Четверг, 3 декабря 2020

У райцэнтры прайшоў кірмаш «Пружанская восень»

593

Старт сезонным сельскагаспадарчым кірмашам на Пружаншчыне быў дадзены больш за тыдзень таму: першымі гандаль сельгаспрадукцыяй наладзілі ў Шарашэве. У мінулую пятніцу зрабіць запасы агародніны і садавіны на зіму можна было і ў Ружанах. А ў суботу эстафету перанялі Пружаны, дзе прайшла традыцыйная «Пружанская восень».


Трэба адзначыць, што сёлета плошча, занятая пад гандлем сельскагаспадарчай прадукцыяй, сабранай на палетках і ў садах, была заўважна меншай. Тым не менш, гэта, здаецца, ніякім чынам не адлюстравалася на запасах на зіму наведвальнікаў кірмашу. Ва ўсякім разе, чуць, што камусьці чагосьці не хапіла, не давялося.


Машыны са збожжам і бульбай былі размешчаны з такім разлікам, каб пакупнікам была магчымасць пад’ехаць на машыне. Пенсіянерам і інвалідам дапамогу ў дастаўцы агародніны аказвала сацыяльнае таксі, у пагрузцы — валанцёры з БРСМ. Дарэчы, аднымі з першых пляцоўку за Палацам культуры пакінулі работнікі ААТ «Мурава»: таварыства выставіла самую нізкую цану на збожжа — 45 капеек за кілаграм пшаніцы і 40 капеек за трыцікале, таму пакупнікі разабралі яго з абедзвюх машын літаральна за паўгадзіны. Тым не менш, астатнія: ААТ «Агра-Калядзічы», ААТ «Радзіма», філіял РУП «Брэстэнерга» «Аграэнерга-Зеляневічы» — у якіх цана на пшаніцу, ячмень і трыцікале была на некалькі капеек вышэйшай, не гублялі надзеі вярнуцца з пустымі кузавамі.


Бадай, самым запатрабаваным таварам на кірмашы была капуста. Толькі ААТ «Пружанскае» прадало яе каля 8 тон. Розныя прадаўцы за яе бралі ад 25 да 30 капеек за кілаграм. Прааналізаваўшы цану не толькі на капусту, але і на некаторую іншую агародніну, пры жаданні можна было заўважна зэканоміць. Напрыклад, цана на памідоры стартавала ад 1 рубля: у фермераў — і па адным, і па два, і па 2,5 рубля, у райспажыўтаварыства — па 1,43 рубля. Перац з прыватнай машыны прадавалі па цане ад 1,80 да 2,5 рубля за кілаграм. Дзяржаўны гандаль прасіў за яго ўсяго 1 рубель.


Да слова, цэны на некаторую прадукцыю адрозніваліся і ў розных філіялаў райспажыўтаварыства: «Прадтавары», напрыклад, прадавалі моркву па 50 капеек, часнок — па 5,01 рубля, «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» — па 55 капеек і 5,72 рубля адпаведна, «Колас» — па 42 капейкі і 5 рублёў роўна. У двух апошніх, дарэчы, у продажы былі журавіны — па 4,72 рубля («ККП») і 4,29 рубля («Колас») за кіла-грам (прыватнікі ягаду аддавалі па 5 рублёў). Цыбулю можна было купіць па цане ад 42 да 64 капеек, буракі — па 35 капеек. Цэны на бульбу вагаліся ў залежнасці ад гатунку: і 45, і 50 , і 55 капеек. Тое ж можна сказаць і пра яблыкі, кілаграм якіх можна было купіць як за 70, 80 капеек, так і за 1 рубель. Тое ж тычыцца і груш, якія прадаваліся на прыватных прылаўках: і па 2 рублі, і па 2,5, і па 3 рублі.
У ААТ «Ружаны-Агра» і «Жураўлінае» попытам, бадай, большым, чым на агародніну, карысталася прадукцыя ўласнай вытворчасці: сырая свіная каўбаса, купаты, шпікачкі, сала, наборы для булёну, грудзінка, шыйная выразка, паляндвіца, мясныя рулеты, катлеты, галубцы і іншыя паўфабрыкаты.


