Четверг, 26 ноября 2020

Не ўсе аўтаматары любяць асфальтаваныя дарогі. Пагутарылі з удзельнікам трофі-рэйдаў Аляксандрам Кузьміным

358

Між іншым, як высветлілася, — не ўсе аўтааматары, прыхільнікі асфальтаваных трас. Ёсць нямала і тых, каму больш падабаецца бездарожжа. Пры гэтым лепш за ўсё, калі яго вельмі складана пераадольваць.
Гэта ўсё пра аматараў экстрэмальных гонак, трофі-рэйдаў, якія даволі папулярныя ў нашай краіне. Адным з заўзятых удзельнікаў, які на працягу апошніх пяці гадоў не прапусціў ніводнага падобнага спаборніцтва, з’яўляецца жыхар нашага горада Аляксандр Кузьмін.
«Захварэў» ён на такія гонкі яшчэ ў дзяцінстве.


— Мой тата працаваў у лясной гаспадарцы, і яму быў выдадзены службовы аўтамабіль — першы савецкі пазадарожнік «Ніва», на якім я асвойваў навуку ваджэння,— успамінае мой субяседнік.— Зразумела, што дзесяцігадоваму хлопцу сядаць за руль аўто нельга, то я вучыўся кіраваць машынай там, дзе не было дарог. Так і асвойваў лясы ды балоты пад Мінскам.

Напэўна, таму, калі з’явілася магчымасць набыць аўто, Аляксандр, не задумваючыся, зрабіў выбар на карысць пазадарожніка «Daihatsu». Але, як паказаў час, гэтага аказалася недастаткова, каб стаць удзельнікам трофі-гонак. Упершыню пружанец прыняў удзел у падобным фестывалі аматараў экстрэмальнага ваджэння сем год таму. Выехаў на маршрут і… адразу вярнуўся на стаянку, бо пераадолець выпрабаванні некранутай чалавекам беларускай прыроды на непадрыхтаваным «жалезным кані» аказалася не так проста.

Памылкі былі ўлічаны, і на наступны год Аляксандр стаў паўнацэнным удзельнікам гонак па бездарожжы.

Падрыхтаваць машыну да ўдзелу ва ўсіх рэйдах немагчыма, таму даводзіцца рыхтавацца да кожнага віду спаборніцтваў па індывідуальнай схеме. Захапленне мужа і таты актыўна падтрымліваюць жонка Аксана і дзеці. Усёй сям’ёй Кузьміны выязджаюць на джып-фэсты. Дарэчы, старэйшая Ганна зараз актыўна асвойвае навуку штурмана, без якога пераадолець трасы пілоту будзе практычна немагчыма.

— Я прымаю рашэнне, як лепш праехаць той ці іншы ўчастак, а штурман мне павінен пазначаць накірунак, папярэджваць аб нябачных паваротах,— расказвае Аляксандр.— Адзначу, што ў Ганны ёсць усе задаткі вырасці прафесійным штурманам, што дазволіць нам прымаць удзел у спаборніцтвах вышэйшага ўзроўню.

Што трэба ведаць тым, хто таксама жадае паспрабаваць свае сілы ў экстрэмальным ваджэнні? Як адзначае мой субяседнік, аднаго жадання малавата, патрэбна нямала сродкаў і сіл укласці ў свой аўтамабіль, каб на ім можна было не толькі «выязджаць па грыбы». Тычыцца гэта і спецыяльных колаў, і рознага абвесу, які дапаможа ў складанай сітуацыі. Патрэбны і пэўны настрой. Але ўсе намаганні кампенсуюцца тымі пачуццямі, якія ахопліваюць пасля пераадольвання складанага ўчастка, калі атрымліваецца ў змаганні з выпрабаваннямі выйсці пераможцам, і калі даязджаеш да фінальнай рысы. І ні ў якім разе не дзеля прызоў або іншых узнагарод.

Экстрэмальныя гонкі — камандны від спорту, дзе нярэдка даводзіцца аб’ядноўвацца з сапернікамі. А яшчэ прыходзіць на выручку, бо на бездарожжы можа ўзнікнуць любая сітуацыя, у тым ліку і аварыйная. Ад гэтага практычна няма ніякай страхоўкі ў любога з удзельнікаў. Таму галоўны прынцып — «дапаможаш ты — дапамогуць табе».

Усё гэта зусім нядаўна перажыў і Аляксандр. Напрыканцы верасня ён прыняў удзел у першым этапе кальцавых гонак, якія праводзіліся на Дахлаўскіх балотах на Кобрыншчыне. Там яго экіпаж заняў чацвёртае месца, бо «жалеза» ўсё-такі не вытрымала нагрузкі і на сярэдзіне маршрута «здалося». Зараз наш зямляк занава рыхтуе аўто да новых выпрабаванняў, што пройдуць пад Брэстам.
Алег Сідарэнка. Фота з архіва Аляксандра Кузьміна.