Суббота, 18 сентября 2021

Правізар Яўгенія Трапязон: «Паступіць складана, а вучыцца…»

672

Атрымаць спецыяльнасць фармацэўтычнага профілю можна толькі ў дзвюх беларускіх ВНУ і трох каледжах. Штогод Беларускі дзяржаўны медыцынскі і Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэты, якія рыхтуюць правізараў, патрабуюць ад абітурыентаў выдатных ведаў. Напрыклад, сёлета, каб трапіць на бюджэтнае навучанне, трэба было набраць 364 балы для паступлення на вучобу ў сталіцу і 356 — для паступлення ў Віцебск. Як адважыцца паступаць на такую рэйтынгавую спецыяльнасць і чым займаецца фармацэўт-правізар, нам расказала намеснік загадчыка Пружанскай ЦРА №7 Яўгенія Трапязон.


— Як ты прыйшла да выбару прафесіі?
— З першых урокаў мне спадабаліся такія прадметы, як біялогія і хімія. Яны мне лёгка даваліся і былі заўсёды цікавымі. Калі ў старэйшых класах давялося выбіраць профіль, я, не задумваючыся, абрала хіміка-біялагічны. І ўжо тады была цвёрда ўпэўнена, што буду “штурмаваць” ВНУ медыцынскага кірунку. Некаторы час вагалася паміж стаматалогіяй (яшчэ адзін з самых складаных для паступлення факультэтаў) і фармацэўтыкай.
Дарэчы, і сёння правізар — вельмі запатрабаваная прафесія, адна з самых папулярных на рынку вакансій. Можаце быць упэўненымі, што вы зможаце знайсці работу ў любой кропцы краіны.
— Як праходзіла падрыхтоўка да паступлення?
— Калі ёсць магчымасць — выбірайце вучобу ў профільных класах. Асабіста мне гэта вельмі дапамагло. Тым не менш, я займалася і з рэпетытарамі па двух прадметах, а вось біялогію «асіліла» сама. А яшчэ ў мяне быў выдатны стымул, калі можна так сказаць. У гэты час бацькі пачалі будаўніцтва кватэры, і на сямейным сходзе мне было аб’яўлена: “Жэня, выбірай: або мы будуем кватэру, або вучым цябе на платным аддзяленні”. Я не магла падвесці бацькоў, таму рыхтавалася з усёй адказнасцю.
— Што адметнае было падчас вучобы?
— Вучоба ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце аказалася больш складанай, чым я сабе ўяўляла. На пачатку другога курса я дала сабе слабіну, а пасля ледзь нагнала ўпушчанае. Гэта стала для мяне добрым урокам, і больш я не дазваляла сабе расслабіцца. Нягледзячы на ўсе складанасці, сваё студэнцтва я ўспамінаю толькі з цеплынёй.
А калі казаць пра адметнасці, магчыма, не ўсе ведаюць, што выпускнікам фармацэўтычнага факультэта неабавязкова пісаць дыпломную работу! Па сутнасці, дыплом – гэта распрацоўка новых лекаў. Звычайна за яго напісанне бяруцца тыя, хто плануе далей працаваць у фармакалагічнай вытворчасці ці ў доследных лабараторыях. Цікава і тое, што над дыпломамі працуюць амаль усе юнакі, якіх на факультэце вельмі мала.
— Што ўваходзіць у абавязкі фармацэўта ці правізара?
— Мы пагаварылі пра высокія прахадныя балы, складанасць самой вучобы, а па факце студэнты з іншых факультэтаў жартам называюць нас “прадаўцамі”. Так, хутчэй за ўсё, выпускнік ВНУ трапіць у аптэку і стане “за прылавак”. Пры ўсёй “лёгкасці”, на першы погляд, такой работы — гэта вельмі адказная справа. Ад таго, які лекавы сродак атрымае кліент аптэкі, будзе залежыць яго здароўе. Неабходна выслухаць чалавека, зразумець, чым выклікана яго немач, а часам і пераканаць у неабходнасці наведвання доктара.
Ёсць пры аптэках і памяшканні для вытворчасці лекаў, у якіх гатуюцца некаторыя іх віды. Напрыклад, лекі для нованароджаных, для якіх неабходна вельмі маленькая доля рэчыва. Трэба гэта ўсё разлічыць, а пасля зрабіць. Такой работай заўсёды займаюцца два спецыялісты: адзін выконвае, а другі кантралюе.
Дарэчы, многія спецыялісты ідуць працаваць на заводы ці ў лабараторыі, дзе займаюцца выпускам ці распрацоўкай лекаў.
— Каму б ты параіла выбіраць такую прафесію?
— Мы часам жартуем, што ў фармацэўты ідуць тыя, хто жадае лячыць людзей, але баіцца крыві. А калі сур’ёзна, гэта вельмі цікавая прафесія, якая дае магчымасць дапамагаць. Будучы фармацэўт павінен быць адказным, акуратным, цярплівым. Памятайце, што ў аптэку часта прыходзяць людзі ў дрэнным настроі ад таго, што ім нешта баліць. Мы павінны адносіцца да іх з разуменнем, уважліва і тактоўна.
P.S. У дадзены момант Пружанскай ЦРА №7 патрэбны спецыялісты з сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыяй. Даведкі па нумары 9-01-37.
Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча