Четверг, 29 июля 2021

26 лістапада сваё 70-годдзе адзначыць народны майстар Рэспублікі Беларусь Марыя Кулецкая!

542

Хто самая вядомая нянька на свеце? Дарослыя, напэўна, адкажуць, што Арына Радзівонаўна, якая выхоўвала Пушкіна. А вось у нашых дзяцей на гэты конт іншае меркаванне: яны скажуць, што яе завуць Марыя Мікалаеўна Кулецкая, якая выхавала не адно пакаленне таленавітых пружанцаў. 26 лістапада народны майстар Рэспублікі Беларусь адзначыць сваё 70-годдзе.

Днямі Марыя Кулецкая прымала віншаванні ад самых адданых сваіх сяброў – удзельнікаў вакальнай групы “Забава” Пружанскага аўтаклуба

і чытачоў раённай дзіцячай бібліятэкі, у якой працавала на працягу 15 год. Менавіта тут у поўнай меры раскрыўся талент Марыі Мікалаеўны як мастака-афарміцеля, здольнага зрабіць прыгажосць з простых падручных матэрыялаў. Яе рукамі ў бібліятэцы створаны знакаміты “Чароўны куфэрак”, казачны Гулівер з кнігамі для малодшых школьнікаў, дэкаратыўная “Просьба кнігі”, мноства іншых упрыгожанняў інтэр’ера. У прыватнасці, трыпціх “Птушкі”, выкананы ў старажытнай тэхніцы роспісу па шкле, заўсёды прыцягвае ўвагу наведвальнікаў.
Марыя Мікалаеўна некалькі год кіравала ў чытальнай установе лялечным гуртком, праводзіла гадзіны мастацтва, падчас якіх расказвала маленькім чытачам пра традыцыйны народны жывапіс, саломапляценне, вышыўку, разьбу па дрэве, ткацтва, выцінанку і, канечне, роспіс па шкле.
Вось і на імпрэзе яна расказала, як навучылася плесці з саломкі: “Быў спякотны дзень. І я вырашыла сплесці сабе капялюш ад сонца. Набрала саломы і думаю, з якога боку да яе падысці. І раптам пальцы, быццам і не мае, самі сталі сплятаць саломінкі паміж сабою…”
Так было з саломкай, так атрымалася з выцінанкай, ткацтвам паясоў і многімі іншымі відамі народнага мастацтва. Марыя Мікалаеўна асвойвала іх сама, а потым вучыла ўсіх жадаючых.

За сваю творчую кар’еру яна нікому не адмовіла ў дапамозе, на ўсіх у яе хапае часу.

Дзякуй, нянька-майстрыха, за свет прыгажосці, зроблены тваімі працавітымі рукамі!