Четверг, 15 апреля 2021

Таксі выклікалі? Або як мы прывыкаем да масачнага рэжыму

544

Паміж словамі “пажадана” і “трэба” – адзін крок, і гэты крок быў зроблены 18 лістапада. Менавіта ў гэты дзень ва ўсіх раёнах Брэсцкай вобласці, у тым ліку і на Пружаншчыне, у адпаведнасці з рашэннем аблвыканкама, быў уведзены абавязковы масачны рэжым. Вядома, хтосьці прыняў гэтую неабходнасць, як патрэбную рэч, хтосьці незадаволены, але падпарадкоўваецца правілам. Тым не менш, некаторыя працягваюць жартаваць з каранавірусам — нібы гуляюць з агнём. А як абстаяць справы ў тых, хто аказвае паслугі таксі? Журналіст «раёнкі» прыняла ўдзел у кантрольным рэйдзе, арганізаваным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі сумесна з ДАІ. Але аб усім па парадку.

Сумесны рэйд пачаўся каля бальніцы і адразу выявіў адну заканамернасць: вадзіцелі таксі, якія прыязджалі ці ад’язджалі ад установы аховы здароўя, былі ў масках (напэўна, усё ж успрымалі сваіх кліентаў як патэнцыйных носьбітаў каранавіруснай інфекцыі), але па меры аддалення ад бальніцы маскі з твараў раптам “знікалі”.

У прыватнасці, на вуліцы Савецкай было спынена таксі службы “Калі ласка”, дзе і дзяўчына-таксіст, і пасажыр ехалі без масак. Праўда, пакуль кантралёры падышлі, яны паспелі маскі надзець: як бачна, пра масачны рэжым ведаюць. Ды толькі стаўленне да санітарных правілаў, нам здаецца (і не толькі ў гэтых людзей), нейкае несур‘ёзнае. Маўляў, маска патрэбна, каб паказацца правяраючым. І не задумваюцца, наколькі сур‘ёзнымі могуць быць наступствы падобнага легкадумства. Дарэчы, пытанні да таксіста ўсё роўна засталіся як з боку інспектара ДАІ Д.В.Ільяшука, які даў папярэджанне за абгон у неналежным месцы, на пешаходным пераходзе, так і з боку спецыяліста санітарна-эпідэміялагічнай службы, памочніка ўрача-гігіеніста Г.У.Разон.

Ганна Уладзіміраўна, у прыватнасці, звярнула ўвагу на адсутнасць у салоне таксі антысептыкаў. Вадзіцель апраўдалася: маўляў, ёсць антыбактэрыяльныя сурвэткі, але «дзесьці ў салоне згубіліся», і прадэманстравала набор масак, якія, па яе словах, мяняе кожныя дзве гадзіны, больш за тое – прапануе кліентам, якія сядаюць у машыну без масак.

У другім таксі, таксама са службы “Калі ласка”, у салоне ўсе былі ў масках, праўда, у вадзіцеля яна прыкрывала толькі рот, што, як вядома, рэзка зніжае эфектыўнасць яе выкарыстання. Быў у таксіста і антысептык (хаця бутэлечка з дазатарам была не падпісана). Трэба аддаць належнае Ганне Уладзіміраўне, якая ў добразычлівай форме патлумачыла, што павінна быць у наяўнасці ў машыне, і параіла таксісту пры разліку з кліентамі карыстацца пальчаткамі.
На вуліцы Кастрычніцкай рэйдавая група спыніла машыну службы “Яндэкс таксі”, вадзіцель якой быў у масцы, але не меў належнага набору дадатковых масак і антысептыкаў.

Ён спяшаўся на выклік, але паспеў выслухаць тлумачэнне спецыяліста санслужбы. А ў адказ патлумачыў сваю пазіцыю: пры пасадцы пасажыраў ён раіць ім надзець маску. Калі ж кліенты адмаўляюцца, то не вельмі хвалюецца.
— Гэта, лічу, іх права, — з усмешкай адказаў таксіст, відаць, занадта ўпэўнены ў моцы свайго імунітэту.
Але нагадаем: з увядзеннем абавязковага масачнага рэжыму санітарна-эпідэміялагічная служба атрымала права не проста рэкамендаваць усім карыстацца сродкамі індывідуальнай аховы ў грамадскіх месцах (магазінах, аптэках, аддзяленнях банкаў, сувязі, аб’ектах бытавога абслугоўвання, адміністрацыйных будынках, грамадскім транспарце, у тым ліку і таксі), але і прыцягваць да адказнасці кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання, якія дапускаюць невыкананне прынятага рашэння.

Канчатковай кропкай нашага маршруту стала аўтастанцыя: менавіта там на асобнай пляцоўцы чакалі кліентаў пружанскія таксісты з розных службаў. Кожны з іх з непрыхаванай весялосцю вытрымаў першую “праверку” кантралёраў (калі можна назваць праверкай прафілактычную гутарку) і паабяцаў, што ў наступны раз салон таксі будзе ўкамплектаваны згодна з “пратаколам”, а кліентам, якія наперакор патрабаванню санслужбаў вырашаць ехаць без маскі, яны скажуць рашучае: “Не”. Нам заставалася толькі паверыць іх словам і нагадаць, што смяецца той, хто смяецца апошнім: наступны рэйд адбудзецца дакладна без жартаў.
З рэйдавай групай за сітуацыяй сачыла Алена Зялевіч.

Нагадваем, што маску абавязаны надзяваць кожны, хто наведвае гандлёвыя цэнтры, крамы, аб’екты грамадскага харчавання (за выключэннем часу непасрэднага прыёму ежы), аптэкі, установы аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, адукацыі, спартыўныя аб’екты, ад-міністрацыйныя будынкі, аддзяленні банкаў, сувязі, аб’екты бытавога абслугоўвання, установы культуры і інш., а таксама ездзіць у грамадскім транспарце.