Пятница, 4 декабря 2020

Любоў, памножаная на пяць. Уладальніца ордэна Маці Вольга Рошчанка расказала пра сваю сям’ю

1 057

З дзяцінства яна хацела дапамагаць усім, каму гэта патрэбна. Можа, таму спачатку марыла стаць урачом, пасля – настаўніцай, сёння ж працуе сацыяльным работнікам. А вось на першае месца заўсёды ставіла дом і сям’ю.
Сёння Вольга Мікалаеўна Рошчанка – шчаслівая матуля і жонка. Дзень маці для яе – свята асаблівае, бо віншуюць з ім муж і пяцёра дзетак, якіх яна называе сваім жыццём, сваім адлюстраваннем і сэнсам… Сёлета да гэтых віншаванняў дадалася і высокая ўзнагарода – ордэн Маці.
Пачынаецца ўсё з кахання…


У выпадку з Вольгай Мікалаеўнай – з кахання школьнага. Пытаюся: “Няўжо за адной партай сядзелі?”. Аказалася, што разам з Юрыем яны вучыліся з першага класа, але ўвагу на хлопца дзяўчына звярнула толькі ў дзясятым. Раней і не было калі, бо з самага дзяцінства яна наведвала мноства секцый і гурткоў па інтарэсах.
– Асоба чалавека фарміруецца яшчэ ў маленстве. Які ты там, такі і ў дарослым жыцці. Дык вось з ранняга дзяцінства і да гэтага часу я вельмі актыўная. У школьным узросце наведвала літаральна ўсе існуючыя ў Пружанах аб’яднанні. Усё гэта было настолькі пераплецена, што часам за фартэпіяна ў школе мастацтваў сядала з траўмай пальца пасля гульні ў валейбол у спарт-школе, – дзеліцца Вольга Мікалаеўна.
Такім жа актыўным быў і застаецца і муж Юрый. Школьнае каханне не закончылася разам з выпускным, у хуткім часе пара ўзяла шлюб. Такім чынам, разам Вольга і Юрый ужо амаль 20 гадоў і зусім не надакучылі адзін аднаму, наадварот, з кожным днём каханне толькі ўзмацняецца.

Дзеткі – жыцця кветкі!


А пацвярджэнне сапраўднаму каханню – дзеці. Сама Вольга Мікалаеўна выйшла са шматдзетнай сям’і, у якой было пяцёра дзяцей, яна – адна з блізнят. Яе сястра жыве ў Маскве і таксама выхоўвае пяцярых дзяцей, у другой сястры іх восем, а ў прабабулі Вольгі Мікалаеўны было 12. Пра тое, што быць шматдзетнай наканавана і ёй, задумвалася і Вольга Мікалаеўна. У планах некалі было максімум тры дзіцяці, але зараз жанчына не можа ўявіць сябе без сваіх пяцярых “я”, і, канечне ж, мацярынскае сэрца ў роўнай ступені хвалюецца абсалютна за кожнага.
15 гадоў таму ў сям’і Рошчанкаў з’явіўся першынец. Вольга і Юрый хацелі хлопчыка. Так і атрымалася. Муж назваў сына Янам. Сёння хлопец атрымлівае прафесію агранома ў каледжы. Любоў да музыкі – ад мамы: Ян скончыў музычную школу па класе гітары. Любоў да спорту – ад бацькі, які рэгулярна наведвае трэнажорную залу, таму і Ян з чатырох гадоў займаўся ў секцыі па хакеі. Часам клічуць на лёд і зараз. А яшчэ сын – вельмі шчодры і душа кампаніі – прызнаецца мама.
Патрабавальнасцю, строгасцю і мэтанакіраванасцю адрозніваецца Лія, якой сёлета споўнілася 12. Калі была зусім маленькай, дзяўчынка рэгулярна наведвала хакейныя трэніроўкі брата, а неўзабаве паставіла бацькоў перад фактам: хачу быць фігурысткай. Дзеля гэтага ў два гады стала на ролікі! На іх жа рассякала па лыжаролернай трасе, што за Лядовым палацам. А ўжо ў тры гады стаяла на каньках. Трэнеры, кажа Вольга Мікалаеўна, вельмі здзівіліся, таму што дачка паехала самастойна, без чыёй-небудзь дапамогі. Аднойчы, каб прыняць удзел у спаборніцтвах, Ліі паставілі задачу: сесці на шпагат. І дзяўчынка зрабіла гэта, хаця трэніравалася ўсяго тыдзень. Дзякуючы сваёй упартасці, яна не раз займала прызавыя месцы ў тым ліку на міжнародных турнірах. А яшчэ Лія, як і мама раней, наведвае харавое аддзяленне музычнай школы і клас фартэпіяна.
– Калі я ўпершыню ўзяла на рукі сваё трэцяе дзіця, сказала дачцэ: якая жа ты мілая! А малая ўсміхнулася ў адказ. Пасля гэтага не назваць дзяўчынку Міланай мы проста не маглі, – расказвае Вольга. Аказалася, што імя выбралі абсалютна правільна: дачушка не толькі прыгожая, але паслухмяная і добрая. Дарэчы, наведвае школу мастацтваў, дзе вучыцца граць на скрыпцы, і вывучае англійскую мову.
Вельмі стойкая і з характарам дачка Даміра. Такую “загартоўку” яна атрымала яшчэ ва ўлонні маці. Справа ў тым, што якраз, калі была цяжарная дзяўчынкай, Вольга Мікалаеўна цяжка хварэла. Кажа, што давялося перажыць лячэнне, якое ніяк не спалучалася з цяжарнасцю. Таму чакала першае даследаванне, як прыгавор. Страх дапамаглі пераадолець вера і малітва. Дачка нарадзілася абсалютна здаровай.
Самы малодшы Радмір – сапраўдны мамін абаронца. Вольга Мікалаеўна падзялілася гісторыяй, якую не забудзе ніколі: неяк суседка прыйшла з маленькім сабачкам, пусціла яго пагуляць і, вядома ж, той стаў гаўкаць. Раптам Радмір падбег да матулі і закрыў яе сабой. І гэта ў годзік! І зараз малодшы сынок стараецца заўсёды радаваць маму: калі тая стамляецца, нясе ёй падушку, а калі гуляюць разам, зрывае дзьмухавец і дорыць яго самаму роднаму чалавеку. Хіба гэта не міла?

