Суббота, 12 июня 2021

Былая настаўніца Вера Амяльянец: «Усё пачалося са старой сямейнай Бібліі, выдадзенай у Петраградзе ў 1917 годзе»

584

Гісторыі, падобныя на гэтую, што распавяла мне жыхарка Шарашэва Вера Іванаўна Амяльянец, даюць вельмі важны ўрок. І заключаецца ён у тым, што вельмі часта ахвяры аказваюцца маральна мацней і вышэй за сваіх катаў. Іх можна пазбавіць усяго, і нават жыцця, але нельга пазбавіць гонару, веры і сапраўднай свабоды выбару…


— Усё пачалося з яе, старой сямейнай Бібліі, выдадзенай у Петраградзе ў неспакойным 1917 годзе… Стагадовы пераплёт ужо рассыпаецца, а гравюры вядомага французскага мастака Дарэ, як бачыце, толькі злёгку пацямнелі ад часу: “Стварэнне свету”, “Выгнанне з раю”, а вось Маісей з дзесяццю запаведзямі: не ствары сабе куміра, не забівай, не распуснічай… Шануй бацькоў — і даўгавечны будзеш на зямлі. А бацькі мяне вучылі: маліся і паважай галоўнага Айца, Бога, і Ён нават у бядзе захавае зерне твайго будучага шчасця.


Чырвоныя Міхейкі
Бацька Веры Іванаўны Амяльянец быў вядомым на ўсе Міхейкі (вёска пад Слуцкам) шаўцом, меў шмат зямлі і яшчэ больш планаў па яе апрацоўцы. А маці працавала краўчыхай, балазе, вельмі дарагая швейная машынка “Зінгер”, якую ў свой час муж прывёз ёй аж з самой Амерыкі, выдавала роўную і якасную строчку. Чаго не скажаш пра лінію лёсу герояў, якая з пачаткам барацьбы з рэлігіяй вельмі рэзка пераламалася: савецкая ўлада планавала ў 1932 г. закрыць усе храмы і да 1937 г. “выгнаць рэлігію з самых зацішных куткоў — сэрцаў людзей”.
У вёсцы Міхейкі ў гэты час саветы пачалі арганізоўваць калгас і ўжо назву яму прыдумалі — “Чырвоныя Міхейкі”. Толькі вось жадаючых патрапіць туды было няшмат. “Калі Іван Шыловіч не ідзе ў калгас, то і нам там рабіць няма чаго”, — бубнілі мужыкі, з павагай пазіраючы на шаўца, які, дарэчы, валодаў такой сілай, што падковы мог гнуць.
— Аднойчы тату, — успамінае Вера Іванаўна, — прысніўся дзядуля ва ўсім белым і сказаў, каб той схаваў кнігі, якія Насця (мая мама) чытае. Яна была пісьменная, любіла чытаць, асабліва зачытвалася Бібліяй. Бацька прачнуўся і склаў кнігі ў куфар. Потым сарваў дошкі ў падлозе за печчу і выкапаў для “бібліятэкі” яму… Раніцай на парозе хаты з’явіўся атрад камсамольцаў на чале з чалавекам з асобага аддзела. “Кажуць, у вас дома ёсць вялікая кніга з крамольнымі тэкстамі. Неадкладна здаць!” — загадалі бязбожнікі і пачалі ператрус. Перавярнулі ўвесь дом, агледзелі гарышча, перацерушылі ўсю салому ў хляве. Бацька з горыччу глядзеў на гэта, а потым прынёс з прыбіральні нейкі тоўсты зборнік: трымайце!
Дзёрзкасць шаўца Шыловіча была ацэнена “па заслугах”: яго прыгаварылі да выпраўленчых работ у працоўным лагеры на Салаўках…

У засценках турмы
— Праз паўгода была арыштавана і мама. У прысудзе было напісана: “Анастасія Шыловіч, якая чытала Біблію — смецце, выкінутае на сметнік гісторыі, прыгаворваецца да пяці гадоў турмы”. Маму павезлі на “чорным варанку” разам з шасцімесячным Ванечкам. У нас забралі зямлю і ўсё, што на ёй вырасла. Калі вывозілі бульбу, то старэйшы Федзя крычаў: “Не забірайце, мы памром з голаду”…
Маму пасадзілі ў Слуцкую турму. Пазней яна распавядала, што ў камеры былі вельмі тоўстыя сцены, яна злякалася і ў першую ж ноч падчас малітвы ў адчаі сказала: “Госпадзі, тут Ты мяне не пабачыш і не пачуеш” — і, здалося, прагучала ў адказ: “Пачую”. Дзякуючы гэтаму цуду, мама зноў здабыла веру і вырашыла не здавацца. Напісала ліст Варашылаву, у якім распавяла пра абставіны свайго арышту. Праз некалькі месяцаў прыйшоў афіцыйны адказ: “Меру пакарання Шыловіч змяніць на два гады ўмоўна”. Яе выпусцілі. А на вуліцы — 20-градусны мароз! Мама ўсё з сябе зняла, каб Ванечку ахінуць. А якое ж там адзенне, калі забіралі іх у канцы жніўня!.. Праз некалькі дзён Ванечка памёр ад пнеўманіі. Мама выжыла. І стала паціху падымаць гаспадарку. Сям’і “ворага народа” трэба было неяк жыць далей без гаспадара.

