Четверг, 3 декабря 2020

Свой 70-гадовы юбілей адзначыла Раіса Аляксандраўна Бульчук

439

Вялікаму караблю — вялікае плаванне, добраму чалавеку – шматлікія і прыгожыя віншаванні. 12 лістапада свой 70-гадовы юбілей адзначыла Раіса Аляксандраўна Бульчук. «Чалавек-іскра» — менавіта такім яркім эпітэтам узнагародзілі гэтую энергічную і жыццелюбівую жанчыну яе сябры, калегі і добрыя знаёмыя, якія ў мінулы чацвер звярталіся да яе з віншаваннямі. Без перабольшання, свята аднаго чалавека пераўтварылася ў свята для ўсіх.

Усіх Раіса Аляксандраўна цёпла сустракала, прымала віншаванні, кветкі, падарункі і ўсмешкі. “Наперадзе ў мяне — усё жыццё: тры маршчынкі — да радасці!”, — жартавала віноўніца ўрачыстасці і ў перапынках паміж віншаваннямі ледзь паспявала адказваць на шматлікія тэлефанаванні.
Адзначым, што за актыўны ўдзел у рабоце раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Р.А. Бульчук, якая за тры гады кіравання мясцовай “жаночай” пярвічкай вывела яе ў лік лепшых у раёне, была ўзнагароджана Падзячным лістом. Яго разам з падарункам уручыла старшыня раённага аб‘яднання БСЖ Наталля Сяргееўна Пракаповіч.

Р.А.Бульчук прымае віншаванні ад старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Н.С.Пракаповіч

Шчырыя віншаванні прагучалі таксама ад прадстаўнікоў Шарашэўскага сельвыканкама і Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, з якімі шмат гадоў актыўна супрацоўнічае Р.А.Бульчук.

Ці не самы нечаканы падарунак — значок “Ганаровы ветэран” — перадала жанчыне ад сваёй арганізацыі адказны сакратар раённага савета ветэранаў Таццяна Іванаўна Капіца, чым вельмі расчуліла віноўніцу ўрачыстасці. Паказальна, што на сённяшні дзень, акрамя юбіляркі, такую ўзнагароду мае толькі тры чалавекі ў раёне: ветэран Вялікай Айчыннай вайны І.М.Алякумаў, актывістка савета ветэранаў Н.Р.Васечка і былая старшыня Шарашоўскага пасялковага выканкама Н.А. Антановіч.
Дарэчы, Надзея Андрэеўна, якую разам з Раісай Аляксандраўнай аб’яднала доўгая сумесная праца ў “шарашоўскім матрыярхаце” (у другой палове ХХ стагоддзя большасць кіраўнічых пасад у сельсавеце займалі жанчыны), таксама не магла прамінуць святочную імпрэзу і павіншавала сяброўку:
— Раіса заўсёды была моцным рулявым. Яе арыгінальныя ідэі і амбіцыйныя планы заварожвалі, хоць часам і здаваліся завоблачнымі. Але яна ўмела пераконваць і заўсёды ўпэўнена ішла на крок уперадзе астатніх, менавіта таму ў яе ўсё і атрымлівалася. Прырода надзяліла гэтую жанчыну моцным характарам. Але лепшая рыса яе асобы — гэта спачуванне і суперажыванне. Раіса Аляксандраўна заўсёды там, дзе патрэбна дапамога. Яна заўсёды з людзьмі…

Нядзіўна, што сваю мару быць падобнай на Р.А. Бульчук выказалі многія госці, у тым ліку і дырэктар філіяла Пружанскага раённага спажывецкага таварыства “Колас” А.М. Старко, якая ўручыла падарунак ад старшыні праўлення Пружанскага РСТ і дадала, што Раіса Аляксандраўна стаяла каля вытокаў стварэння раённай спажывецкай кааперацыі і ўсе гады была прыкладам сапраўднага прафесіянала.
— Яна была ў курсе ўсіх спраў, планаў і тэндэнцый у гандлі, ведала надзённыя праблемы прадаўцоў і патрэбы спажыўцоў і ўмела наладжвала працоўны працэс. Шмат пераўтварэнняў было падчас яе кіраўніцтва ў гандлёвай сферы. У свой час у шарашоўскі ўнівермаг, які яна пэўны час узначальвала, атаварвацца прыязджалі нават з Пружан, — адзначыла Алена Мікалаеўна.

Дарэчы, па ўспамінах самой Раісы Аляксандраўны, прыгожы і прасторны ўнівермаг у Шарашэве стаў ці не самым яркім успамінам з першага знаёмства з пасёлкам.
— Ва ўсякім разе, сустрэць такі ў маленькім пасёлку я не чакала. Можа, таму столькі любові яму і аддала, — расказала юбілярка, якая ў 1969 годзе пасля заканчэння Гомельскага кааператыўнага тэхнікума прыехала на Пружаншчыну і ўладкавалася на працу ў мясцовае спажывецкае таварыства намеснікам старшыні па нарыхтоўках. Воляй лёсу засталася ў пасёлку назаўсёды. Тут набыла шмат сяброў, тут сустрэла сваё каханне, стварыла сям’ю, нарадзіла дзяцей, якія сталі паспяховымі людзьмі. Тут дачакалася ўнукаў…
Менавіта гэтаму кутку беларускай зямлі жанчына прысвяціла свае ўменні, талент і натхненне. Завочна закончыла Маскоўскі кааператыўны інстытут, узначаліла Шарашоўскае спажывецкае таварыства… Адметна, што з 1973 па 2010 год Раіса Аляксандраўна была нязменным дэпутатам мясцовага, а з 1998 па 2010 – і раённага Савета дэпутатаў. За гэты час правяла безліч мерапрыемстваў, дапамагла шматлікім людзям.

Працавітасці, адкрытасці і сумленнасці ёй было не займаць — так навучылі дзядуля з бабуляй. Раіса Аляксандраўна рана асірацела, калі матулі не стала, ёй было толькі шэсць месяцаў, а ў 13 не стала і таты. Менавіта таму так беражліва жанчына захоўвае матчыну хустку.
— Ёй столькі гадоў, колькі і мне. Мы, можна сказаць, з ёй сяброўкі. Калі цяжка бывае на душы — я ж чалавек, а не машына — накіну хустачку сабе на плечы і нібы адчуваю цяпло матуліных рук…
А госці свята ўвесь час адчувалі гасціннасць і цяпло душы Раісы Аляксандраўны, якая нават на развітанне падрыхтавала сюрпрыз — уручыла ўсім гасцям невялікія падарункі. Як аказалася, такія ж арыгінальныя “смачныя” вестачкі ад юбіляркі разляцеліся яшчэ па 130 адрасах. Пазней я даведалася, што такому звычаю раздаваць падарункі менавіта ў сваё свята паспрыяў адзін не вельмі прыемны выпадак з дзяцінства Раісы Бульчук.
— Калісьці на Новы год, — прызнаецца яна, — калі мне было толькі пяць гадкоў, я чамусьці не атрымала ў дзіцячым садку падарунка. Вельмі расхвалявалася тады. І дала сабе слова: заўсёды і паўсюль дары людзям падаруначкі, каб ніхто не крыўдаваў і ўспамінаў цябе толькі добрым словам… Ай, хопіць лірыкі. Яшчэ столькі спраў наперадзе!

Алена ЗЯЛЕВІЧ