Шчасце – быць патрэбнай і любімай!
Часам у Вольгі Мікалаеўны пытаюцца: што Вы робіце з такой вялікай колькасцю дзяцей? Жанчына кажа, што такое пытанне проста здзіўляе. Першае, што яна адказвае: люблю. Шматдзетная мама прызнаецца: калі насіла пад сэрцам Лію, не разумела, як гэта магчыма – любіць другое дзіця так, як і першае. Аказалася, што мацярынская любоў не дзеліцца, а наадварот – памнажаецца. І дзеці адказваюць маме такой жа любоўю. Сям’я стараецца як мага часцей збірацца разам. Хоць тата працуе індывідуальным прадпрымальнікам, кожную нядзелю прысвячае выключна дзецям і жонцы. Усе разам Рошчанкі ходзяць у трэнажорную залу або на варкаўт-пляцоўку, проста гуляюць. Малыя вельмі любяць рабіць прабежкі разам з татам. Добрая традыцыя – святкаванне дзён нараджэння. Звычайна гэта вялікае свята, тым больш, што мама нарадзілася 21 верасня, а тата – 22-га. І калі бацькі адзначаюць яго дома, то дзеткам стараюцца наладзіць свята ў кафэ ці парадаваць іх паездкай. Любяць выбірацца разам на рыбалку, у лес або на возера. А яшчэ па нядзелях наведваюць царкву, дзе Вольга Мікалаеўна, да таго ж, вядзе заняткі ў нядзельнай школе.
Ці хацела б шматдзетная мама нешта змяніць у жыцці і ці лічыць сябе гераіняй? Не. Вольга Мікалаеўна толькі дзякуе Богу за шчасце мацярынства, за магчымасць бачыць святло ў вачах дзяцей, а разам з ім – непадробную любоў і шчырасць, а дзяржаве – за фінансавую падтрымку.
– Нічога не трэба баяцца, – кажа яна жанчынам, якія плануюць нараджэнне дзіцяці. – Не важна, у якім узросце, неабходна нараджаць. Хто мы такія, каб вырашаць лёс маленькага, бездапаможнага чалавека? Аборт – гэта вялікі грэх. Абсалютна любы чалавек мае права на жыццё. А калі мы молімся за дзяцей, Бог іх абавязкова аберагае. Ведаеце, я лічу, што ўсе павінны дарыць адзін аднаму любоў, клопат і падтрымку. І сама стараюся жыць згодна з такімі радкамі: “Любі людзей, як любіць цябе Бог. Дары астатнім тое, што Ён дорыць табе. Хай кожная душа тое ў табе знаходзіць, што сам знайсці ты ў Богу змог…”
Уладзіслаў Шпарла.
На здымках: шматдзетныя бацькі Вольга і Юрый Рошчанкі; гонар мамы і таты — пяцёра дзяцей.
Фота Сяргея Талашкевіча і з сямейнага архіва.