Среда, 2 декабря 2020

Сям’я Зубко: «Домік у вёсцы — адпачывай і зарабляй»

336

Некалькі гадоў таму, калі сямейная пара Зубко купляла гэтую вясковую сядзібу ў в.Палоннае Забалацце, 17, планавалася тут і адпачываць, і працаваць… з фінансавай карысцю. І тэрыторыя, плошчай звыш 30 сотак, дазваляла рабіць гэта.

За зусім кароткі прамежак часу на сядзібе быў наведзены выключны парадак, і яна набыла нетыповы для вёскі «еўрапейскі» выгляд. Адрамантавалі і пафарбавалі дыхтоўны драўляны домік, прыбудавалі летнюю тэрасу, разбілі шыкоўны кветнік, дзеля зручнага забеспячэння вадой прабілі ўласную свідравіну.

Проста непазнавальна змяніўся двор, які ўпрыгожылі пушыстыя туі, а таксама ранейшы вясковы агарод, што займае палову тэрыторыі. Замест старых яблынь чатыры гады таму быў закладзены малады сад з пяцідзесяці пладовых дрэў: адборных груш, яблынь, сліваў, чарэшань, вішань.

Але галоўнае — была закладзена плантацыя садовых буякоў і маліны, да якіх правялі кропельны паліў.
—На ягады, якія меркавалі прадаваць, мы рабілі асаблівую стаўку, — расказвае гаспадыня. — І вынік не прымусіў чакаць. Ураджайнасць павялічвалася штогод. Напрыклад, ужо на трэці год з кожнага куста буякоў мы мелі па кілаграме буйных, памерам з вішню, і салодкіх ягад. Сёлета, на чацвёрты год, атрымалася ўзяць па 2,3 кілаграма ягад з куста. Ураджайнасць склала 230 кілаграмаў. Ураджайнасць рэмантантнай маліны, якая пладаносіць з вясны і амаль што да замаразкаў, была сёлета значна большай — звыш паўтоны. І першую маліну нарыхтоўшчыкі прымалі па 10 рублёў за кілаграм. Вось і лічыце чысты прыбытак. А ўраджайнасць на наступны год павялічыцца яшчэ…

Дарэчы, духмянымі ягадамі маліны на плантацыі Людмілы Зубко мы частаваліся прынамсі некалькі дзён таму. Ад мноства сакавітых ягад дагэтуль там чырванеюць кусты.

Праўда, ранейшага задавальнення гэта гаспадыні ўжо не дастаўляе: па жыццёвых абставінах свой цудоўны домік у вёсцы ёй даводзіцца прадаваць.

—Мару толькі, каб ён дастаўся дбайнаму гаспадару і добраму чалавеку, — шчыра прызнаецца Людміла Сцяпанаўна. — Мы столькі ўклалі сюды сваёй сілы і энергіі…

А між тым, тут, зусім побач з райцэнтрам, можна не толькі адпачываць і зарабляць, але і пастаянна пражываць. Чым не выйсце, каб вырашыць свае жыллёвыя, а разам з тым, і фінансавыя праблемы? Вопыт у садоўніцтве я маю і нават магу ім падзяліцца. Тэл. 8-029-655-82-74.

Галіна КАЛЯДА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)