Среда, 2 декабря 2020

А вы МАСКІруецеся ад віруса?

524

Вядома, усе ведалі пра другую хвалю каранавіруса, але… за лета і палову восені неяк расслабіліся. У той жа час кожны хацеў бы, каб каварны вірус абмінуў яго сям’ю і блізкіх. Адна з мер перасцярогі – медыцынская маска. Каб паглядзець, ці многа пружанцаў яе носіць, мы выйшлі на вуліцы горада, а заадно пацікавіліся меркаваннем гараджан наконт таго, ці здольна маска абараніць ад інфекцыі.

Анатоль:


– Зараз я без маскі проста таму, што зняў яе літаральна хвіліну таму. Канечне, у медыцынскіх установах, у людных месцах заўсёды карыстаюся маскай. Няхай і не на 100 %, але ж яна перашкаджае распаўсюджванню інфекцый, хаця б тых, што перадаюцца праз чханне. Верным сябрам за столькі месяцаў стаў і антысептык: рукі ім апрацоўваю рэгулярна.

Ігар:


– Калі іду ў паліклініку, маску надзяваю абавязкова. Калі ж побач нікога няма, то навошта тая маска? Вось нават вы зараз стаіце бліжэй, чым за паўтара метра ад мяне. Гэта ж таксама небяспечна! А маска… Лічу, што калі ты хворы, то ніякі кавалачак тканіны не засцеражэ ні цябе, ні іншых людзей.

Вольга:


– На свежым паветры звычайна знаходжуся без маскі, таму і зараз без яе. Але ўпэўнена, што медыцынская маска дапамагае ў прафілактыцы вірусных інфекцый, таму ў месцах, дзе адначасова знаходзіцца многа людзей, ёй абавязкова карыстаюся. Калі прыходжу з вуліцы ці з працы, мыю рукі і апрацоўваю іх антысептыкам. Гэтаму вучу і навучэнцаў Слабадской СШ, дзе працую настаўніцай. Дарэчы, у нашай школе ўсталяваны ёмістасці з антысептыкамі, а ўсе мае калегі захоўваюць масачны рэжым, тым больш, што некаторыя з іх ужо хварэлі на каранавірус.

Таццяна:


– Прытрымліваюся меркавання, што маску павінны насіць толькі хворыя людзі. Калі ты здаровы, то маска, наадварот, збірае мікробы. Тым не менш, у грамадскіх месцах яе надзяваю, а яшчэ рэгулярна апрацоўваю рукі антысептыкам і п’ю вітаміны. Сёлета на рэспіраторныя інфекцыі пакуль не хварэла і вельмі спадзяюся, што і не захварэю.

Аляксандр:


– Лічу, што маска – не вельмі эфектыўная мера абароны ад віруса. Існуе вялікая колькасць іншых шляхоў яго перадачы, акрамя чхання і кашлю, ад якіх абараняе маска. Напрыклад, вірус можна «знайсці» на поручнях, пры пацісканні рук і пацалунку. Але засцерагчыся з дапамогай маскі ўсё ж лепей, чым не зрабіць зусім нічога для ўласнага здароўя. Таму ў масцы мяне можна сустрэць у памяшканні, у прыватнасці, у паліклініцы і магазінах. На вуліцу стараюся выходзіць у той час, калі там няшмат людзей. Бойся – не бойся, але знаходжуся ў групе рызыкі: я хварэю на дыябет, а таксама перанёс інсульт.

Яўген:


– Не нашу маску, таму што не хварэю. І віруса не баюся. Для прафілактыкі карыстаюся антысептыкам. Навучаюся ў каледжы, але і там бачу, што маскі амаль ніхто не надзявае. Мама працуе ў бальніцы, таму яна, вядома ж, носіць маску. Ну, а я для прафілактыкі інфекцый ем цыбулю, часнок і спадзяюся, што ўсё будзе добра.

P.S. Падчас апытання мы цікавіліся думкамі дастаткова вялікай колькасці людзей. І не ўсе чамусьці ўпэўнена адчувалі сябе побач з карэспандэнтамі. Магчыма, таму, што не ўпэўнены і ў сваіх меркаваннях наконт прафілактыкі? Напрыклад, адзін мужчына на пытанне: «Чаму Вы без маскі», – літаральна ўцёк ад нас, толькі данеслася: «Іду за ёй». А маладая жанчына, якая таксама не хацела размаўляць, выпаліла: «Законам гэта не забараняецца». На дадзеную рэпліку хочацца адказаць так: не забараняецца таксама і хварэць. Таму ў чарговы раз нагадваем, што наша здароўе ва многім залежыць ад нас саміх і ад нашай адказнасці.
Меркаваннямі цікавіліся і былі пры гэтым у медыцынскіх масках
Уладзіслаў Шпарла і Сяргей Талашкевіч (фота).