Суббота, 5 декабря 2020

Пружанскі малочны камбінат вярнуўся з выставы
«Прадэкспа-2020» з чатырма ўзнагародамі!

672

Гран-пры, сярэбраны медаль і два дыпломы — такімі ўзнагародамі была адзначана прадукцыя і работа калектыву ААТ «Пружанскі малочны камбінат» на конкурсе, які прайшоў у рамках спецыя-лізаванай выставы-кірмашу «Прадэкспа-2020», у Мінску на мінулым тыдні.

З узнагародамі, прывезенымі з «Прадэкспа-2020», начальнік сыраробнага цэха С.А.Казак, вядучы інжынер-тэхнолаг, мікрабіёлаг А.М.Баршчэўская, галоўны спецыяліст па збыце і забеспячэнні Л.П.Туціна, інжынер-тэхнолаг Т.У.Шопік, старшы майстар участка вытворчасці масла Н.М.Вакульская

Спецыялізаваная аптовая выстава-кірмаш «Прадэкспа» сёлета праходзіла 26-ы раз. За чвэрць стагоддзя яна стала сур’ёзнай пляцоўкай для ключавых гульцоў на рынку харчовай індустрыі. Свае тавары на ёй прадстаўляла больш за 80 прадпрыемстваў мясамалочнай, хлебабулачнай і харчовай прамысловасці.
Прэзентавала сваю прадукцыю і ААТ «Пружанскі малочны камбінат». Пружанцы ўразілі наведвальнікаў выставы прыгажосцю сваёй экспазіцыі. Але, як заўсёды, стаўка была зроблена на прадукцыю.

— Выставу наведваюць і звычайныя спажыўцы, якім мы не проста рэкламавалі вынікі агульнай работы калектыву малкамбіната, але і давалі магчымасць прадэгуставаць нашы сыры, — расказвае інжынер-тэхнолаг Таццяна Шопік. — І мяркуючы па водгуках, тыя, хто ўпершыню каштаваў нашу прадукцыю, абавязкова далучацца да шэрагаў пастаянных пакупнікоў. Некаторыя наведвальнікі стэнда прызнаваліся, што яны — адданыя спажыўцы пружанскіх сыроў: хаця і выбралі сярод іх свой любімы (а ў нас, да слова, на сённяшні дзень толькі сыроў вырабляецца каля 50 відаў), але ўсё роўна сочаць за навінкамі.

На конкурс пружанцы прадставілі прадукцыю, якая ўжо карыстаецца попытам у спажыўца за свае высокія якасці і смак. Некаторая ўжо адзначалася ўзнагародамі розных конкурсаў.

Выставачная экспазіцыя ААТ «Пружанскі малочны камбінат» на «Прадэкспа-2020».

— Апошнім часам стаўка робіцца на новую лінейку сыроў «VAN GOLD», якая ўвабрала ў сябе дух еўрапейскай даўніны і беражліва захоўваемых традыцый. Гэта надае прадукту вытанчаную прэміяльнасць — як у часы, калі вытворчасць была ручной і за якасць вырабляемай прадукцыі гаспадар сыраварні мог паручыцца ўласным імем, — з веданнем справы расказвае начальнік сыраробнага цэха камбіната Святлана Казак. — У выніку карпатлівай працы, дзякуючы назапашанаму вопыту, адаптацый еўрапейскіх тэхналогій, а іх нашы спецыялісты вывучаюць у тым ліку падчас паездак за мяжу, пад беларускія ўмовы вытворчасці, нашы майстры-сыравары змаглі зрабіць новыя пазіцыі сыроў, смак і пах якіх знаходзяцца на ўзроўні еўрапейскіх шэдэўраў.

