Суббота, 18 сентября 2021

Пра каго клапоціцца Чырвоны Крыж?

475

З-за распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі пакутуюць усе: дзяржава, бізнес, грамадства. А яшчэ — тыя, каму і ў звычайны час патрэбна старонняя дапамога: пажылыя людзі, людзі з інваліднасцю, людзі з хранічнымі захворваннямі. Не застацца сам-насам з бытавымі клопатамі і дрэннымі думкамі ім не даюць валанцёры Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.
Чым ва ўмовах пандэміі дапамагаюць валанцёры Чырвонага Крыжа, расказвае старшыня раённай арганізацыі Людміла Лелікоўская.
Формы работы памяняліся
— Члены ініцыятыўнай групы «Ветэраны», якая дзейнічае пры нашым таварыстве, займаюцца валанцёрскай дзейнасцю не першы год, — падкрэслівае Людміла Аляксандраўна. — Вельмі дарэчы аказаўся вопыт, які яны ўжо набылі ў праекце «Кансалідацыя вопыту і развіццё праграмы Чырвонага Крыжа па здаровым і актыўным старэнні і аказанні медыка-сацыяльнай дапамогі на доме». З сакавіка мінулага года ў рамках праекта ўзята шэфства над 11 пажылымі грамадзянамі, пераважная большасць якіх абмежаванна ў перамяшчэнні. Першапачаткова валанцёры аказвалі ім і бытавую дапамогу, і псіхалагічную падтрымку. Але сёлета з-за распаўсю-джання каранавіруснай інфекцыі яны вымушаны былі абмежаваць кантакты са сваімі падапечнымі і пакінуць рэгулярнымі толькі зносіны па тэлефоне. Падапечныя з разуменнем аднесліся да гэтага. Акрамя лістовак з інфармацыяй, як засцерагчы сябе ад небяспечнага інфекцыйнага захворвання, чаму важна не грэбаваць сацыяльным дыстанцыраваннем, нашы валанцёры раздавалі ім яшчэ і маскі.
Сёння, калі так важна прытрымлівацца самаізаляцыі, за псіхалагічную падтрымку асабліва ўдзячны валанцёрам іх падапечныя. У адрас Алены Іванаўны Крупчук і Любові Аляксееўны Шэрыкавай словы падзякі прыйшлі нават у раённую арганізацыю Чырвонага Крыжа і пісьмова, і па тэлефоне. Тэлефанаванні з гэтай нагоды паступаюць і ў рэдакцыю газеты.

Канкрэтная дапамога
З-за COVID-19 Чырвоны Крыж зрабіў акцэнт на прафілактыку інфекцыі і аказанне дапамогі ўразлівым катэгорыям людзей, лячэбным установам, дамам-інтэрнатам, сацыяльным службам. — Чым мы маглі дапамагчы? Вядома, сродкамі індывідуальнай абароны. Гэта бактэрыцыднае мыла, дэзынфіцыруючыя сродкі, пальчаткі, маскі, бахілы, камбінезоны і іншае. Сродкамі індывідуальнай абароны наша арганізацыя забяспечыла не толькі сваіх валанцёраў і сястру міласэрнасці, але і дапамагала сацыяльным работнікам і сядзелцы тэрытарыяльнага цэнтра, Шарашоўскаму дому-інтэрнату, Пружанскай ЦРБ — усяго на агульную суму каля 1300 рублёў, — пералічвае добрыя справы Л.А.Лелікоўская. — Напрыклад, мыла бактэрыцыднае атрымала больш за 200 пажылых людзей і супрацоўнікаў ТЦСАН. Акрамя таго, пажылым грамадзянам было раздадзена 30 прадуктовых набораў. За кошт спонсарскай дапамогі, прыцягнутай Чырвоным Крыжам, яны атрымалі ў цэлым каля 2000 адзінак сродкаў індывідуальнай абароны.

Падтрымліваюць і школьнікі


Асобна Людміла Аляксандраўна расказвае пра дзейнасць валанцёраў групы «Ад сэрца да сэрца», якая функцыянуе пры СШ №5 г.Пружаны, і іх кіраўніка Наталлю Генадзьеўну Бармута. Ва ўмовах пандэміі іх дзейнасць таксама перажыла змяненні, многія формы работы давялося адмяніць. Пакуль школьнікі займаюцца пераважна інфармацыйнай падтрымкай, стараюцца падтрымаць сваіх адрасатаў дапамогі найперш псіхалагічна.
— Дзякуючы валанцёрам, многія цяпер ведаюць, напрыклад, нумары бясплатных «добрых тэлефонаў»: у прыватнасці, што заказаць валанцёрскую дастаўку можна па нумары 201 — для мабільнага тэлефона, 122 — для гарадскога.
Зразумела, валанцёры былымі не бываюць: выпускнікі СШ №5 працягваюць удзельнічаць у акцыях Чырвонага Крыжа. Сярод самых спагадных А.Казімірчык, К.Чапурка, Д.Худалеева, Я.Жорах, Д.Трушкоўска.
Марына Вакульская. Фота https://www.instagram.com/school.nr.5/