Четверг, 3 декабря 2020

У Пружанах адкрыўся магазін фірменнага гандлю «Цацкі»

1 117

На мінулым тыдні ў Пружанах адкрыўся магазін фірменнага гандлю «Цацкі» СТАА «ВП Палессе».


Перапрафіляваць адзін са сваіх гандлёвых аб’ектаў: а «Цацкі» з’явіліся на месцы былога магазіна-кулінарыі «Магнолія», што насупраць гімназіі, — ФПР «Прадтавары» вырашыў невыпадкова. Як зазначыла дырэктар філіяла Таццяна Жук, магазін ужо даўно не карыстаўся належным попытам, бо не адпавядаў сучасным патрабаванням.

Вызначыцца з яго новым профілем дапамагло само месцазнаходжанне. «Праз дарогу ад магазіна знаходзіцца гімназія, і асноўным кантынгентам, зразумела, застаюцца дзеці. Мы гэта ўлічылі: пакінулі магчымасць як дзецям, так і дарослым заходзіць да нас па прадукцыю грамадскага харчавання», — удакладніла Таццяна Аляксандраўна.

У прыватнасці, у магазіне арганізаваны сучасны куток «Ежа і кава», дзе можна купіць чай, каву (яе, дарэчы, прапануецца восем відаў на выбар), пірожныя, булачкі, а таксама такія папулярныя сёння фаст-фуды, як бургеры, гамбургер, чызбургеры, французскія хот-догі, сэндвічы.


Тым не менш — асноўным прызначэннем магазіна стаў гандаль цацкамі. Увесь тавар, які можна знайсці на паліцах, — СТАА «ВП Палессе». Да слова, сёння асартымент, які выпускаецца прадпрыемствам, налічвае больш за 4000 найменняў. У пружанскім магазіне, вядома, не змаглі змясціцца ўсе. На паліцах пружанскага магазіна фірменнага гандлю можна знайсці каля 1700 найменняў цацак розных таварных груп: лагічныя цацкі, бразготкі, летнія наборы, канструктары, гульнёвыя комплексы, транспарт, лялькі і мэбля для іх, тавары для актыўнага адпачынку, самакаты, друкаваныя выданні…

Варта заўважыць, што на сённяшні дзень «Палессе» — гэта не толькі вытворца, але і імпарцёр, таму невыпадкова побач з беларускімі цацкамі можна ўбачыць тавары для дзяцей замежнай вытворчасці. Адным словам, у магазіне абяцаюць дапамагчы падабраць пакупку для дзетак рознага ўзросту, у тым ліку для самых маленькіх, любога прызначэння і на розны кашалёк. «Ёсць нават музычныя мяккія цацкі. Вось, напрыклад, мядзведзік, які не толькі спявае калыханку, але і расказвае казкі, — дэманструе дырэктар. — Можна начытаць казку працягласцю не больш за дзесяць мінут, якая захаваецца ў памяці цацкі, і затым мядзведзь маміным голасам будзе расказваць яе дзіцяці».
Сёння «Палессе» — брэнд вядомы не толькі ў нашай краіне. «Без перабольшання, наша прадукцыя ўжо не мае патрэбы ў прадстаўленні: мы з’яўляемся адным з буйнейшых вытворцаў цацак не толькі ў СНД, але і Еўропе, — гаворыць намеснік начальніка аддзела збыту СТАА «ВП Палессе» Дзмітрый Аксёнаў. — Наша прадукцыя абсалютна бяспечная, вельмі высокай якасці, экалагічна чыстая — цацкі вырабляюцца з выкарыстаннем толькі харчовых фарбавальнікаў, пра што сведчаць адпаведныя сертыфікаты. Таму не дзіўна, што сёння нам давяраюць бацькі больш як з 70 краін свету».

У дзень адкрыцця кожны пакупнік цацак, незалежна ад сумы ў чэку, у якасці «кампліменту» ад магазіна атрымаў міні-пірожнае.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).