Пятница, 30 октября 2020

Гісторыя з фатаграфіяй. Гасцініца, бібліятэка, танцклас…

332

Шматлікія фатаграфіі, зробленыя на гарадскіх вуліцах у другой палове мінулага стагоддзя, захавалі будынкі, якіх ужо няма.


Напрыклад, гэты дом па вуліцы Савецкай. Шмат гадоў тут размяшчалася гасцініца. Пэўны час у частцы яе пакояў, калі рамантавалі стары будынак «чырвонай» школы, займаліся вучні. Напачатку 1970-х у Пружанах пабудавалі новую гасцініцу «Мухавец» каля такога ж новага будынка райвыканкама, а ў старое памяшканне пераехала гарадская бібліятэка, а калі і для яе знайшлі больш зручнае месца, некаторы час тут займаліся танцоры са школы мастацтваў.
Але перад «Дажынкамі-2003» пачалася буйная перабудова Пружан — і ўсе старыя дамы на гэтым баку Савецкай знеслі. Нават цяжка ўявіць цяпер, што не такая ўжо вялікая прастора паміж магазінам «Універсам» і Палацам культуры была шчыльна забудавана.
Дарэчы, пра бібліятэку. Нягледзячы на рыпучую падлогу, скразнякі, пячное ацяпленне і іншыя нязручнасці, на якія багатыя старыя будынкі, вельмі ўтульна было ў ёй. Цудоўную атмасферу стваралі людзі, якія тут працавалі, і кнігі, да якіх я заўсёды ставілася як да лепшых сяброў і дарадцаў.
Вядучая рубрыкі
Ірына СЯДОВА. Фота з архіва Наталлі АНДРУСЕВІЧ.