Пакутнікі-крыжаносцы
Па прыбыцці ў Салавецкі лагер асобага рэжыму Івана Шыловіча накіравалі на лесасплаў. Разам з ім па пояс у ледзяных водах Белага мора працавалі святары. На Салаўках панавалі бязмежнае самаўпраўства наглядчыкаў, грэбаванне чалавечай асобай і ўсёмагутны “блат”. Дзясяткі тысяч зняволеных валілі лес, будавалі дарогі, асушалі балоты. Іх білі палкамі, тапілі, катавалі…
— Асабліва лютавалі над святарамі: іх замест коней запрагалі ў вазы і прымушалі вазіць ваду, цягаць цяжкія камяні… Тата распавядаў, як адзін бацюшка гадоў 35 грузіў бярвёны ў падрасніку з крыжам. Адным словам, у чым забралі, у тым і асудзілі. “Здымі крыж!” — крычаў наглядчык, а той моўчкі працягваў грузіць бярвёны. Кат раззлаваўся, падбег і ўдарыў яго кулаком пад дых: бацюшка зваліўся ў ваду. І не падняўся… Тата неўзабаве захварэў на рэўматызм і быў адпраўлены ў шпіталь. Лагернае начальства, даведаўшыся, што ён шавец, загадала яго расканваіраваць. Побач з камерай, у якой ён утрымліваўся з чатырма святарамі, яму выдзелілі каморку для рамонту абутку і пасадзілі на павышаны паёк: у дзень дадаткова выдавалі два селядцы і вялікі прэсны блін, якія ён перадаваў святарам. Акрамя таго, за кожную пару ботаў тата атрымліваў нейкія грошы, якія мог атаварыць на рынку ў горадзе.
Неяк самы стары святар папрасіў тату купіць віна і падысці да аднае жанчыны, якая гандлюе кропам. Яна, як аказалася, была манахіняй і праз бацьку тайна перадала просфіры для літургіі. Вярнуўшыся з рынку, тата напаіў віном наглядчыка і, калі той заснуў, стаў сведкам здзяйснення ў камеры вялікага Таінства Еўхарыстыі…

Аты-баты, ішлі штрафбаты
Неўзабаве лагер на Салаўках быў расфарміраваны, зняволеных перавялі ў іншыя лагеры. Бязбожная сістэма “чырвонага тэрору”, які апанаваў усю краіну — ад Запаляр’я да Казахстана, ад заходніх межаў да Далёкага Усходу, працавала, як гадзіннік, нават падчас Вялікай Айчыннай вайны і наводзіла жах на ўсіх жыхароў СССР.
Аднойчы пажылы манах-празорца, які сядзеў у адной камеры з Шыловічам, сказаў яму: “Іван, прасіся на фронт. Мы будзем маліцца — і ты выжывеш, і дзяцей тваіх перастануць лічыць ворагамі народа”. Так і адбылося.
— Тата быў адпраўлены ў штрафбат. Перажыў кантузію, аглух, страціў пальцы на левай руцэ, але выжыў… І матулі было вельмі цяжка адной з дзецьмі. У вайну ў нашай вёсцы здарыўся страшны пажар, мама схапіла Казанскую ікону Божай Маці і абышла з ёй вакол хаты — яна адзіная цудам захавалася. Праўда, потым невядомыя людзі яе таксама падпалілі… Вораг быў усюды, але мама заўсёды спадзявалася на Бога. Калі сястрычцы Валечцы немцы загадалі збірацца ў Германію, мама стала на калені і пачала маліцца. Пазней па невядомых прычынах афіцэр на пункце збору сказаў Валі вяртацца дахаты…
Пасля Перамогі вярнуўся і тата. І раскапаў куфар з кнігамі…

