Пятница, 29 марта 2024

Раённы аўтапрабег «За адзіную Беларусь!» прайшоў па пружанскіх дарогах

1 099

Калона з амаль двух дзясяткаў аўтамабіляў пад чырвона-зялёнымі сцягамі праехала праз многія населеныя пункты Пружаншчыны. Маршрут аўтапрабегу складаўся такім чынам, каб кожны прыпынак быў каля брацкіх пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Трэба прызнаць, што наведаць удалося далёка не ўсе падобныя памятныя мясціны (іх у раёне 56), за пяць гадзін удзельнікам мерапрыемства ўдалося пабываць і ускласці кветкі да 13 з іх.

Ля кожнага затрымаліся мы на непрацяглы час, каб аддаць даніну памяці тым, хто ахвяраваў жыццём дзеля нашай сённяшняй будучыні. Калядзічы, Байкі і Манчыкі, гарадскі пасёлак Ружаны і Курган Славы побач з ім, Шэйпічы, Зеляневічы і Лыскава, Сілічы, Казлы, Мокрае, Парасляны.

Канчатковым прыпынкам стаў помнік «Спаленым вёскам» у Пружанах. У выніку мы здолелі праехаць больш за 130 кіламетраў https://www.youtube.com/watch?v=y16Qinih0lo. Усюды ўскладалі кветкі і праводзілі мінуты маўчання.

Відавочна, што на тое, каб аб’ехаць усе брацкія пахаванні, спатрэбілася б не менш за тыдзень. Але гэта толькі дае падставу планаваць падобныя аўтапрабегі ў наступным.
Для чаго гэта трэба? Магілы, курганы, помнікі і сумныя надпісы на іх прымушаюць нас задумацца аб тым, які мір мы будуем сваім дзецям. Як зазначыў намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч, яны нагадваюць нам пра наступствы той сітуацыі, калі «змаўкаюць дыпламаты і пачынаюць гаварыць гарматы». Наша краіна, як ні адна іншая ў свеце, дакладна ведае, што адбываецца ў выніку. Здаецца, калі б паўсталі тыя, хто пахаваны ў брацкіх магілах, то ў адзін голас заклікалі б сваіх нашчадкаў захоўваць мір. Нягледзячы на разнастайнасць палітычных меркаванняў або супрацьлеглыя эканамічныя погляды, усе пытанні можна вырашаць мірна, не падзяляючы навакольных на «сваіх» і «ворагаў», не правакуючы сілавікоў, не замінаючы іншым жыць так, як ім хочацца, а не так, як «правільна».


Наша зямля перажыла нямала трагічных падзей. І менавіта Пружаншчына перанесла найбольшыя пакуты ў 1941-44 гады. Загінулі не толькі тыя, хто са зброяй у руках супрацьстаяў ворагу: калі падлічыць колькасць расстраляных мірных жыхароў, то іх будзе па трое на аднаго загінулага салдата. Іх расстралялі, бо яны мелі іншыя погляды, ім не патрэбна была вайна. Яны гадавалі дзяцей, будавалі дамы і ўкладвалі сілы ў росквіт роднага краю. Яны проста жылі.
Пра гэта ўдзельнікам аўтапрабегу, а праз іх з просьбай данесці да іншых звярнулася жыхарка г.п.Ружаны А.Я. Чаблыкава, мясцовая індывідуальная прадпрымальніца, якая вырашыла далучыцца да мітынгу ля помніка на пасялковай плошчы 17 Верасня. Алена Яўгенаўна разам са сваёй сястрой прыехала ў Беларусь ужо дарослай. Жанчына пабачыла, як жывуць людзі ў іншых месцах і мае магчымасць параўноўваць.
— Нідзе так спакойна і мірна, як у Беларусі, няма,— зазначыла жыхарка пасёлка.— Навошта разбураць добры дом, дзе кожнаму ёсць чым займацца і ўсім хапае месца? Што беларусам дзяліць? Веру? Гісторыю? Зямлю? Усё ж гэта толькі яднае мясцовых людзей, якія выраслі літаральна з аднаго кораня. Таму і разам павінны выступаць за Беларусь!

Памяць продкаў таксама павінна аб’ядноўваць нас. Што выдатна разумеюць на дзяржаўным узроўні і падтрымліваюць любую ініцыятыву, накіраваную на гэта. У якасці прыкладу варта прывесці добраахвотныя ахвяраванні, пералічаныя падчас суботнікаў: на працягу некалькіх апошніх гадоў пераважная частка сабраных грошай разам з фінансаваннем з раённага бюджэту ішла на добраўпарадкаванне памятных мясцін часоў Вялікай Айчыннай вайны. За 2018-2020 гады былі адрамантаваны ўсе абеліскі і стэлы, наведзены парадак на прылеглых тэрыторыях, дзякуючы чаму помнікі 50-60-гадовай даўнасці займелі абноўлены выгляд. «Мы павінны гэта рабіць, павінны паказваць іншым прыклады, на якіх варта вучыць дзяцей», — падкрэсліў Р.В.Супрыновіч. І наўрад ці гэта можна аспрэчыць, бо мы ўсе і паасобку хочам жыць у спакойнай краіне.

Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)