Суббота, 24 октября 2020

89 жанчын атрымалі падарункі ў Дзень маці падчас святочнага канцэрта ў Палацы культуры

1 200

Мілыя, пяшчотныя, ласкавыя. Усё гэта пра тых, хто дапамагае нам рабіць першыя крокі. Пра тых, хто раздзяляе радасць ад першага вымаўленага слова. Пра тых, хто не спіць начамі, перажываючы за сваіх дзяцей. Усё гэта пра нашых любімых і родных мам.

У прыгожае свята, Дзень маці, у Палацы культуры адбыўся святочны канцэрт, на якім якраз і гучалі самыя цёплыя словы і добрыя песні для жанчын.

Вядучая свята Алёна Жмайлік паведаміла, што падчас мерапрыемства заслужаныя ўзнагароды атрымаюць не толькі шматдзетныя мамы, але і тыя жанчыны, якія вырасцілі годных дзяцей, і тыя, якія з пачуццём глыбокай адказнасці выхавалі пляменнікаў і ўнукаў. Дарэчы, усяго на сцэну ў гэты дзень паднялося 89 прадстаўніц прыгожай палавіны чалавецтва.

Жанчын павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч. “У слове “мама” ёсць любоў і сіла, надзея і ўпэўненасць у тым, што ўсё будзе добра. Нашым матулям неабходна штодзённая ўвага, мы не павінны ні на хвіліну абдзяляць іх ёй”, – падкрэсліў Руслан Васільевіч. Затым ён уручыў ордэн Маці В.М.Рошчанка, сацыяльнаму работніку аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме ДУ “Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоў-вання насельніцтва”. Такой высокай узнагароды Вольга Мікалаеўна была ўдастоена за нараджэнне і выхаванне пяцярых дзяцей.


Палац культуры годна падрыхтаваўся да свята: жанчын віншавалі і дарылі ім добры настрой салісты заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Чысты голас”. Артыстаў віталі шчырымі апладысментамі, а распачалі яны сваё выступленне, канечне ж, з песні “Мама”.


Пасля невялікай музычнай паўзы цырымонію ўзнагароджання працягнула старшыня раённага аб‘яднання прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук. У сваім віншаванні яна адзначыла, што мама – святое слова, якое нясе цеплыню і пяшчоту. Самае ж важнае, па словах Таццяны Юр’еўны, тое, што маці вучыць дзіця любіць Радзіму, напаўняе яго духоўнай сілай і дапамагае спасцігаць самыя важныя жыццёвыя каштоўнасці.

Памятныя падарункі яна ўручыла членам пярвічных прафсаюзных арганізацый работнікаў адукацыі і навукі, а таксама культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Не абышлі ўвагай тых мам, якія працуюць у абласной псіхіятрычнай бальніцы “Магілёўцы”, работніц спажыўкааперацыі, КУВП “Камунальнік”, дзяржаўных і іншых устаноў.


Віншавальную эстафету зноў падхапілі мужчыны з “Чыстага голасу”. Матулі з замілаваннем слухалі такую знаёмую і такую любімую песню «Любоў, падобная на сон». Лірычны настрой змяніўся на радасны пасля выкання “Лявоніхі”. Салісты па-заліхвацку падтанцоўвалі, і, здавалася, у скокі гатовы былі пусціцца і жанчыны ў зале.


Старшыня раённага прафсаюзнага камітэта работнікаў аграпрамысловага комплексу Д.У.Чайкоўскі таксама шчыра павіншаваў жанчын і справядліва зазначыў: самы шчаслівы – той, у каго ёсць мама, бо, колькі б чалавеку ні было гадоў, яму заўсёды патрабуюцца мацярынскія слова, позірк і парада. Дзмітрый Уладзіміравіч пажадаў матулям, каб іх дзеці ніколі не забылі дарогу да бацькоўскага дома, і ўзнагародзіў жанчын-маці, якія працуюць у сельскай гаспадарцы.


Чыстымі галасамі працягваў здзіўляць гледачоў мужчынскі квінтэт. Душэўнасцю ўсіх напоўніла песня “Музыка”, рытмы іншых краін жанчыны змаглі пачуць дзякуючы выкананню фінскіх, італьянскіх песень. Ажыўленне выклікалі цудоўныя кампазіцыі на вершы Юрыя Антонава.

Гучныя апладысменты суправаджалі выступленні артыстаў. Саліст Валерый Прыгун нават пажартаваў: шматдзетныя маці апладзіруюць шматдзетным татам. Аказалася, што ў калектыве на пяцярых мужчын – 16 дзяцей! Завяршыўся канцэрт песняй «Пусть миром правит любовь». І сапраўды, хочацца спадзявацца, што так было, ёсць і будзе заўсёды…
Уладзіслаў Шпарла, Сяргей Талашкевіч (фота).