Четверг, 29 июля 2021

У Палацы культуры ўшанавалі лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу

1 248

У гарадскім Палацы культуры прайшло ўшанаванне работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці Пружаншчыны.
У хлебаробаў Пружанскага раёна сёлета былі ўсе падставы для таго, каб сустрэць сваё прафесійнае свята ў добрым настроі. Як зазначыў у сваёй віншавальнай прамове старшыня райвыканкама Юрый Бісун, які адкрыў мерапрыемства, сёлета нашы аграрыі зрабілі важкі ўклад у эканоміку краіны і яе харчовую бяспеку.

«Падводзячы вынікі сельскагаспадарчага года, завяршэнне якога па традыцыі прыпадае на прафесійнае свята, хочацца падзякаваць вам. І ёсць за што, бо аграпрамысловы комплекс раёна ўвогуле апошнім часам дасягае выдатных вынікаў. Сёлета першымі сто тысяч тон збожжа сабралі нашы аграрыі, Пружанскі раён стаў другім па вале і аддачы збожжавага палетка — больш за 143 тысячы тон збожжа — рэкордны ўраджай у гісторыі раёна.

З кожнага гектара сабрана ў сярэднім па 45,7 цэнтнера», — падкрэсліў кіраўнік раёна, звяртаючыся да перадавікоў галіны.

Высока ацэнена праца пружанскіх аграрыяў у вобласці і ў рэспубліцы. Кіраўнік спраў Брэсцкага аблвыканкама Георгій Хвалько, які прыехаў павіншаваць работнікаў АПК, падкрэсліў іх найбольш значныя дасягненні: «Больш за 65 цэнтнераў збожжа сёлета атрымала з аднаго гектара ААТ «Велікасельскае Агра». Яшчэ гадоў з дзесяць таму такая ўраджайнасць здавалася фантастыкай, ды для многіх гэтая лічба і сёння недасягальная. Адзін з самых высокіх паказчыкаў па валавым зборы малака ў рэспубліцы — у Пружанскім раёне…».

Дзясяткі чалавек: экіпажы камбайнераў, вадзіцелі, якія працавалі на перавозцы збожжа, работнікі зернесушыльных комплексаў, тыя, хто працуе на нарыхтоўцы кармоў і на вытворчасці алею з насення рапсу, — былі адзначаны па выніках не толькі раённых, але і абласных спаборніцтваў. У прыватнасці, Пружанскі раён быў прызнаны на Брэстчыне пераможцам за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці алею з насення рапсу, сярод таварыстваў вобласці ў гэтай намінацыі другое месца заняло ААТ «Агра-Калядзічы» (дырэктар А.І.Пішч). Сярод пераможцаў, узнагароджаных дыпломамі аблвыканкама, — Сяргей Сахарук, Аляксандр Баран і Аляксандр Васюковіч з ААТ «Жураўлінае», Сяргей Струк з ААТ «Ружаны-Агра».

За дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці збожжа і найбольшую прадукцыйнасць збожжавых культур з улікам бала ўрадлівасці ворыва па якаснай адзнацы, завяршэнне ўборкі ранніх каласавых культур пры ўмове якаснай уборкі ў ліку пераможцаў у раёне аказаліся «Ружаны-Агра» (дырэктар А.М.Бурдук), і філіял «Аграэнерга Зеляневічы» РУП «Брэстэнерга» (дырэктар І.А.Ярашэвіч). За дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы кармоў — ААТ «Агра-Калядзічы» (дырэктар А.І.Пішч), ААТ «Жураўлінае» (дырэктар Д.М. Якутчык) і ААТ «Ружаны-Агра» (дырэктар А.М.Бурдук).


Акрамя таго, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь быў адзначаны дырэктар ААТ «Агра-Калядзічы» Аляксандр Пішч, Граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання — галоўны эканаміст ААТ «Жураўлінае» Тамара Сакалоўская, Падзячным пісьмом Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання — галоўны аграном ААТ «Пружанскае» Пётр Федасюк, Граматай аблвыканкама — вадзіцель ААТ «Пружанскае» Аляксандр Кліндухаў, Падзячным пісьмом аблвыканкама — асемянатар ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» Ніна Касюк, Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў — трактарыст-машыніст ААТ «Роўбіцкае» Сяргей Цабрук, Падзячным пісьмом абласнога Савета дэпутатаў — загадчык машыннага двара ААТ «Ружаны-Агра» Анатоль Паўловіч, Граматай ГА «Беларускі фонд міру» — дырэктар ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Аляксандр Лось…

Яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек, якія ў мінулыя выхадныя адзначалі сваё прафесійнае свята, атрымала Граматы і Падзячныя лісты райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. Лепшых адзначыла і ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.

Сярод іх — вадзіцелі, трактарысты-машыністы, эканамісты, жывёлаводы, іншыя працаўнікі АПК. Усяго заслужаныя ўзнагароды атрымала каля паўтары сотні чалавек.

Святочнасць мерапрыемству, як заўсёды, надалі самадзейныя артысты.

Сярод танцораў і спевакоў былі ўзорныя ансамблі танца «Круцёлачкі» і «Рубікон», тэатр танца «Ойра», вакальны гурт «Ваколіца» і многія іншыя.

Больш здымкаў тут: https://ok.ru/budni/album/909649494664
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).