Среда, 2 декабря 2020

Адсутнічае нюх? Без панікі!

294

Яшчэ падчас першай хвалі каранавіруснай інфекцыі Сусветная арганізацыя аховы здароўя назвала раптоўную страту нюху — анасмію — адным з сімптомаў COVID-19. Але ці заўсёды няздольнасць адчуваць пахі ўказвае на гэтае захворванне?
На пытанні адказвае ўрач-отарыналарынголаг Пружанскай ЦРБ Вольга Віктараўна Курачынская.

Адсутнасць нюхупры каранавірусе
Калі тлумачыць прафесійна, вірус SARS-CoV-2, у першую чаргу, наносіць удар па клетках дыхальных шляхоў, а затым выклікае вялікі выкід цытакінаў і імунныя парушэнні ў арганізме. Паколькі ён перадаецца паветрана-кропельным шляхам, як правіла, уваходнымі варотамі выступае слізістая носа, а менавіта там размешчаны нюхальныя рэцэптары. Яны займаюць усяго каля пяці квадратных сантыметраў паверхні насавых ракавін і па нервовых валокнах злучаюцца з галаўным мозгам. Пры паражэнні гэтых структур вірусам чалавек можа страціць нюх.

Не адчуваю пахі — гэта COVID-19?
Не кожны выпадак страты нюху — стапрацэнтны сімптом каранавіруса.
Сапраўды, адсутнасць нюху і смаку — раннія прыкметы захворвання, якія, паводле даных СААЗ, сустракаюцца амаль у 90% пацыентаў. Пры лёгкай форме COVID-19 гэта можа быць увогуле адзінай праявай віруса ў арганізме.
Але страта здольнасці адчуваць пахі бывае не толькі пры COVID-19. Калі ў чалавека павышана тэмпература і няма нюху, гэта можа быць сімптомам і грыпу, і іншых ВРВІ.

Калі яшчэ можна застацца без нюху?
За нюхальную функцыю адказваюць нервовыя канчаткі: гаворачы медыцынскай мовай, яны пасылаюць сігналы ў ЦНС, дзе апрацоўваюцца ў парагіпакампальнай зоне галаўнога мозга. Гэта значыць, што няздольнасць адрозніваць пахі бывае не толькі пры вострых вірусных або бактэрыяльных інфекцыях.
Асноўнымі неінфекцыйнымі прычынамі анасміі, якая, як правіла, не суправаджаецца тэмпературай, могуць быць:

  • хранічны атрафічны рыніт,
  • атручванне солямі цяжкіх металаў,
  • прыём некаторых медыкаментаў: эстрагенаў, інгібітараў АПФ,
  • злоўжыванне сасудазвужальнымі кроплямі для носа,
  • дэгенератыўныя захворванні галаўнога мозга (рассеяны склероз, хвароба Альцгеймера),
  • траўмы галавы,
  • ускладненні пасля аперацый на галаўным мозгу.
    Але, бадай, самая тыповая прычына неінфекцыйнай страты нюху — алергічны рыніт. Пры гэтым слізістая носа ацякае, і парушаецца ўспрыманне пахкіх малекул. Павышэнне тэмпературы для алергіі не характэрна. Аднак алергікі «са стажам» звычайна адразу адрозніваюць праявы сенсі-білізацыі і пачатак віруснай хваробы, паколькі абвастрэнне хранічнай алергіі заўсёды выклікана кантактам з раздражняль-нікам.

Ці варта панікаваць?
Як сведчыць практыка, у перыяд пандэміі большасць пацыентаў са скаргамі на пагаршэнне ці адсутнасць нюху сапраўды захварэла на каранавірус ці іншыя ВРВІ. Неўралагічныя прычыны парушэнняў сустракаюцца прыкладна ў аднаго з трыццаці чалавек.
Адразу ж паддавацца паніцы не варта. Але ж у цяперашніх эпідэміялагічных умовах чалавек з анасміяй, прасцей кажучы, са стратай нюху, не павінен ставіць сабе дыягназ самастойна і займацца самалячэннем. Толькі ўрач можа разабрацца, ці гэта сімптом COVID-19, ці прастуды, ці неінфекцыйнай хваробы.
Падрыхтавала Марына Вакульская.