Не вярнуліся з кірмашу з пустымі рукамі і тыя, хто прыйшоў на яго па саджанцы. Яблыні, грушы, абрыкосы, вішні, чарэшні, буякі, грэцкія арэхі, бружмель, вінаград, ажыны, маліна, парэчкі, журавіны… Каб зацікавіць пакупніка хтосьці нават прапаноўваў пакаштаваць ураджай розных гатункаў тых ці іншых відаў пладовых дрэў. Саджанцы выключна для азелянення ўчастка таксама былі ў асартыменце.


Акрамя таго, на кірмашы можна было купіць жывую рыбу: карпаў, амураў, таўсталобікаў. Яе, як звычайна, прывёз доследны рыбгас «Сялец». Прычым пакупнікі разабралі амаль усе паўтоны рыбы. У дастатку было і мёду: яго прывезлі гандляры і са Спорава, і з Ваўкавыскага раёна, і з прыватнай пасекі «Белавежскі мёд» са Свіслацкага раёна. Хапала пакупнікоў і каля палаткі ААТ «Пружанскі малочны камбінат». З дзясятак заявак на пакупку і дастаўку дроў і брыкету падчас кірмашу прыняў райпаліва-збыт.


Традыцыйна ў «Горадзе майстроў» можна было набыць тыя тавары, кія на паліцах магазінаў не знойдзеш. Сувенірную і не толькі прадукцыю, у тым ліку ручной работы, прывезлі рамеснікі з розных куткоў Беларусі: з Гродна, Мінска, Воранава, Віцебска, Івацэвіч… Гэта і разнастайныя ганчарныя вырабы, і фруктоўніцы, кошычкі, хлебніцы, вазачкі з лазы, валеныя цацкі, драўляныя посуд, бочкі, скарбонкі, сувеніры і многае-многае іншае.


Працавалі палаткі грамадскага харчавання.

Эпідэміялагічная абстаноўка, якая склалася сёлета, прымусіла ўнесці карэктывы ў традыцыйны сцэнарый правядзення кірмашу і часткова адмовіцца ад забаўляльнай часткі . У прыватнасці, сельскіх падворкаў, якія раней прадстаўлялі сельсаветы раёна, на гэты раз не было. Тым не менш, тыя, хто прыйшоў не толькі па хлеб, як кажуць, але і па відовішчы, без уражанняў не засталіся.


На гарадской сцэне былі ўшанаваны пераможцы конкурсу сярод маладых сем’яў на лепшы сельскі падворак. Сёлета ўдзел у ім узяло сем сем’яў, якія даслалі відэаматэрыялы, якія адлюстроўвалі іх жыццё, дэманстравалі прысядзібную гаспадарку, якую яны вядуць. Лепшым быў прызнаны падворак Мікалая і Вольгі Капіцаў з Мокраўскага сельсавета. Другое месца заняў падворак Сяргея і Кацярыны Яроцкіх (Хараўскі сельсавет), трэцяе — Аляксандра і Карыны Талаёў (Зеляневіцкі сельсавет). Былі адзначаны падворкі і іншых удзельнікаў: сем’яў Кот, Кірухіных, Венска. Усе яны былі адзначаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ад арганізатараў конкурсу.


На агляд-конкурс прывезлі сваіх «маладзіц» сельскія Дамы культуры. Па выніках тэатралізаваных прадстаўленняў лепшай «халасцяк», дэлегаваны членамі журы на сцэну, назваў удзельніцу з Мокрага.


А вось пераможцам самага смачнага конкурсу на лепшую сервіроўку беларускай стравы «Смачны сэт» быў названы калектыў Роўбіцкага СДК, які прадставіў на суд журы «Парасяцінку па-роўбіцку» — страву, не толькі смачна прыгатаваную, але і прыгожа аформленую. Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што і астатнія ўдзельнікі пастараліся і прадэманстравалі свае кулінарныя здольнасці і фантазію.


Акрамя таго, у святочнай праграме, якая разгарнулася на сцэне каля Палаца культуры, былі выступленні народнага хору «Вербніца», вакальных гуртоў «Надзея», «Клепачанка», «Жамчужыны», «Забава», народнага аматарскага аб’яднання «Смаляначка», народнага вакальнага ансамбля «Землякі», а таксама самадзейных салістаў. Артысты нагадалі, што кірмаш — гэта не толькі месца, дзе можна зрабіць запасы на зіму, але і адпачыць душой.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Больш здымкаў тут:
https://vk.com/album-23306785_275292126