Суббота, 16 января 2021

Сям’я Пухнарэвічаў: «Гарадское жыццё — не для нас»

622

Вялікія шматлюдныя вёскі, за выключэннем аграгарадкоў, сёння, бадай, з’яўляюцца рэдкасцю. Шмат выміраючых вёсак і на Ружаншчыне. Абсалютна пустая вуліца, закінутыя дамы, ніводнай машыны і чысцейшае паветра. З некалькіх дзясяткаў хат, што налічваліся ў пяцідзясятых-шасцідзясятых гадах мінулага стагоддзя ў Буцьках, сёння святло гарыць не больш як у пяці. Ды і ў тых жывуць толькі пенсіянеры. У адной з іх — сям’я Пухнарэвічаў.
Прыгожы вясковы домік, дагледжаны падворак. На парозе сустракаюць гаспадары. Здзіўленыя нечаканым гасцям, сціпла гавораць пра сябе:
— Мы ж нічым не вылучаемся ад іншых. Дзень пражылі — і тое добра.

Вера Мікалаеўна і Уладзімір Міхайлавіч з простых сялянскіх сем’яў, дзе на кавалак хлеба зараблялі цяжкай працай на зямлі. Яна — з суседніх Калазубаў. Ён усё сваё жыццё пражыў у Буцьках.
— Старая бацькоўская хата стаяла ў іншай частцы вёскі, — расказвае гаспадар. — Сям’я ў нас была вялікая — ажно 13 дзяцей, і хаця цяснота — не крывота, але бацька (ён, да слова, быў будаўніком) усё-такі вырашыў, як сёння кажуць, пашырыць жылплошчу. Так на ўскрайку Буцькоў у 1954 годзе і з’явіўся гэты дом. Мы з жонкай і па сённяшні дзень жывём тут.
Да слова, пенсіянерам Пухнарэвічам пайшоў ужо восьмы дзясятак, хаця выглядаюць яны маладжава.
— Мы ж аднагодкі — абодвум па 73 гады, — расказваюць муж і жонка. — Больш за тое, у адзін клас хадзілі. Так што, лічыце, разам з дзяцінства.
Субяседнікі быццам вяртаюцца на дзясяткі гадоў назад: з гумарам згадваюць школьныя гады, як удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці…
— Я яшчэ ў школе заляцаўся да сваёй палавінкі, — з пяшчотай паглядае на спадарожніцу жыцця сівы мужчына. — Пасля восьмага класа, праўда, давялося ненадоўга разысціся. Каб не сядзець у бацькоў на шыі, пайшоў працаваць.

Уладзімір Міхайлавіч пачаў свой працоўны шлях механізатарам у мясцовай гаспадарцы. Але, акрамя «корачак» механізатара, атрыманых у СПТУ, у яго за плячыма яшчэ і курсы баяністаў. Так, у працоўнай біяграфіі У.М.Пухнарэвіча ёсць старонка, якая тычыцца працы ў галіне культуры.
— Гэта было ажно ў далёкім 1972-м годзе. Заўважыўшы артыстычныя таленты, мяне ад гаспадаркі накіравалі на курсы. Але неўзабаве я ўсё-такі развітаўся з клубам: зарплата мастацкага кіраўніка была ўсяго 62 рублі. А вазьмі пражыві за гэтыя грошы! Ды і пра дапамогу ад калгаса адразу давялося забыць: калі не работнік калгаса, то нават тэхніку, каб дровы прывезці, не атрымаеш.
Каб звольніцца з клуба, Уладзіміру Міхайлавічу некалькі разоў давялося пісаць адпаведную заяву тагачаснаму начальніку аддзела культуры Яворскаму — не хацелі адпускаць. У рэшце рэшт ён усё-такі вярнуўся ў родны калгас «1 Мая».

