Воскресенье, 20 июня 2021

Былыя выхаванцы аказалі спонсарскую дапамогу аддзяленню па веласпорце

734

У мінулыя выхадныя Пружанскае аддзяленне Брэсцкай СДЮШАР прафсаюзаў па веласпорце атрымала спонсарскую дапамогу ад… былых выхаванцаў.


Трэнер Анатоль Плеска прызнаецца, што з усімі былымі выхаванцамі пад-трымлівае сяброўскія адносіны. Маладыя людзі рэгулярна наведваюць настаўніка, дзеляцца сваімі дасягненнямі, абмяркоўваюць поспехі беларускіх спартсменаў. А на гэты раз вырашылі дапамагчы.


— Падчас адпачынку я наведаў абласныя спаборніцтвы ў Брэсце, — успамінае цяпер ужо мінчанін Аляксей Клімашэвіч. – Пакуль проста назіраў, як ездзяць юныя спартсмены, то атрымліваў асалоду. Але непадалёк ад мяне адна дзяўчынка сышла з дыстанцыі з-за тэхнічнай праблемы з веласіпедам. Я вырашыў ёй дапамагчы. Калі ж зблізку ўбачыў стан веласіпеда, то мне стала не па сабе. Гэты выпадак доўга не выходзіў у мяне з галавы, у рэшце рэшт, я абмеркаваў яго са сваімі сябрамі, з якімі трэніраваўся ў Анатоля Генадзьевіча.
Мужчыны прынялі рашэнне дапамагчы сваёй роднай спартыўнай школе. Былыя спартсмены і самі ўяўлялі, у чым прыкладна існуе асаблівая патрэба, яшчэ параіліся з цяперашнім пружанскім трэнерам Юрыем Валкавыцкім і закупілі неабходнае.


— Справа ў тым, што расходныя запчасткі вельмі хутка выходзяць са строю, а з-за гэтага нават адносна новы веласіпед не будзе функцыянаваць належным чынам, — працягвае Аляксей Клімашэвіч. – Сродкаў, якія выдзяляюцца на замену запчастак, не хапае, а нам хочацца, каб нашы землякі трэніраваліся ў добрых умовах і радавалі поспехамі.


Падтрымаў дабрачынную ініцыятыву майстар спорту міжнароднага класа Сяргей Даўбнюк. Ён у дадатак перадаў аддзяленню і свае асабістыя рэчы, якія засталіся пасля заканчэння спартыўнай кар’еры. Пералічыў грошы і майстар спорту Дзмітрый Дэцук. Ён цяпер жыве ў ЗША, але таксама не забывае сваіх спартыўных таварышаў і трэнера.
З гэтага навучальнага года Анатоль Плеска больш не трэніруе дзяцей, але працягвае працаваць у аддзяленні. Анатоль Генадзьевіч запэўніў, што хлопцы набылі менавіта тое, што патрабавалася. Трэнер ганарыцца ўчынкам сваіх выхаванцаў, але зусім гэтаму не здзіўлены і тлумачыць падобнае проста:
— Яны так выхаваны.
На здымку: Сяргей Даўбнюк, Анатоль Плеска, Аляксей Клімашэвіч, Павел Забалотні.
Кацярына Пашкевіч. Фота аўтара.