Четверг, 3 декабря 2020

Важна! Падрыхтавалі для вас самую актуальную інфармацыю пра COVID-19

889
Хадзіць у масцы не зусім зручна. Але гэта патрэбна для таго, каб не захварэць самому і засцерагчы ад каранавіруса іншых.

“Захварэю ці не захварэю на COVID?” — ці не гэта найбольш хвалюючае пытанне зараз? Вірус дакладна прымусіў нас больш адказна ставіцца да ўласнага здароўя.

Пакуль лічбы статыстыкі хворых на вострыя рэспіраторныя інфекцыі паўзуць уверх, чытачы працягваюць цікавіцца некаторымі момантамі, звязанымі з вірусам. Пракаментаваць самыя распаўсюджаныя “кавідныя” пытанні мы папрасілі загадчыцу Пружанскай паліклінікі В.П.Барысюк.

Згубіў нюх і не адчуваю смаку ежы.

Што рабіць?

Галоўнае – не панікаваць. Перш за ўсё, трэба патэлефанаваць у рэгістратуру паліклінікі. Зрабіць гэта можна па нумарах 2-05-03 і 2-09-03 (дарослая рэ-гістратура) або 2-10-03 і 2-10-22 (дзіцячая рэгістратура). Калі ў вас высокая тэмпература і няма магчымасці прыйсці ў паліклініку, медрэгістратар прапануе выклікаць урача на дом. Калі тэмпература ў норме, запіша на прыём да тэрапеўта “бруднай” зоны.

Па словах Вольгі Паўлаўны, каранавірус у значнай ступені карэктуе работу лячэбнай установы. Так у сувязі з ростам захворванняў на сезонныя прастудныя інфекцыі  з пачатку месяца зоны памянялі месцамі. Цяпер пацыенты без сімптомаў рэспіраторных інфекцый павінны заходзіць да ўрача з боку жаночай кансультацыі. Хворыя дарослыя і дзеці заходзяць у паліклініку праз цэнтральны ўваход. Прыём здаровых дзяцей арганізаваны на базе дзённага аддзялення, дзе працягвае працаваць і жаночая кансультацыя.

Прыём у “бруднай” зоне ўзмоцнены дадатковымі ўрачамі, актыўна працуюць памочнікі ўрача, якія выпісваюць ільготныя медыкаменты, афармляюць даведкі і выпіскі.

Кантакты 1-га і 2-га ўзроўняў: хто ёсць хто?

Нагадаем, што, згодна з Пастановай Міністэрства аховы здароўя №81 ад 2 кастрычніка 2020 г., да кантактаў першага ўзроўню адносяцца тыя, хто меў цесны кантакт з чалавекам, у якога пацверджаны каранавірус, або з тым, у якога COVID праяўляецца ў бессімптомнай форме, за чатыры дні да і на працягу дзесяці дзён пасля з’яўлення ў яго сімптомаў захворвання. Цесным лічыцца кантакт не менш за 15 мінут на адлегласці меней за метр, калі пры гэтым не выкарыстоўвалася медыцынская маска.

Кантактамі другога ўзроўню з’яўляюцца дзеці да 10 гадоў, што наведваюць дашкольную ўстанову або школу і мелі магчымы кантакт (знаходзіліся на адлегласці 1-2 метры адзін ад аднаго без выкарыстання масак) з чалавекам, хворым на каранавірус, на працягу 4-х дзён да і 10 дзён пасля з’яўлення ў яго сімптомаў інфекцыі.

Вольга Паўлаўна звяртае ўвагу, што інфармацыю аб кантактах першага і другога ўзроўню ў паліклініку перадаюць спецыялісты цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Яны, у сваю чаргу, высвятляюць гэта ў носьбіта COVID-19.

У каго бяруць мазок?

У кантактных першага ўзроўню мазок на COVID бярэцца на сёмы дзень з даты апошняга кантакту. Калі тэст станоўчы, у чалавека дыягнастуецца лёгкая або бессімптомная форма вірусу. Далей медыцынскае назіранне вядзецца на працягу двух тыдняў з даты апошняга кантакту, і паўторная лабараторная дыягностыка не праводзіцца. Калі тэст адмоўны, за пацыентам назіраюць на працягу 10 сутак. Загадчыца паліклінікі падкрэслівае, што працуючым пацыентам выдаецца лісток непрацаздольнасці, калі яны з’яўляюцца кантактамі першага ўзроўню, а таксама пры высокай тэмпературы і наяўнасці сімптомаў прастуднага захворвання.

Дзецям, як кантактам другога ўзроўню, таксама праводзіцца ПЦР-дыягностыка. Калі яе вынік аказваецца станоўчым, за пацыентам вядзецца медназіранне як за хворым.

Ці ёсць магчымасць здаць экспрэс-тэст?

Пружанская паліклініка ўжо некалькі месяцаў ажыццяўляе платнае экспрэс-тэсціраванне на антыцелы да COVID-19. Праводзіцца яно па буднях з 8 да 16 гадзін. Кошт для грамадзян Беларусі і тых, хто мае пасведчанне на права жыхарства, складае 27,08 руб. Тэст здаецца нашча (пажадана ўстрымацца ад ежы і піцця не менш, чым на 4 гадзіны).

Парадак праходжання тэста наступны. Спачатку чалавек робіць аплату ў касе паліклінікі. Затым яго накіроўваюць у кабінет №25, дзе і вядзецца забор біяматэрыялу. Кроў, узятая з вены, даследуецца ў лабараторыі, і ўжо прыкладна праз гадзіну пацыент можа даведацца, ці ёсць у яго антыцелы IgG і IgM.

Варта падкрэсліць, што праходзіць такое тэсціраванне трэба толькі здаровым людзям, у якіх адсутнічаюць прыкметы вострых рэспіраторных інфекцый. Людзям з такімі  сімптомамі  трэба неадкладна звярнуцца на прыём у “брудную” зону, дзе ўрач вызначыць правільную тактыку лячэння.

У масцы і з прышчэпкай – выратаванне?

Вакцыны ад каранавірусу пакуль толькі тэсціруюцца. Аднак у сезон прастудных захворванняў эфектыўнай застаецца прышчэпка ад грыпу, пра што неаднойчы расказвала наша газета. Вольга Паўлаўна ў чарговы раз нагадвае:прышчапіцца лепей да пачатку зімы, каб у вас выпрацаваўся імунітэт. Рабіць прышчэпку можна толькі тады, калі ў вас няма сімптомаў прастуднага захворвання. Але спярша трэба наведаць тэрапеўта “чыстай” зоны, каб атрымаць накіраванне на прышчэпку. Прыём у такім выпадку вядзецца без талона.

Калі вы вырашылі схадзіць у магазін, паліклініку або іншае месца з вялікай колькасцю людзей, калі  карыстаецеся грамадскім транспартам, абавязкова надзявайце медыцынскую маску.

Вольга Паўлаўна падкрэслівае: эфектыўнай яна будзе толькі тады, калі закрывае рот і нос. Памятайце і пра тое, што насіць адну маску можна не больш за дзве гадзіны. Апрацоўваць рукі антысептыкам можна і  трэба як мага часцей. Беражыце сябе і будзьце здаровы!

     Падрыхтаваў  Уладзіслаў  Шпарла.