Суббота, 18 сентября 2021

Музыкант Марк Снегур: «Жыццё – вельмі цікавая рэч!»

629

Марк Снегур. Упершыню пачуўшы імя вядомага ў маладзёжным асяродку пружанскага музыканта, я вырашыла, што гэта псеўданім. І даволі ўдалы. “Marcus” у перакладзе з лацінскай мовы азначае “малаток”, што сведчыць пра мэтанакіраваную асобу з моцным характарам. А Снегур – ці не прамы гэта напамін пра зімовы этап адкрытага расійскага інтэрнэт-галасавання “Новыя зоркі на новай хвалі — 2020”, у якім перамагла каманда музыканта? Усё аказалася прасцей і празаічней.


— Гэта маё сапраўднае імя. І ніякага дачынення ні да зімы, ні да палкаводца Марка Аўрэлія, ні да музыкі не мае, — усміхаецца былы выпускнік СШ № 4, а сёння ўжо навучэнец 3 курса аграрна-тэхнічнага каледжа, якому за апошнія гады ўдалося зрабіць шмат паспяховых крокаў у такім папулярным музычным накірунку, як хіп-хоп.
Што цікава, цеснае сяброўства таленавітага хлопца з музыкай пачалося не ў дзяцінстве, як гэта часта бывае, а ўжо ў юнацкім узросце, прычым пры вельмі цікавых абставінах: у той адметны дзень яго бацькі святкавалі 17-ю гадавіну свайго шлюбу.

— Я, мае браты і сястрычка (нас — чацвёра!) радаваліся разам з імі. Памятаю, узяў гітару, на якой раней проста падбіраў прымітыўныя акорды, і… пачала нараджацца песня пра той час, у які мне чамусьці захацелася вярнуцца, дзе ўсё было праўдзівым і бездакорным, дзе былі вельмі высокія дрэвы і даволі глыбокія лужыны, па якіх так здорава было шлёпаць у гумовых боціках… Дзе было шмат дабра і бесклапотнага адпачынку, — музыкант шчыра дзеліцца сваімі настальгічнымі ўспамінамі.

Дарэчы, песня “Дзяцінства” прагучала для шырокай публікі на свяце “Дараванне — 2018”, потым выступленне Марка трансліравалася на “Пружаны ТВ”. Снегур стаў шукаць аднадумцаў, каб падзяліцца з імі сваімі планамі і разам іх рэалізоўваць.
— Мікіта Пстыга з Пружан (сёння ўжо служыць у войску) і Данік Руднеў са Слабудкі выступілі ў ролі бітмейкераў (запісалі дарожкі з музычнымі інструментамі), Мікіта Купцэвіч з гімназіі быў фатографам і відэааператарам, Яўген Яфрэменка з Шарашэва рабіў аранжыроўкі… Разам падрыхтавалі трэк песні “Я забяру цябе з сабой”, выпусцілі сніпет, які адаслалі на конкурс. У анлайн-галасаванні ён штодня набіраў больш за 10 тысяч праглядаў і сотні рэпостаў…

Потым з’явілася кампазіцыя “Правінцыя” пра “простага хлапчука з царства бульбы”, за ёй – “Рамонкі”, “Наша месца”, “Жыццёва”… Кола прыхільнікаў таленту Марка Снегура і яго каманды пачало расці неверагодна. Пружанскія і не толькі аматары хіп-хопа атакавалі старонкі музыканта ў сацыяльных сетках захопленымі водгукамі: “агонь”, “супер”, “я фанат number one”, “усе твае трэкі ведаю на памяць”, “бездакорна”, “чароўна”, “прыгожа”, “непаўторна”, “ашаламляльна”, “проста бляск”… Адразу прызнаюся, перад размовай з Маркам я праслухала пару трэкаў: не скажу, што словы-слэнгі, накіраваныя на маладзёжную аўдыторыю, лашчылі мой слых, а вось музычнае суправаджэнне сапраўды прыемна ўразіла сваёй арыгінальнасцю.

Нездарма каманду Марка Снегура ў свой час запрасілі выступіць на мерапрыемстве “Адкрыты мікрафон” у Брэсце, потым у Мінску ў Палацы спорту.
— Дзякуючы маёй сяброўцы Вользе Умеранка, — гаворыць Марк, — мы ў якасці валанцёраў прынялі ўдзел у міжнародным фестывалі відэаблогераў “Відак”, дзе і пазнаёміліся з уплывовымі ў беларускім музычным свеце людзьмі. Напэўна, чулі такія імёны, як Улад Бумага, Юлія Гадунова, Макс Долікаў, Ян Топлес, Андрэй Мартыненка. Яны нам шмат дапамаглі сваімі парадамі, галоўнай з якіх лічу пажаданне проста верыць у сябе. І я веру. Вераць у мяне і сябры, і сяброўкі, і, вядома, бацькі, з любові да якіх усё і пачалося…

Сёння каманда Марка Снегура з вялікім імпэтам рыхтуе новы міні-альбом з пяці трэкаў і чакае сваёй чаргі на запіс у кобрынскай студыі “BoNa records”. Яны спрабуюць працаваць у розных жанрах, паколькі вераць у свае сілы. І шчыра мараць трапіць на самыя вялікія сцэны краіны.
— Жыццё – вельмі цікавая рэч! — кажа Марк. — Новыя гарады, новыя знаёмствы, людзі, якія цябе чакаюць і любяць. А яшчэ апладысменты, агульны сцэнічны драйв — дзеля гэтага варта жыць і тварыць.
Алеся Смайлік.