесія выхавальніка, ня-гледзячы на пэўныя складанасці, заўсёды будзе карыснай людзям. А ад мамы ў дар жанчына атрымала рамантызм натуры і асаблівую душэўнасць. Ірына Юр’еўна прыгожа спявае і па выхадных наведвае клірас Свята-Мікалаеўскай царквы. Яшчэ любіць падарожнічаць і фатаграфаваць на памяць самыя яркія моманты жыцця.
— Якое, на жаль, вельмі хутка бяжыць, — сумуе жанчына. — А так хочацца паспець перадаць свой патэнцыял маім выхаванцам, каб яны выраслі ўсебакова развітымі, а галоўнае — добрымі людзьмі.
Дарэчы, свае дзеці ў Ірыны Ніжывінскай ужо выраслі, кожны пайшоў па сваёй сцяжынцы: сын працуе інжынерам на Астравецкай АЭС, а дачка вучыцца ў Палескім дзяржаўным універсітэце, атрымлівае эканамічную спецыяльнасць.
— Адкрыю сакрэт: у свой час я марыла паступаць у радыётэхнічны ўніверсітэт, паколькі з дакладнымі навукамі заўсёды была на “ты”. Але тата-педагог пераканаў у іншым… Я сёння ні пра што не шкадую. Мая справа – дзеткі, якіх я вельмі люблю і шаную, — шчыра прызнаецца жанчына.
— І мы Вас любім! – усміхаюцца маленькія выхаванцы, абступаюць жанчыну, абдымаюць, а падчас фотасесіі на фоне сапраўднай батлейкі (да слова, справы рук усіх выхавацеляў садка) адзін “артыст” нават даверліва ўсаджваецца ёй на калені.

Як можна не любіць Ірыну Юр’еўну, калі ўсе заняткі з ёй адбываюцца ў форме тэматычных сюжэтна-ролевых гульняў і тэатральных пастановак? Трэба вывучыць правілы дарожнага руху, калі ласка — пастаноўка “Святлафор” гатова. Трэба пагаварыць пра асновы бяспекі жыццядзейнасці – адкрывай “Небяспечны куфэрак”. Хочаш ведаць пра карысць вітамінаў – слухай “Спрэчку агародніны”. А калі з нецярпеннем чакаеш Новага года і Калядаў – раскрывай батлейку, лічы зоркі, загадвай жаданні і проста мар.

Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча