Среда, 2 декабря 2020

Касметык-эстэтыст з дыпломам інжынера Кацярына Курэц: «У свеце 40 тысяч прафесій – выбірайце!»

372

У верасні мы пачалі новую рубрыку спецыяльна для вучняў старэйшых класаў. Прадстаўнікі розных прафесій расказвалі пра сваю работу, вучобу, падрыхтоўку да паступлення і, што таксама немалаважна, пра тое, якім чынам яны вызначыліся з будучай спецыяльнасцю. Мы працягнем падобныя інтэрв’ю. Дарэчы, вы можаце паведаміць, пра якую прафесію хацелася б больш даведацца ў наступных выпусках па нумары 3-58-81 або ў нашых сацыяльных сетках. А сёння гутарка пойдзе пра тое, што рабіць, калі ў 16 гадоў ты ўсё ж такі з выбарам памыліўся.


Кацярына Курэц — касметык-эстэтыст. Мае кліенцкую базу ў Брэсце і ў Кёльне, добра вядома пружанскім прыгажуням, бо шмат гадоў працавала ў нашым горадзе.

—Як ты прыйшла да выбару прафесіі?
— Гэта адбылося на старшых курсах універсітэта, дзе я атрымлівала (і атрымала) спецыяльнасць інжынера-будаўніка. Тут неабходна невялічкае адступленне. Абставіны склаліся так, што мне не хацелася працягваць вучыцца ў школе. Пасля 9-га класа я паступіла ў каледж, не асабліва задумваючыся аб прафесійным будучым. Пасля яго заканчэння я магла працягнуць вучобу на экана-мічным факультэце ўніверсітэта або на інжынерным. Апошняе здалося мне больш цікавым. Тым не менш, як аказалася, гэта зусім “не маё”.
Неяк незаўважана я стала цікавіцца сферай прыгажосці: асвойвала разнастайныя працэдуры для валасоў, методыкі масажу. Заканчваць універсітэт давялося завочна: у гэты час я ўжо працавала на сябе.

— Як ты вучылася новай справе?
— Мне здаецца, у сучасным свеце няма ніякіх праблем з самаадукацыяй. Я наведвала шмат курсаў, прыняла ўдзел у шэрагу семінараў. Дарэчы, вельмі паказальным стаў гэты год: у сувязі з каранавірусам многія людзі апынуліся дома на каранціне і, каб не марнаваць час, пачалі павышаць кваліфікацыю на анлайн-курсах.
Мне цікава тое, чым займаюся, таму шмат часу праводжу за чытаннем спецыяльнай літаратуры. А вось выбіраць галоўнае, запамінаць значныя аб’ёмы інфармацыі –дапамагае наяўнасць вышэйшай адукацыі. Галоўнае, чаму навучылі ва ўніверсітэце, – самастойна вучыцца. Зараз я рыхтуюся да паступлення ў ВНУ, каб атрымаць вышэйшую адукацыю і стаць касметолагам. На жаль, завочна зрабіць гэта ў Беларусі нельга, таму буду дыстанцыйна займацца ў варшаўскай установе.

—Што ты параіш тым, хто якраз зараз вызначаецца з будучай прафесіяй?
— Са свайго вопыту магу сказаць, што ў 16 гадоў зразумець, чым хочаш займацца ўсё жыццё, – вельмі складана. Думаю, большасць дзяўчат і юнакоў выбірае спецыяльнасць, зыходзячы са сваіх схільнасцей да таго ці іншага прадмета. І гэтага дастаткова. У ВНУ вы атрымаеце новыя веды, навучыцеся самастойна шукаць інфармацыю, граматна гаварыць, планаваць свой час. Усё гэта дасць вам магчымасць “перавучыцца” ў любы момант.
Існуе мноства розных платных і бясплатных курсаў (дарэчы, я выбіраю толькі платныя), на якіх на базе вашай вышэйшай адукацыі вы зможаце перакваліфікавацца. Галоўнае – не баяцца. Лепш паспрабаваць сябе ў некалькіх прафесіях і спыніцца на той, якая будзе прыносіць задавальненне, чым спыніцца на адной і займацца ўсё жыццё нелюбімай справай.

— Каму б ты параіла вучыцца на касметыка?
— Гэта прафесія, у якой многае залежыць ад вашай акуратнасці. Калі вы не прывучаны да парадку, наўрад ці станеце добрым спецыялістам. Неабходна сачыць за сабой: чалавек з праблемнай скурай не выкліча даверу. Б‘юці-індустрыя вельмі хутка развіваецца, таму давядзецца сачыць за ўсімі навінкамі, нават чытаць і разумець навуковыя артыкулы. Прафесія патрабуе і грашовых укладанняў. Калі для вас важней займець новую сукенку, чым аплаціць навучанне ці набыць якасную касметыку, то таксама падумайце: магчыма, вам падыдзе нешта іншае. У свеце звыш 40 тысяч прафесій – выбірайце!
Падрыхтавала Кацярына Пашкевіч.