Суббота, 18 сентября 2021

У раённай бібліятэкі імя Міколы Засіма з’явіўся свой YouTube-канал

386

Яшчэ больш пашырыць прысутнасць раённай бібліятэкі імя Міколы Засіма ў інтэрнэце і такім чынам прывабіць чытачоў вырашылі яе супрацоўнікі. У мінулы чацвер тут быў запушчаны ўласны YouTube-канал.


Сёлета, як ужо расказвала газета, праект намесніка дырэктара Пружанскай ЦБС В.В.Кумаковай «Ствары свой дом мары – прыроду зберажы» заняў трэцяе месца ў нацыянальным конкурсе «Моладзь на шляху да зялёнага развіцця». У якасці падарунка бібліятэка атрымала набор блогера, дзякуючы якому з’явілася магчымасць здымаць відэа з мерапрыемстваў, што ладзяцца тут.

Цяпер на канале ў YouTube можна будзе паглядзець запісы шматлікіх творчых сустрэч, гутарак, пасяджэнняў аб’яднанняў, што дзейнічаюць пры бібліятэцы. Ужо даступны і відэаўрок пра спаленыя ў часы вайны вёскі раёна. Прыхільнікаў паэзіі парадуе відэапрэзентацыя новай кнігі былога рэдактара «Раённых будняў» Міколы Антаноўскага «Як ліст сярод лістоў…». Нельга не звярнуць увагу і на ўнікальную віртуальную відэаэкскурсію па храмах раёна.

Уладзіслаў Шпарла.