Воскресенье, 1 ноября 2020

На вайсковых могілках каля Слабудкі прайшло перахаванне рэшткаў забітых падчас вайны

156

Вялікая Айчынная вайна скончылася 75 гадоў таму. Але да гэтага часу яна раз-пораз нагадвае пра сябе праз небяспечныя знаходкі ваенных гадоў у выглядзе боепрыпасаў, праз выяўленыя безыменныя пахаванні. Сёлета на тэрыторыі раёна было знойдзена тры такія месцы: два паблізу вёскі Блізная і адно — побач з пахаваннем расстраляных мірных жыхароў в.Труханавічы.


Як расказвае спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.С.Пракаповіч, інфармацыя пра гэтыя невядомыя пахаванні паступіла ў райваенкамат ад мясцовых жыхароў і з сельскіх выканаўчых камітэтаў.


— За летні перыяд салдатам 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна і пошукавай групе «Бацькаўшчына» ўдалося праверыць тры месцы каля Блізной і Труханавіч, у якіх былі знойдзены астанкі васьмі воінаў Чырвонай арміі,— паведамляе Наталля Сяргееўна.— Спачатку ў блізнянскай зямлі знайшлі пахаванне аднаго салдата, а побач — яшчэ двух, пры гэтым па некаторых прадметах адразу вызначылі армейскую прыналежнасць загінулых. А вось з пахаваннем каля в.Труханавічы адбылася незвычайная гісторыя.


Сведкі паведамілі, што там было пахавана некалькі расстраляных гітлераўцамі чалавек. Ці то нейкія бежанцы, ці то збеглыя на волю зняволеныя, але ў любым выпадку сярод вяскоўцаў ішла размова, што пад пагоркам побач з брацкай магілай пахаваны не вайскоўцы. Праўда стала вядома, калі за справу ўзяліся пошукавікі.


Адразу было ўстаноўлена, што ў тым месцы пахавана пяць чалавек, кожны з якіх быў забіты куляй. Потым быў знойдзены пашкоджаны медальён, а яшчэ — фрагменты армейскага абмундзіравання, вайсковы посуд. Сапраўды, пры сабе расстраляныя мелі цывільнае адзенне, але ў знойдзеным кашальку пошукавікі выявілі патаемны аддзел, дзе захоўваліся дакументы. Магчыма, рэстаўрацыя ці то ваеннага білета, ці то накіравання з ваеннага камісарыята дазволіць ідэнтыфікаваць асобы загінулых. У любым выпадку дакладна ўстаноўлена, што гэта былі чырвонаармейцы, хутчэй за ўсё, афіцэры, якія загінулі ў першы тыдзень Вялікай Айчыннай вайны.

У любым выпадку мы павінны памятаць і ўшаноўваць няхай і невядомых, але абаронцаў нашай Айчыны. Менавіта так сказаў намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч падчас жалобнага мітынгу з нагоды перапахавання. Традыцыйна з пашанай астанкі воінаў былі перанесены ў брацкае пахаванне каля в.Слабудка.


— Дакладна ўстаноўлена, што ў гады вайны на тэрыторыі Пружаншчыны загінула 16 тысяч салдат і афіцэраў. Імёны толькі трох тысяч з іх мы ведаем,— адзначыў Руслан Васільевіч.— Нават на гэтым помніку значная частка пахаваных пазначана як «невядомы». Але ўсё роўна на нас ускладзены абавязак ушаноўваць безыменных герояў, якія аддалі сваё жыццё за тое, каб мы маглі жыць і будаваць сваю Беларусь.


Да слоў намесніка старшыні райвыканкама таксама далучыліся палкоўнік запасу А.Г.Нілаў, вучні Слабадской школы Яна Матронік і Мікіта Саракалетаў. Жалобны малебен на пахаванні адслужыў прота-іерэй Ігар Мрыхін.

Трэба дадаць, што актыўныя пошукі месцаў невядомых пахаванняў на тэрыторыі Пружанскага раёна вядуцца з 2005 года. Знойдзеныя астанкі чырвонаармейцаў пераносяцца на вайсковыя могілкі каля в.Слабудка. За гэты час сюды перапахавана каля 100 чалавек. Імёны некаторых праз год ці два ўдалося ўстанавіць, знойдзены сваякі загінулых. Магчыма, у будучым з’явіцца дадатковая інфармацыя. А пакуль работа працягваецца: ёсць чарговыя сведкі ваенных гадоў, са слоў якіх сталі вядомы месцы пошукаў на наступны сезон.
Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).