Воскресенье, 20 июня 2021

Інжынер-праекціроўшчык Ганна Мелех пра сваю прафесію: «Давядзецца вучыцца, вучыцца і зноў вучыцца»

413

Нават калі ў цябе ёсць пэўная мэта і ты прыкладаеш усе свае намаганні, каб яе дасягнуць, нешта можа не скласціся. Але, як лічыць вядучы інжынер-праекціроўшчык КУВП АПП “Пружанская архітэктура” Ганна Мелех, усё, што ні робіцца, — да лепшага.

—Як ты прыйшла да выбару прафесіі?
— Я вельмі хацела стаць архітэктарам. Здавалася, усё для гэтага ёсць: мне лёгка даваліся дакладныя навукі, а яшчэ я скончыла мастацкую школу, мае малюнкі займалі прызавыя месцы ў разнастайных конкурсах і на алімпіядах. Ужо ў школьныя гады ў мяне было ўяўленне пра 3D-візуалізацыю (якой пазней займалася на апошніх курсах універсітэта). Галоўнае – пачуць сябе.

—Як праходзіла падрыхтоўка да паступлення?
— Падрыхтоўка была вельмі сур’ёзнай. Акрамя ЦТ будучыя архітэктары павінны здаць экзамен па тэхнічным малюнку і начартальнай геаметрыі. Цэлы год я займалася з рэпетытарамі ў Брэсце па гэтых прадметах, а ў Пружанах наведвала рэпетытараў па матэматыцы і мове.
Крыўдна, але мне не хапіла аднаго бала для паступлення: у спісе з 42 чалавек я апынулася 43-й. На шчасце, здавала і трэцяе тэсціраванне (па фізіцы) для падстрахоўкі. Набраных балаў аказалася дастаткова, каб стаць студэнткай факультэта прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Але так проста ад сваёй мары адступаць я не збіралася і пасля першага курса забрала дакументы, каб “перапаступіць” на архітэктурны. І зноў жа такая магчымасць спынілася менавіта на мне: “перапаступленне” адмянілі, а губляць год не хацелася.
Калі ў некага ўзнікла жаданне паступаць менавіта на архітэктурны факультэт, то майце на ўвазе, што без заняткаў з рэпетытарамі па тэхнічным малюнку і начартальнай геаметрыі гэта нерэальна.

—Што адметнага было падчас вучобы?
— Да трэцяга курса я шкадавала, што не трапіла на архітэктурны факультэт. Лічы, два гады мы вывучалі тыя ж школьныя прадметы, толькі больш паглыблена. А вось калі пачаліся прадметы па спецыяльнасці, у мяне прачнуўся такі інтарэс! Цяпер я і не шкадую, што ўсё склалася такім чынам.
Цікава, што яшчэ ў 90-ыя гады мінулага стагоддзя наша спецыяльнасць лічылася “мужчынскай”: на ўвесь паток паступала толькі некалькі дзяўчат. Цяпер жа ў аўдыторыях назіраецца гендарная роўнасць.
Універсітэт дае добрую базу ведаў, але чым больш часу вы будзеце прысвячаць самаадукацыі, тым лепшым спецыялістам у выніку станеце.

—Што ўваходзіць у твае штодзённыя абавязкі?
— Я займаюся распрацоўкай праектаў будаўніцтва, рэканструкцыі, мадэрнізацыі, добраўпарадкавання розных аб’ектаў. Калі паспрабаваць сказаць простымі словамі, то я “бачу ў галаве”, як павінен выглядаць аб’ект, які ў яго будзе функцыянал, якія матэрыялы трэба задзейнічаць. Пасля ўсё я пераношу на паперу, а вось інжынеру-будаўніку застаецца ўвасобіць гэта ў жыццё. Шмат часу даводзіцца праводзіць за камп’ютарам, але неабходна выязджаць і на мясцовасць, знаёміцца з асаблівасцямі ландшафту, рабіць замеры. Працую з нарматыўнымі базамі, вывучаю шмат дакументацыі.

— Якімі якасцямі павінен валодаць будучы архітэктар ці інжынер-праекціроўшчык?
— Прафесія падыдзе людзям, схільным да дакладных навук, але наяўнасць мастацкіх здольнасцей таксама неабходна. Спатрэбяцца ўседлівасць, уменне працаваць у сціслыя тэрміны. Зноў жа – не будзе лішняй самаадукацыя.
Калі вы гатовы да таго, што “вучыцца” давядзецца і пасля заканчэння ўніверсітэта, то прафесія не расчаруе.
Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.