Рупар “прапаганды”
Некаторы час вялікая сям’я Амяльянец жыла ў зямлянцы — у голадзе, холадзе, але з верай у Бога, якую так нікому і не ўдалося знішчыць.
Па заканчэнні школы Вера Іванаўна пераехала следам за старэйшым братам Фёдарам на Брэстчыну, некаторы час працавала сакратар-машыністкай у раённым аддзеле адукацыі, а потым паступіла ў Брэсцкі педінстытут.
— Аднойчы перад складаным экзаменам я забегла ў храм і паставіла свечку. А адна студэнтка ўбачыла і тут жа напісала данос у дэканат. Прафесар Калеснік, які выкладаў у нас перакладную літаратуру і нават на лекцыях чытаў урыўкі з Бібліі, узяў тую запіску і паабяцаў разабрацца… Экзамен я яму здала з лёгкасцю. “Адкуль ты ўсё ведаеш?” — пытаўся, а я: “У мяне дома Біблія 1917 года”, — успамінае суразмоўца.
Педагагічную дзейнасць у якасці настаўніцы рускай і беларускай моў і літаратуры жанчына пачынала ў Борках, праз тры гады перавялася ў Галенскую школу. Выйшла замуж за ўрача з Сухопаля, нарадзіла сына і дачку. Пасля дэкрэтнага адпачынку і да самай пенсіі працавала ў Шарашоўскай СШ.
— Вядома, было цяжка, асабліва ў маральным плане. Настаўнікі ў тыя гады ўспрымаліся, як галоўныя рупары атэістычнай прапаганды. Памятаю, як на свята Усячэння галавы прарока Іаана Хрысціцеля мне даручылі выступіць на атэістычную тэму ў полі для калгасніц. Што рабіць? Адказ падказалі самі жанчыны: скажыце начальству, што прачыталі даклад, а мы пацвердзім. Так і атрымалася…
Быў яшчэ такі выпадак. Падышлі неяк вучні (мабыць, ведалі, што я цішком хаджу ў царкву) і спыталі, калі лепш прычасціцца. Адказала, што ў Чысты чацвер перад Вялікаднем. Прыходжу ў школу ў чацвер, а там — палова класа адсутнічае… А было і такое, што выклікалі да дырэктара за тое, што распавядала на ўроку пра Галгофу. Справа ў тым, што тады з дзецьмі праходзілі “Знак бяды” Васіля Быкава. Памятаеце той момант, калі галоўны герой Пятрок, каб адвесці ад роднай зямлі бяду, паставіў на гары крыж, і народ празваў гэтую гару Галгофай? Дык вось як было растлумачыць дзецям, адкуль узялося такое мудрагелістае слова? Толькі прывесці прыклад з Евангелля, — Вера Іванаўна гартае сямейную Біблію і паказвае на “Галгофу” Густава Дарэ.

Па законе Хрыста
Колькі разоў яе мама Анастасія з любоўю гартала гэтыя ж старонкі і паказвала прыгожыя выявы сваім нашчадкам: Фёдару, Валечцы, Мікалаю, Ніне і малодшай Верачцы. Колькі разоў ужо Вера Іванаўна чытала Біблію сваім дзецям: Дзмітрыю, які сёння служыць святаром у Брэсце, і дачцэ Таццяне, якая працуе рэгентам і выкладчыцай у нядзельнай школе ў адным з храмаў на Гродзеншчыне.
— Дык у мяне і зяць Віця святар, — усміхаецца жанчына. — Якая ж гэта радасць мець столькі малітоўнікаў у сям’і! А на небе за нас моліцца мой дзядзька схiархiмандрыт Міхаіл (Калядка). Пра яго вельмі шмат распавядала мая мама. Да рэвалюцыі Міхаіл Фёдаравіч жыў у адным са слуцкіх манастыроў. Пасля кастрычніцкага перавароту эміграваў у Сербію, дзе пазнаёміўся з будучым свяціцелем Іаанам Шанхайскім, які ў 1994 годзе быў прылічаны да ліку святых…
Прызнаюся, што ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях я часта задумваюся аб тым, а як на маім месцы зрабіў бы мой дзядзька і што ў гэтым ці іншым выпадку сказалі б мае бацькі? Пачынаю гартаць Біблію і знаходжу просты адказ: “Любіце людзей, насіце цяжар адзін аднаго, усё даруйце — і так выканаеце закон Божы”.

P.S. У 1990 годзе па распараджэнні тагачаснага Экзарха Беларускай Праваслаўнай Царквы Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) імёны Іаана і Анастасіі Шыловічаў, якія пацярпелі за Хрыста ў гады рэпрэсій, унесены ў вялікі памінальнік Свята-Міхайлаўскага сабора для вечнага памінання.
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча і з уласнага архіва сям’і Амяльянец.