Воскресенье, 20 июня 2021

В воскресенье свой профессиональный праздник отметят работники автомобильного транспорта и дорожного хозяйства

630

За апошнія некалькі гадоў вадзіцелі нашага раёна, а таксама транзітнікі сталі сведкамі глабальных дарожных рэканструкцый. Істотна змяніла свой выгляд дарожная сетка ў пасёлку Ружаны і каля яго. А сёлета была праведзена капітальная рэканструкцыя гарадскога кальца. Гэта зараз абмяркоўваецца ў шафёрскім асяроддзі: ёсць тыя, хто абураецца змяненнямі, а некаторыя, наадварот, іх адабраюць. Кропку над «і» паставіць час… Аднак, як зазначае начальнік філіяла ДЭУ-25 У.І.Пунько, у любым выпадку пакідаць кальцо ў тым стане, што назіраўся дагэтуль, было нельга.

За вытворчасцю наглядаюць прараб І.А.Бык, начальнік будаўнічай лабараторыі Д.В.Міхееў і майстар Я.Ю.Грышкевіч.

— Апошні раз капітальны рамонт кальцавой развязкі на ўездзе ў райцэнтр праводзіўся ў 1999 годзе,— гаворыць Уладзімір Іванавіч.— Ды і сама аптымізацыя наспела даўно з улікам павелічэння транспартнага патоку, у тым ліку і транзітнага. Разам з тым, зазначу, што выканаць усё запланаванае ў вызначаныя тэрміны і ў поўным аб’ёме ўдалося, толькі дзякуючы прафесіяналізму дарожнікаў нашай арганізацыі.
— Традыцыйна з нагоды прафесійнага свята адзначаюцца самыя лепшыя работнікі. Каго б Вы назвалі сёлетнімі перадавікамі ДЭУ-25?
— Зразумела, што напярэдадні прафесійнага свята мы будзем узнагароджваць самых лепшых работнікаў дарожнай арганізацыі. Але іх дасягненні былі б немагчымы, калі б увесь наш калектыў не працаваў, як адзіны і зладжаны механізм. Напрыклад, калі б не так адказна ставілася да сваіх абавязкаў брыгада асфальтаўкладкі на чале з начальнікам участка А.У.Сілівонцам, а разам з ёй работнікі асфальтабетоннага (прараб І.А.Бык) і эмульсійнага (майстар Я.Ю.Грышкевіч) заводаў, то і вынік быў бы іншым.

Брыгада асфальтаўкладкі працуе на рамонце аўтобусных прыпынкаў.

Першыя ўкладвалі асфальт сёлета ў Брэсце, Баранавічах, Пінску, Івацэвічах, прымалі ўдзел у падрыхтоўцы да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2020». Асфальтавыя прадпрыемствы забяспечваюць усе планы матэрыялам, а яшчэ пастаўляюць дарожную сумесь іншым прадпрыемствам, папаўняючы такім чынам агульную скарбонку. Сёлета яны прайшлі экалагічную рэканструкцыю з пераводам на прыродны газ, з-за чаго істотна знізіліся аб’ёмы адпрацаваных выкідаў у атмасферу. У бягучым годзе яны забяспечвалі пастаўку эмульсіі для рамонту дарожнага пакрыцця па ўсёй Гродзенскай вобласці.
— Напэўна, падмуркам добрасумленнага стаўлення да сваіх абавязкаў з’яўляюцца тыя, хто працуе ў ДЭУ-25 не адно дзесяцігоддзе, а таксама ветэраны дарожнай арганізацыі?
— Так, мы падтрымліваем і заахвочваем тых, хто адданы свайму працоўнаму месцу і трымаецца за яго. Мы шануем памяць пра тых, хто аддаў значную частку свайго жыцця ДЭУ-25 і пайшоў на заслужаны адпачынак менавіта з нашага ўпраўлення. Напрыклад, на пачатку верасня на пенсію выйшаў адзін з самых вопытных работнікаў — начальнік лінейнай дарожнай дыстанцыі У.І.Меляшчук, які 11 гадоў адпрацаваў у нас на розных пасадах. Такі ж багаты вопыт і стаж маюць многія цяперашнія работнікі: вадзіцель пагрузчыка У.І.Віцько, машыніст экскаватара А.С.Станкевіч, вадзіцелі грузавікоў А.С.Карунас і М.К.Каралюк, дарожны рабочы В.М.Пекач.

Там, дзе на сваім катку праездзе машыніст А.Р.Барташэвіч, застаюцца толькі роўныя дарогі.

З нагоды Дня дарожніка віншую нашых ветэранаў, вопытных работнікаў і тых, хто толькі пачаў працаваць на дарозе, з прафесійным святам. Машыне, каб праехаць адзін метр, патрэбна менш за секунду. А вось зрабіць дарогу на такую адлегласць — не адна гадзіна даволі цяжкай працы. Няхай у вас і надалей хапае здароўя, сіл і энергіі прыносіць карысць тым, хто ездзіць па нашых дарогах. А яшчэ гонару за зробленае сваімі рукамі і крыху больш цёплых слоў з боку аўтамабілістаў.

Фінансавую падтрымку ўсіх планаў кантралюе бухгалтэрыя, у якой працуюць галоўны бухгалтар З.М.Курчак і спецыялісты І.У.Якімчык, В.Я.Данілкіна і В.І.Мішкевіч.

Гутарыў Алег Сідарэнка.
Фота аўтара