Воскресенье, 20 июня 2021

Трымайце дыстанцыю! Сацыяльную

540

З-за хуткага тэмпу жыцця і бурнага развіцця тэхналогій людзі сталі менш сустракацца і кантактаваць паміж сабой. І калі ў псіхалагічным плане гэта дрэнна, то ў час пандэміі аддаленне – сацыяльная дыстанцыя – толькі на карысць здароўю. Наколькі эфектыўная такая мера прафілактыкі вірусных інфекцый, мы пагутарылі са спецыялістамі.

Паўтара метра бяспекі
Тэрмін «сацыяльная дыстанцыя» – шматзначны і не новы. Сёння пад ім, часцей за ўсё, разумеюць адлегласць, якая не дае распаўсюджвацца інфекцыям, што перадаюцца паветрана-кропельным шляхам. Варта сказаць, што ў Кітаі, Францыі і Даніі лічаць, што для прафілактыкі інфекцыі дастаткова трымацца ў метры адзін ад аднаго. Сацыяльная дыстанцыя ў ЗША складае 1,8 метра. У нашай краіне рэкамендуецца захоўваць дыстанцыю ў 1,5 метра. Урач-эпідэміёлаг Пружанскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі А.С.Браніцкая адзначае, што менавіта такая адлегласць перашкаджае распаўсюджванню бактэрый, якія выдзяляюцца пры чханні і кашлі. Яе і трэба захоўваць у грамадскіх месцах.

У паліклініцы
Установы аховы здароўя – месцы, дзе па-асабліваму ставяцца да гігіены. Загадчыца Пружанскай паліклінікі В.П.Барысюк падкрэслівае: сацыяльная дыстанцыя – такая ж важная мера прафілактыкі вірусных інфекцый, як нашэнне масак і выкарыстанне антысептыкаў. Каб пацыенты стаялі на адлегласці ў паўтара метра адзін ад другога, каля рэгістратуры як у «чыстай», так і ў «бруднай» зонах нанесена адпаведная разметка. Уласна, размежаванне наведвальнікаў і стварэнне зон – таксама праяўленне сацыяльнага дыстанцыравання. Вольга Паўлаўна ў чарговы раз нагадвае, што ўваход і хворых, і здаровых пацыентаў у паліклініку ажыццяўляецца толькі ў медыцынскай масцы.

У краме
Яшчэ падчас першай хвалі каранавіруса медыкі раілі лю-дзям, якія ўваходзяць у групу рызыкі, устрымацца ад наведвання магазінаў тады, калі там назіраецца найбольшая колькасць людзей: у абедзенны перапынак і пасля працы. Актуальнай гэтая парада застаецца і зараз: па пакупкі лепш схадзіць зранку або бліжэй да закрыцця магазіна. У той жа час, гандлёвыя аб’екты прымаюць усе меры бяспекі, у тым ліку і сацыяльнае дыстанцыраванне.
— Для таго, каб нашыя пакупнікі трымалі бяспечную дыстанцыю, на падлозе ў магазінах спажыўтаварыства нанесена адпаведная разметка. На ўваходзе ў гандлёвыя аб’екты мы размясцілі інфармацыйныя лістоўкі, якія закліканы нагадаць людзям пра небяспеку прастудных захворванняў. Там жа ёсць аб’ява, якая просіць пакупнікоў надзяваць маску. А праз бягучы радок над «Універмагам» дзякуем усім, хто праявіў адказнасць і надзеў яе. Акрамя таго, у кожнай гандлёвай зале маюцца антысептыкі, а прадаўцы цалкам забяспечаны маскамі, – расказала першы намеснік старшыні праўлення Пружанскага рай-спажыўтаварыства Л.М.Жуковіч.

Дома і на вуліцы
Хутчэй за ўсё, самастойна вірус не прабярэцца да вас дамоў, калі вы будзеце выконваць меры перасцярогі. У перыяд масавага распаўсюджвання інфекцый рэкамендуецца абмежаваць сустрэчы з сябрамі, роднымі, адмовіцца ад шумных пасядзелак.
Што да сацыяльнай дыстанцыі, то на вуліцы яе захоўваць куды прасцей. У той жа час, эпідэміёлаг Анастасія Браніцкая адзначае: лепей пазбягаць вялікай колькасці людзей і мінімізаваць свае кантакты на час пандэміі.

А калі няма магчымасці трымаць дыстанцыю?
Яскравы прыклад – аўтобус Пружаны–Аранчыцы, які заўсёды збірае вялікую колькасць пасажыраў. Зразумела, што дыстанцыравацца фізічна ў ім не атрымаецца, але ж не варта грэбаваць маскамі. Яшчэ лепш, адзначае эпідэміёлаг, калі ў вас будуць аднаразовыя пальчаткі. Яны дапамогуць засцерагчыся ад бактэрый і вірусаў, якія маюцца на поручнях. Памятайце пра ўласнае здароўе і бяспеку іншых.
Падрыхтаваў
Уладзіслаў Шпарла. Фота Сяргея Талашкевіча.