А вось Вера Мікалаеўна адразу пасля школы звязала сваё жыццё з культурай: ёй прапанавалі пасаду загадчыцы мясцовага клуба.
— Магчымасці вучыцца на дзённай форме ў мяне не было: мама гадавала нас адна — калі таты не стала, мне не было яшчэ і дзесяці гадоў. Паступіла ў педінстытут на бібліятэчнае аддзяленне, а заканчвала інстытут культуры, які толькі-толькі пабудаваўся і быў вылучаны ў асобную ВНУ.
Жанчына прысвяціла сябе бібліятэчнай справе. Так яна гаворыць пра любоў да кнігі:
— У той час, як я хадзіла яшчэ ў школу, асвятленнем распараджаўся калгас, які яго і аплачваў. Святло гарэла ў хатах роўна да поўначы. Але я настолькі любіла кнігі, што для мяне гэта не было перашкодай: брала ліхтарык і пад коўдрай, каб маці не заўважыла, працягвала чытаць. Што тады чыталі? Класікаў: Пушкіна, Лермантава… Як самай заўзятай наведвальніцы бібліятэкар рабіла для мяне выключэнне і давала кнігі, разлічаныя для старэйшага чытача: прыгоды, вандроўкі, гістарычныя творы. Я і сёння час ад часу наведваюся ў бібліятэку, каб што-небудзь пачытаць.

Ён — гаваркі, з добрым пачуццём гумару. Яна — разважлівая, спакойная. Вось ужо без малога паўстагоддзя як Вера Мікалаеўна і Уладзімір Міхайлавіч разам.
— Як шлюбам пабраліся, абяцаў Веры, што буду яе на руках насіць, але сёння здароўе не дазваляе і на плячах паднесці, — нягледзячы на шматлікія хваробы, якія пачалі з узростам чапляцца да пенсіянера, ён не губляе пачуцця гумару.
Аддаляцца адзін ад аднаго ўсе гэтыя гады мужу і жонцы не дазвалялі не толькі агульныя клопаты, але і агульныя інтарэсы, узаемапавага і шчырыя пачуцці.
— Як на ўсё знаходзілі час, цяпер і самі здзіўляемся. Ён дацямна працаваў у полі, у мяне ў клубе працоўны дзень заканчваўся толькі ў дзесяць гадзін вечара. Дзяцей гадавалі. А яшчэ і на рэпетыцыі хору хадзілі.
Уладзімір Міхайлавіч актыўны і ў грамадскім жыцці, нават быў дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў. Пазней, на заслужаным адпачынку, з’яўляўся старастам у вёсцы, толькі калі пачаліся праблемы са здароўем — адмовіўся.

Дзве каровы, свінні, авечкі… Вялікая гаспадарка і ўся звязаная з ёй цяжкая работа засталіся ў мінулым. Цяпер на падворку засталіся толькі куры ды гусі. Пенсіянеры гавораць, ужо адпрацавалі сваё: няма ні сіл, ні здароўя. Тым не менш, муж з жонкай не прывыклі сядзець без справы: наводзяць парадкі каля хаты, у сезон корпаюцца ў агародзе. Уладзімір Міхайлавіч славіцца ў наваколлі як умелец, які пляце прыгожыя кошыкі і вяжа якасныя венікі.

— А чым у вёсцы бавіць доўгія зімовыя вечары? Кожны бярэцца за сваё: хто чытае, хто пляце.
Амаль кожныя выхадныя смехам і радасцю напаўняецца сельская хатка Пухнарэвічаў: з горада на святло агеньчыка бацькоўскай хаты прыязджаюць сыны з сем’ямі.
У свой час прапаноўвалі сям’і перабрацца ў цэнтр гаспадаркі, але Пухнарэвічы вырашылі застацца ў невялічкіх Буцьках.
— Была магчымасць пераехаць нават у Мінск, — зазначаюць Вера Мікалаеўна і Уладзімір Міхайлавіч, — але мы выключна сельскія жыхары. Гарадское жыццё — не для нас.

Марына Вакульская, фота Сяргея Талашкевіча