Четверг, 15 апреля 2021

Ці мажліва знайсці ўправу на сямейнага буяна?

281

Рэгулярна судом раёна праводзяцца выязныя пасяджэнні ў вясковых населеных пунктах. Толькі ў бягучым годзе падобныя слуханні прайшлі ў Ружанах, Шарашэве, Шчарчове.

У чарговы раз выязны суд адбыўся ў г. п.Ружаны, дзе заслухвалася справа аб абмежаванні дзеяздольнасці. Варта адзначыць, што падобная норма грамадзянскага заканадаўства ў нашай краіне актыўна выкарыстоўваецца менавіта для абароны правоў членаў сям’і тых людзей, якія злоўжываюць спіртным і тым самым пагаршаюць матэрыяльны дабрабыт сваіх родных. Згодна з рашэннем суда, накладаецца абмежаванне на любыя даходы грамадзяніна, у тым ліку і на пенсіённае забеспячэнне. Дазваляецца здзяйсняць толькі дробныя бытавыя пакупкі.

У дадзеную катэгорыю трапіў жыхар пасёлка, пенсіянер. Мужчына працяглы час злоўжываў спіртнымі напоямі, учыняў сямейныя скандалы. Падчас аднаго з такіх канфліктаў цярпенне ў родных скончылася і яны звярнуліся ў суд. Неабходна ведаць, што факт супрацьпраўных дзеянняў трэба дакументальна пацвярджаць. Напрыклад, у дачыненні да разглядаемага грамадзяніна некалькі разоў складаліся адміністрацыйныя пратаколы за знаходжанне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане. Неаднаразова родныя выклікалі супрацоўнікаў міліцыі, такое здаралася і ў бягучым годзе. Усё гэта таксама адлюстравана ў адпаведных дакументах, якія былі прадстаўлены на разгляд суда.

Зразумела, што рашэнне па звароце члена сям’і названага грамадзяніна было станоўчым: дзеяздольнасць, або права на самастойнае распараджэнне ўласнымі даходамі, яму была абмежавана. Далей, пасля ўступлення рашэння суда ў сілу, права перадаецца ў тэрытарыяльныя органы сацыяльнага забеспячэння, дзе рыхтуюцца дакументы на прызначэнне папячыцеля. Апошняга ўстанаўліваюць мясцовыя органы ўлады, тым самым перадаючы яму права на распараджэнне даходамі абмежаванага ў дзеяздольнасці.

Ці з’яўляецца падобнае рашэнне канчатковым? Не. Праз некаторы час, калі змяняюцца абставіны жыцця або паводзіны такога грамадзяніна, то па яго жаданні суд можа прыняць да разгляду грамадзянскую справу аб змяненні папярэдняга рашэння. Але зноў жа станоўчую сацыялізацыю трэба дакументальна пацвердзіць. Як паказвае практыка, звычайна такі момант наступае праз даволі працяглы перыяд. Адзін прайшоў лячэнне і пазбавіўся шкоднай звычкі, другі прымірыўся з членамі сям’і і «ўзяўся за розум», трэці вырашыў скасаваць шлюб, пазбавіўшы папячыцеля статуса члена яго сям’і.

Ігар Жытко, суддзя раёна