Вторник, 1 декабря 2020

Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Валерый Вакульчык прыняў удзел у пасяджэнні Пружанскага райвыканкама

429

Стан падлеткавай злачыннасці, прафілактыка п’янства, наркаманіі і таксікаманіі сярод непаўналетніх — асноўнае пытанне, якое разглядалася на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.


23 кастрычніка яно прайшло пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Ю.Ю.Бісуна. Удзел у пасяджэнні прынялі Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь В.П.Вакульчык, намеснік пракурора Брэсцкай вобласці А.Ц.Тачко, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.Г.Ляўчук.
У сваіх выступленнях намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч і намеснік пракурора Пружанскага раёна А.І.Хвалько адзначылі, што за 9 месяцаў 2020 года на тэрыторыі Пружанскага раёна ў асяроддзі непаўналетніх назіраецца зніжэнне колькасці злачынстваў. Калі ў мінулым годзе за гэты перыяд было зарэгістравана 9 злачынстваў, то сёлета – 7. Гэта крадзяжы, з якіх 2 – з карт-рахункаў пры дапамозе згубленай банкаўскай карты. Адметна, што наогул не было ўчынена асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў, злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў і ў стане алкагольнага ап’янення. У той жа час павялічылася колькасць матэрыялаў у адносінах да непаўналетніх у сувязі з вынясеннем у адносінах да іх пастаноў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ці аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні з-за недасягнення ўзросту, калі непаўналетні можа быць прыцягнуты да такой адказнасці.
З нагоды таго, што правапарушальнікі “маладзеюць”, намеснік пракурора вобласці цікавіўся прычынай гэтага. Адной з якіх, на думку Р.В. Супрыновіча, з’яўляецца бескантрольны доступ падлеткаў да неабсяжнай прасторы інтэрнэту.


—А ці ажыццяўляюць кантроль за гэтым, напрыклад, сацыяльныя педагогі? – пацікавіўся Дзяржсакратар Савета Бяспекі краіны.
Высокаму госцю было даложана, што падобная работа, у тым ліку і па выяўленні суіцыдальнай схільнасці ў падлеткаў, праводзіцца ў школах класнымі кіраўнікамі. Да ўсяго, станоўчы вынік дае рэалізацыя прафілактычнага праекта “Пружаны – здаровы горад”, які мае пераважна антыалкагольную накіраванасць.
Адным з прыярытэтных напрамкаў у прафілактыцы падлеткавай злачыннасці, як адзначалася на пасяджэнні, з’яўляецца забеспячэнне занятасці непаўналетніх, арганізацыя іх аздараўлення і адпачынку. Напрыклад, сёлета было забяспечана часовай працоўнай занятасцю ў свабодны ад вучобы час 125 непаўналетніх, у летні перыяд аздаравілася 780 дзяцей. З 4902 вучняў, якія наведваюць установы агульнай сярэдняй адукацыі, у 204 аб’яднаннях па інтарэсах занята каля трох тысяч вучняў.
Таксама на пасяджэнні падымалася пытанне кантролю за выкарыстаннем вучнямі ў школах разнастайных гаджэтаў. На што старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун слушна заўважыў:
—Пакуль па гэтым пытанні не будзе выпрацавана дакладная лінія дзеянняў для педагогаў, дзяцей і іх бацькоў на дзяржаўным узроўні – адзіная для ўсіх школ, — многія пытанні, звязаныя з гэтым, будуць заставацца нявырашанымі.
Таму да ўдзелу ў вырашэнні як гэтага, так і некаторых іншых надзённых для непаўналетніх пытанняў прасілі далучыцца і высокіх гасцей.
У сваю чаргу, В.П. Вакульчык, які ўзяў слова, падкрэсліў, што фармальнага падыходу ў вырашэнні важных для людзей пытанняў і праблем быць не павінна. Ён расказаў аб грамадска-палітычнай сітуацыі, якая складваецца на дадзены момант у краіне. Даў канкрэтную ацэнку становішчу спраў на Пружаншчыне.
—Сітуацыя пад кантролем, — адзначыў Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь. — Адчуваецца, што ў раёне ёсць сапраўдны гаспадар.
Галіна Каляда. Фота Алега Сідарэнкі.