Пятница, 29 марта 2024

Чырвоны дзень календара: святкуем ці проста адпачываем?

709

Заўтра наша краіна адзначыць свята, якому сёлета спаўняецца 103 гады, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Дарэчы, Беларусь – ледзь не адзіная краіна ў свеце, дзе гэты дзень мае статус афіцыйнага свята і лічыцца нерабочым.
А вось як было раней? Як адзначалі гэтае свята? Магчыма, для некага 7 лістапада – не проста выхадны, а сапраўды ўрачысты і святочны дзень?

Людміла Уладзіміраўна


– Як для прадстаўніцы пакалення, якое вырасла і жыло ў Савецкім Саюзе, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі для мяне – вялікае свята. Яшчэ жывыя ўспаміны пра тое, як мы з сябрамі ў Шарашэве хадзілі на святочную дэманстрацыю, што адбывалася на цэнтральнай плошчы. Пасля адзначалі вялікую падзею. 7 лістапада ўспрымалася як дзень вызвалення ад прыгнёту, таму святкавалі яго шчыра і ад душы. А зараз… Пра многае забыліся, быццам яго і не было зусім. Магчыма, варта памяняць фармат святкавання, але адмаўляцца ад гэтага дня ні ў якім разе нельга, бо гэта наша гісторыя.

Таццяна Аляксандраўна


– Зараз 7 лістапада – проста яшчэ адна магчымасць адпачыць для многіх людзей. Раней гэта дата была па-сапраўднаму значнай, у горадзе збіраліся дэманстрацыі. Памятаю, як мы ішлі ад радыёзавода ў цэнтр праз увесь горад. Зараз жа свята не адчуваецца зусім. Ды і для мяне, пенсіянеркі, усе дні – выхадныя.

Вольга


– Зразумела, ведаю, што гэта Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, і, канечне, на ўроках гісторыі мы ўсё гэта вывучалі. Але… Мне здаецца, што сёння свята страціла сваё былое значэнне. Звязана гэта ва многім з распадам СССР і з’яўленнем новага пакалення, якое часам і не ведае, што адбывалася больш за 100 гадоў таму.

Леанід


– 25 гадоў я аддаў службе ва Узброеных Сілах, служыў у Паўночна-Каўказскай ваеннай акрузе, Ташкенце, Самаркандзе і Германіі, таму для мяне 7 лістапада было і застаецца днём святочным. Раней у гэты дзень мы, вайскоўцы, удзельнічалі ў парадзе. Асабіста я тры разы ў Растове, адзін – у Ташкенце. Словам, з гэтым днём звязаны незабыўныя ўспаміны.

Вадзім


– Канечне, гэта свята – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, хіба вы не ведаеце? У былыя часы я ў складзе працоўнага калектыву ПМК-21 штогод выходзіў на дэманстрацыі. Шкада, што зараз гэтага ўсяго няма, бо такія мерапрыемствы вельмі ядналі людзей. Збіра-ліся з калегамі, сем’ямі, усе разам адпачывалі ў гарадскім парку. Здаецца, і народ тады быў больш згуртаваны, гатовы дапамагчы. Зараз многія спрабуюць перавярнуць, перарабіць гісторыю, спрачаюцца, а ці патрэбна была тая рэвалюцыя. Я лічу, што патрэбна. Так, было шмат памылак, але яшчэ больш светлага і радаснага.

Аляксей


– Мне здаецца, што многія мае аднагодкі скажуць так: 7 лістапада — свята, але чаму ці каму яно прысвечана – незразумела. Я ж скажу, што гэта больш свята, чым проста выхадны дзень. Хаця, шчыра прызнаюся, пра гістарычныя перыпетыі, звязаныя з Кастрычніцкай рэвалюцыяй, ведаю вельмі мала. На жаль, маіх бабуль і дзядуляў, якія, магчыма, удзельнічалі ў святочных шэсцях са сцягамі і транспарантамі ў гэты дзень, няма ў жывых. Што да бацькоў, то яны ўжо не засталі той час.
Думкамі цікавіліся Уладзіслаў Шпарла і Сяргей Талашкевіч (фота).