Четверг, 3 декабря 2020

Выхавацельніца Наталля Плеска: «Мая першая група запрасіла мяне на выпускны»

374

Любы педагог скажа, што адукацыя складаецца з двух кампанентаў — навучання і выхавання. І калі рэалізацыю першага мы традыцыйна звязваем са школай, то выхаванне – з дзіцячым садком. Сёння мы вырашылі расказаць пра тых, хто разам з бацькамі дапамагае дзеткам спасцігаць гэты чароўны свет.

Кажуць, што чалавек павінен апынуцца ў патрэбным месцы ў патрэбны час. Выхавацельніца дзіцячага садка №9 г.Пружаны Н.М.Плеска — таму пацвярджэнне. Спачатку яна ніяк не магла вызначыцца з будучай прафесіяй, пакуль траюрадная сястра не пайшла працаваць у садок. Вядома ж, бывала там і Наталля Мікалаеўна. Зносіны з дзеткамі вельмі захапілі тады яшчэ васьмікласніцу, а калі адзін з малых назваў яе мамай, Наталля Мікалаеўна канчаткова вырашыла прысвяціць жыццё дашкольнаму выхаванню.

Але бацькі пагадзіліся не адразу. Мама-настаўніца бачыла дачку, якая скончыла школу з сярэбраным медалём, студэнткай інстытута народнай гаспадаркі або лінгвістычнага ўніверсітэта. Але тая паступіла ў Брэсцкі педінстытут. І зусім не шкадуе пра свой выбар, вернай якому застаецца ўжо больш за чвэрць стагоддзя.

Сёння Наталля Мікалаеўна працуе ў старэйшай узроставай групе. Наступным летам яе выхаванцы пакінуць дзіцячы садок, а восенню адправяцца ў школу. Гледзячы на тое, з якой павагай яны адносяцца да выхавацельніцы і з якой любоўю Наталля Мікалаеўна ставіцца да кожнага дзіцяці, выказваю меркаванне, што расставанне даецца даволі цяжка…

— Сапраўды. Ведаеце, падчас выпускнога плачам усе: і выхавальнікі, і бацькі, і самі дзеткі. Некаторыя нават пытаюцца: “А Вы ў школу з намі пойдзеце?”. Яны ж потым прыходзяць у госці, што вельмі прыемна. Да прыкладу, зараз да мяне даволі часта наведваецца былая выхаванка, ужо шасцікласніца. Ажно да дзявятага класа прыходзілі дзеткі з самай першай групы, якую я вяла ад ясляў да заканчэння садка. Што цікава, яны рыхтавалі для малых розныя казкі, займаліся з імі. Цяпер жа ў іх вельмі адказны час, бо яны ў 11-ым класе школы №5. Але ўсё роўна не забываюць: узялі абяцанне, што я прыду на іх школьны выпускны, — усміхаецца выхавальніца.

Наталля Мікалаеўна адзначае, што вельмі любіць весці групу ад ясляў і да самага выпуску. За гэты час дзетак знаёмяць не толькі з тым, што добра і дрэнна, правіламі паводзін, вучаць выводзіць першыя літары, але прывіваюць такія неабходныя ў жыцці якасці, як павага да старэйшых, узаемадапамога і клопат.

Прывівае Наталля Мікалаеўна сваім падапечным любоў да мастацтва і чытання: рэгулярна выхаванцы наведваюць Пружанскі палацык і бібліятэку. З радасцю для сябе даведаўся, што ёсць у выхавацельніцы традыцыя, якая існавала і ў маёй групе, калі я хадзіў у гэты ж садок (а было гэта 15 гадоў таму!). Перад тым, як класціся спаць, днём дзеткі слухаюць казкі. Напрыклад, зараз спыніліся на “Прыгодах Нязнайкі”. Хіба гэта не цудоўна?!

А яшчэ цудоўна, калі чалавек па-сапраўднаму любіць сваю справу. Наталлю Мікалаеўну не палохаюць ні шматлікія “хацелкі” выхаванцаў, ні працяглыя змены. Увесь час яна ўдасканальваецца сама, распрацоўвае сцэнарыі заняткаў з малымі і стараецца зрабіць усё, каб дзецям у садку было па-сапраўднаму цікава.

— Выхавальнік — гэта стан душы. Чалавек, які выхоўвае, не забывае пра дзяцей нават дома, а таму застаецца маладым душой і сам. Калі б павярнуць час назад, я б усё роўна выбрала менавіта дашкольную адукацыю! Чаму? Таму што дзіцячы садок для мяне – гэта жыццё, зносіны з бацькамі і дзецьмі – вялікая адказнасць, а поспехі малых і іх зіхатлівыя вочы – вялікае шчасце, якое немагчыма замяніць на штосьці іншае.
Даведка «РБ»
ДУА «Яслі-сад №9 г.Пружаны» — дашкольная ўстанова адукацыі, якая функцыянуе больш за 30 гадоў. Сёння садок, што знаходзіцца насупраць бальніцы, наведвае больш за 250 дзетак, у асноўным гэта жыхары новага мікрараёна. У 13-ці групах (у тым ліку санаторнай) працуе больш за 30 выхавальнікаў, таксама з дзеткамі займаюцца кіраўнікі музычнага і фізічнага выхавання. Дзейнічаюць клубы для бацькоў — «Здароўе» і «Татава школа». Усе апошнія навіны, у тым ліку фотаздымкі выхаванцаў, змяшчаюцца на афіцыйным сайце sad9.pruzhany.by.
Уладзіслаў Шпарла, Сяргей Талашкевіч (фота).