Суббота, 16 января 2021

Трэнер па хакеі Ілья Ільяшэвіч: «Трэба проста ставіць мэту і ісці да яе»

394

Трэнер па хакеі Ілья Ільяшэвіч займаецца з пружанскімі хлопчыкамі ў ДЮСШ №2 толькі з верасня, але сама лядовая пляцоўка яму вельмі добра знаёмая: менавіта тут ён сам вырас як спартсмен. Наша чарговая размова сёння пра тое, як дзіцячае захапленне дало спецыяльнасць, навучыла паспяхова сумяшчаць спорт і вучобу, дапамагло выпрацаваць спартыўныя якасці.

— Як ты прыйшоў да выбару прафесіі?
— Пачынаць трэба з самага дзяцінства. Калі мне было восем гадоў, мой сябар запісаўся ў секцыю па хакеі. Зразумела, мне таксама захацелася і я адразу пайшоў угаворваць тату, а ўжо праз паўгадзіны мы з ім імчалі ў Лядовы палац, куды паспелі да завяршэння трэніроўкі. З таго часу я ў спорце. У старэйшых класах пытанне аб месцы паступлення нават не ўзнімалася: я мэтанакіравана рыхтаваўся стаць студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры і спорту. Адзначу, што гэта не адзіная ВНУ такога профілю, але менавіта ў БДУФС найбольшы выбар спецыяльнасцей.

— Як праходзіла падрыхтоўка да паступлення?
— У 10-м класе Слабадской СШ я абраў хіміка-біялагічны профіль, каб больш дасканала вывучаць біялогію, якая патрэбна для паступлення. На рэпетытараў у мяне проста не было часу. Штодня ўсе гэтыя гады я ездзіў са Сланімцоў на трэніроўкі ў Пружаны (спачатку вазілі бацькі, потым на грамадскім транспарце, а ў добрае надвор’е нават на веласіпедзе). Урокі зрабіць стараўся да трэніроўкі, пасля на гэта магло і не быць сіл, да таго ж, я выконваў спартыўны рэжым (дзякуючы строгаму тату) і клаўся спаць не пазней за 22.00 гадзіны.
Як правіла, юныя спартсмены прапускаюць шмат урокаў з-за спаборніцтваў, збораў і г.д., таму частку матэрыялу даводзілася засвойваць самастойна. Канечне, гэта ўскладняе падрыхтоўку, трэба быць вельмі адказным і мець перад сабой мэту, каб не ленавацца і не пускаць усё на самацёк. Я здаў ЦТ не так добра, як мне хацелася, але набраных балаў хапіла, каб стаць студэнтам факультэта лячэбнай фізкультуры.

— Ці ёсць нейкія асаблівасці ў вучобе спартсменаў?
— У той час я вучыўся на дзённым аддзяленні і гуляў у ХК “Юнацтва». Праз два гады ўжо стаў гульцом ХК «Брэст», і гэта прымусіла мяне перавесціся на завочную форму навучання, у той жа час я вырашыў і змяніць спецыяльнасць — на трэнерскую работу. Сярод іншых адметнасцей – фізічныя нагрузкі, але для тых, хто ў спорце з дзяцінства, гэта зусім не страшна. Асабіста мне цяжка даваліся дысцыпліны, якія маюць малое дачыненне да маёй прафесіі: філасофія, эканоміка і некаторыя іншыя. А ў астатнім як было і ў школе: жадаеш сумяшчаць спорт і вучобу – плануй свой дзень і не марнуй час на тое, што табе не патрэбна.

— У чым заключаецца работа трэнера?
— Я працую з дзецьмі 2009-2010 гадоў нараджэння, а гэта хлопцы, якія ўжо гадоў пяць у спорце. Лічу галоўнай сваёй задачай знайсці падыход да кожнага. У гэтым узросце яны прыблізна аднолькава развіты фізічна, а вось псіхалагічна – усе розныя. Трэба адчуць, каго больш варта хваліць, каго лепш лішні раз паўшчуваць. Наогул мне падабаецца трэнерская работа: я добра памятаю сябе ў іх узросце, разумею, чаго яны жадаюць, якія ў іх мэты. Хлапчукоў лічу сваёй новай камандай.
Калі казаць канкрэтна: спачатку трэба напісаць план кожнай трэніроўкі, пасля ўвасобіць яго ў зале і на лёдзе. Сумяшчаю свой уласны практычны вопыт з тэорыяй, якую атрымаў ва ўніверсітэце.

— Каму б ты параіў выбіраць такую прафесію?
— Спортам могуць займацца толькі людзі з моцным характарам. Ні саперніку, ні дзіцяці, якое толькі стала на лёд, не дакажаш, што ты — моцны, калі, на самай справе, слабы духам. Нельга ў спорце і без такой якасці, як мэтанакіраванасць. Прафесійны спорт – гэта штодзённая праца. Нельга расслабляцца і на трэнерскай пасадзе: у час, калі няма трэніровак, я наведваю трэнажорную залу, плаваю ў басейне. Я павінен быць прыкладам для сваіх выхаванцаў.

Гутарыла Кацярына Пашкевіч, фота Сяргея Талашкевіча