Журы, у склад якога ўвайшлі эксперты ў сваёй галіне, ацаніла чатыры прадукты, прадстаўленыя на яго суд. У прыватнасці, «MAASDAM» — адзін з найбольш папулярных і запатрабаваных сыроў гандлёвай маркі «VAN GOLD» — у сваёй намінацыі аказаўся адзначаны самай высокай узнагародай дэгустацыйнага конкурсу «Прадэкспа-2020. Традыцыі. Якасць. Інавацыі». Як зазначае сам вытворца, ён прыцягвае ўвагу спажыўцоў сваімі вялікімі шарападобнымі вочкамі, а затым сваю справу робіць салодка-арэхавы смак і фруктовы водар. Дарэчы, упершыню «MAASDAM» быў зроблены ў ХIV стагоддзі ў аднайменным галандскім гарадку. Спецыялістам нашага прадпрыемства ўдалося адаптаваць тэхналогію, захаваўшы лепшыя традыцыі вытворчасці гэтага шэдэўра сыраварства. Заўважу, што «MAASDAM» адносіцца да прадуктаў, рэкамендаваных для дыетычнага харчавання.
Невыпадкова дыпломам у намінацыі «Гонар маркі» быў адзначаны «ORIGINAL» — сыр, які робіцца па арыгінальнай італьянскай тэхналогіі з адборнага малака. Яго прадстаўляюць як прадукт з глыбокім і насычаным смакам, з цвёрдай і адначасова крохкай тэкстурай.
Не першую ўзнагароду бярэ на конкурсах і масла сметанковае «Сялянскае» з масавай доляй тлушчу 72,5%. На гэты раз яно заваявала сярэбраны медаль. Выпушчанае па захаванай традыцыйнай тэхналогіі, здаецца, яму сёння не патрабуецца рэклама.
Акрамя таго, Пружанскі малочны камбінат быў адзначаны спецыяльным дыпломам «Прадэкспа» за актыўнае прасоўванне прадукцыі на нацыянальным рынку і навінкі, прадстаўленыя на выставе.

Узнагароды дырэктару ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Аляксандру Лосю ўручалі намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыла і генеральны дырэктар РУП «НПЦ НАН Беларусі» Зянон Лоўкіс

На прадпрыемстве запэўніваюць, што, нягледзячы на папулярнасць навінак апошніх гадоў, якія заваявалі сэрцы і звычайных спажыўцоў, і экспертных членаў журы разнастайных конкурсаў, спыняць пошукі тэхналогій вырабу новых відаў сыроў не збіраюцца.
— Так на сённяшні дзень ужо і лінейка сыроў «VAN GOLD» уключае ў сябе дзесяць прынцыпова розных пазіцый. Спадзяёмся, што такімі ж запатрабаванымі стануць і нашы навінкі — звышцвёрдыя сыры з працяглым тэрмінам паспявання. Першыя іх галоўкі яшчэ даспяваюць і з’явяцца ў продажы толькі ў наступным годзе. Спадзяёмся, што гурманам яны прыйдуцца даспадобы, — гавораць на прадпрыемстве. — Што да якасці прадукцыі, мы ў ёй упэўнены на ўсе сто працэнтаў: пацвярджэнне таму — выбар пакупнікоў.

Парада ад вытворцы
Сыр «ORIGINAL»
Пададзены на стол разам з бакалам вытанчанага віна, гэты сыр годна ўпрыгожыць святочны стол. «ORIGINAL» багаты на вітаміны і мінеральныя злучэнні, цудоўна засвойваецца і з’яўляецца крыніцай каштоўнага канцэнтраванага бялку.
Можна дадаваць у салату, пасту і піцу.
Спалучаецца з мёдам, грушай, інжырам.
Сыр «MAASDAM»
Здаровы і карысны прадукт, які рэкамендуецца для дыетычнага харчавання. Яго саладкаваты арэхавы смак і фруктовы водар пераўтвораць любую страву ў далікатэс.
Што можна прыгатаваць з дадаваннем «MAASDAM»? Пасту, любімыя дэсерты, стравы з бульбы.
Спалучаецца з вінаградам, клубніцай, персікам.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