Четверг, 29 июля 2021

Будзьце ўважлівымі! Актывізаваліся махляры з пажарнымі апавяшчальнікамі

383

Такія візіцёры днямі наведалі бацькоў нашай чытачкі. Як расказвае Наталля, «прадаўцы» выкарыстоўвалі ўсе магчымыя метады ўздзеяння на старых, каб прадаць ім прыборы за 149 рублёў.

— Маладыя людзі пераконвалі ў тым, што яны выконваюць «дзяржаўную праграму», што ёсць распараджэнні адпаведных службаў — ад МНС да Дэпартамента аховы, якія патрабуюць абавязковай устаноўкі ахоўных прыбораў, асабліва ў дамах з салідным «узростам», — расказвае Наталля. — Нават дэманстравалі нейкія пасведчанні, нібыта яны працуюць афіцыйна пад патранажам дзяржаўных органаў.

У выніку бацькоў нашай чытачкі яны здолелі пераканаць, што падобныя прыборы ўжо набылі ўсе суседзі. А гэта таксама аказалася няпраўдай. Апошнія паўтары сотні руб лёў, адкладзеных на жыццё да атрымання наступнай пенсіі, перайшлі ў рукі махляроў, што ўвогуле не паўплывала на сумленне апошніх. Толькі ўвечары, калі састарэлая маці «пахвалілася» дачцэ, якую разумную рэч яны набылі сёння, Наталля пачала разбірацца з гэтым пытаннем. Спачатку яна патэлефанавала ў названыя візіцёрамі службы, дзе жанчыне паведамілі, што ўстаноўку пажарных апавяшчальнікаў РЭКАМЕНДУЕЦЦА выканаць усім, нягледзячы на ўзрост жылля. Ёсць сацыяльныя праграмы, калі ў дамах ахоўныя прыборы ўстанаўліваюцца за дзяржаўны кошт. Ды і цана саміх АПА вагаецца ад 12 да 20 рублёў.

Пашанцавала нашай чытачцы і ў тым, што прадаўцы пакінулі «гарантыйны талон» у выглядзе незразумелай паперкі, але там захаваліся кантактныя дадзеныя фірмы.

— Тэлефон аказаўся не «глухі», дзяўчына- аператар звязала мяне з візіцёрамі, ад якіх я, згодна з заканадаўствам аб абароне спажыўцоў, запатрабавала забраць сваю прадукцыю і вярнуць грошы, — паведамляе жанчына.

Справа ў тым, што менавіта для такіх выпадкаў Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» дае магчымасць на працягу 14 дзён вярнуць тавар, не шукаючы для гэтага падставы: літаральна, можна патлумачыць «мне не спадабалася». Але гэта ведаюць і махляры- прадаўцы, якія прапануюць для вяртання прыехаць у Брэст, Гродна, Віцебск, што старым людзям (а менавіта іх і наведваюць гастралёры) зрабіць цяжка. Тое ж самае малады чалавек сказаў і Наталлі, на што яна абгрунтавана запрасіла прадаўца самога прыехаць і вярнуць грошы: маўляў, для продажу знайшоў магчымасць даехаць, у іншым выпадку будзем адшукваць праз міліцыю. Візіцёр пагадзіўся, а пры сустрэчы паспрабаваў націснуць на жанчыну сваімі аргументамі, якія разумная Наталля адразу абвергла. Хаця з-за нахабных паводзінаў прадаўца давялося выклікаць на дапамогу міліцыянераў.

— Грошы ўсё-такі вярнулі ў поўным аб’ёме, але мне хочацца звярнуцца праз газету да састарэлых людзей,— зазначае смелая жанчына.— Не вядзіцеся на абяцанні і нават патрабаванні. Фільтры для вады, газааналізатары, цяпер пажарныя апавяшчальнікі. Заўтра яны будуць прапаноўваць нешта новае і абавязкова ў 10 разоў даражэй. Падманшчыкі добра ведаюць псіхалогію, выкарыстоўваюць розныя метады ўздзеяння і перамагчы іх складана. Але ў любым выпадку патрабуйце дакументальнае пацвярджэнне здзелкі — гарантыйны талон, дагавор, словам, усё, дзе ёсць рэквізіты фірмы, па якіх потым можна ўсё адыграць назад.

***

Падчас падрыхтоўкі матэрыялу нам стала вядома, што падобныя візіцёры пабывалі ў дамах па вул.Кастрычніцкай, 54А, Юбілейнай, 8 і Набярэжнай, 10.

Алег Сідарэнка