Суббота, 5 декабря 2020

Гісторыя аднаго экспаната: “Алімпійскі Мішка”

142

Сярод калекцый у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” значнае месца займае фалерыстычная — калекцыя значкоў і медалёў, якая налічвае 124 экспанаты. Да аднаго з іх — “Алімпійскага Мішкі” – у мяне асаблівае стаўленне: у дзяцінстве была падобная цацка, шкада толькі, што яна не захавалася. А зараз у музеі гляджу на гэты значок — і адразу ўспамінаю дзяцінства. Я ўпэўнена, чытачы майго пакалення мяне абавязкова зразумеюць…

Цікава, што мядзведзь традыцыйна выступае ў многіх народных казках. Яму ўласцівы такія якасці, як сіла, упартасць. Менавіта таму арганізацыйны камітэт маскоўскай Алімпіяды 1980 года і абраў яго ў якасці талісмана гульняў.
Легендарнага алімпійскага Мішку намаляваў мастак Віктар Чыжыкаў. Ён зрабіў каля сотні малюнкаў выявы мядзведзя, і адзін з іх вельмі спадабаўся камісіі конкурсу. Але не хапала галоўнага — алімпійскай сімволікі. Тады мастак прыдумаў хітры ход: начапіў на Мішку пояс са спражкай у выглядзе тых самых пяці кольцаў. Так Мішка афіцыйна быў зацверджаны сімвалам Алімпіяды-80.
Талісман друкавалі на вымпелах і плакатах, ён не сыходзіў з першых палос газет, нават пераўтварыўся ў паштовую марку. І, вядома, у мільён цацак. Адна з іх — сапраўдны аэрастат “Алімпійскі Мішка” — мела васьміметровы рост. Яна была створана ў горадзе Загорску (цяпер — Сергіеў Пасад) са спецыяльнай прагумаванай тканіны і напаўнялася геліем, надзіманыя лапы мядзведзя да тулава мацаваліся пры дапамозе шарніраў.
Падчас цырымоніі ўрачыстага закрыцця Алімпійскіх гульняў, якая праходзіла на Цэнтральным стадыёне імя У. І. Леніна, на ўсходняй трыбуне стадыёна размяшчаўся арыгінальны «экран». Яго стварала 4,5 тысячы чалавек, якія трымалі ў руках каляровыя шчыты і па камандзе змянялі іх, ствараючы ўсё новыя і новыя маляўнічыя мазаічныя карціны. Пасля таго, як алімпійскі агонь згас, на гэтым «экране» паўстала выява алімпійскага Мішкі, з’явіўся надпіс “У добры шлях!” і з вачэй мядзведзіка пакацілася сляза. А вялізная гумавая лялька-талісман пад песню “Да пабачэння, Масква” ўзнялася над стадыёнам на 24 рознакаляровых паветраных шарах, памахала гледачам на развітанне лапай і павольна паляцела ў начное неба. Відовішча было настолькі кранальным, што і гледачы, і ўдзельнікі Алімпіяды не змаглі ўстрымацца ад слёз.
Праз некалькі гадзін ляльку-талісман знайшлі на Вараб’ёвых гарах і адвезлі на склад.
Ужо восенню 1980 года да савецкага ўрада звярнулася адна заходнегерманская фірма з прапановай купіць гумавага Мішу за 100 тысяч нямецкіх марак. Фірме было адмоўлена. Некаторы час Мішка выстаўляўся ў павільёне “Юны тэхнік” ВДНГ, а потым неяк “згубіўся” ў падвалах алімпійскага камітэта…

Марына Каўтунюк,
галоўная захавальніца
фондаў музея-сядзібы “Пружанскі палацык”