Среда, 28 октября 2020

У Пружанах адкрыўся яшчэ адзін дзіцячы дом сямейнага тыпу

976

14 кастрычніка, калі ў Беларусі адзначаецца Дзень маці, наваселле ў новым двухпавярховым катэджы, што па вуліцы Кастрычніцкай, адзначала вялікая сям’я Карачун: Ірына Вітальеўна і яе шасцёра прыёмных дзяцей.

Павіншаваць навасёлаў прыйшлі шматлікія госці, сярод якіх былі і тыя, дзякуючы каму стала магчымым адкрыццё чарговага дзіцячага дома ў нашым раёне. Прадстаўнікі ўлады ўрачыста перарэзалі чырвоную стужку і ўручылі сімвалічны ключ ад новага жылля.


Трэба сказаць, што Ірына Карачун выгадавала двух сваіх дзяцей — сына і дачку. Яны ўжо дарослыя, жывуць самастойна: сын — у Новых Засімавічах, дачка — у Расіі. Рашэнне паспрабаваць сябе ў якасці прыёмнай мамы і дапамагчы стаць на ногі дзецям, якія па той ці іншай прычыне засталіся без апекі бацькоў, жанчына прыняла невыпадкова.


—Родныя дзеці выраслі, пайшоў з жыцця муж, — расказвае яна. — На той момант я працавала загадчыцай у кафэ «Афрыка», дзе час ад часу праводзіліся дабрачынныя мерапрыемствы для выхаванцаў з прытулку ў Сонечным. Я адчула, што ў мяне засталося яшчэ столькі нерэалізаваных мацярынскіх пачуццяў! І вось аднойчы ногі самі мяне прывялі ў прытулак. Там пазнаёмілася з Мікітам. Калі аднойчы ён на развітанне спытаў: «Мама, а ты да мяне яшчэ прыйдзеш?» — адразу прыняла рашэнне забраць яго. Але аказалася, што разам з ім у прытулку знаходзілася і сястрычка. Вядома ж, забрала абодвух. Тады Міраславе было ўсяго два гадкі, цяпер яна ўжо дзяўчына — у шостым класе. Мікіта сёлета паступіў у Кобрынскі каледж, прыязджае на выхадныя. Год таму наша прыёмная сям’я вырасла яшчэ на два чалавекі: да нас далучыліся Ліза і Ілья. А зусім нядаўна ўзяла пад сваё крыло Віцю і Вову.


—Права дзіцяці на сям’ю і бацькоўскі клопат у нашай краіне замацавана на заканадаўчым узроўні. Клопат пра маленькіх грамадзян — адзін з асноўных накірункаў беларускай сацыяльнай палітыкі. Сёння Пружаны ў чарговы раз пацвердзілі свой статус горада, сяброўскага дзецям, — зазначыў падчас адкрыцця сямейнага дзіцячага дома старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун. — Для дзяцей, якія страцілі родныя сем’і, жыць у такім дзіцячым доме — гэта магчымасць рэалізаваць сваё права на выхаванне ў сям’і, расці ў нармальных умовах, мець зносіны з роднымі братамі і сёстрамі, паспяхова сацыялізавацца ў грамадстве.

На жаль, сёння на Пружаншчыне больш за 90 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.


З нагоды наваселля Юрый Юр’евіч падарыў дзецям камп’ютар.
Будаўніцтва дзіцячага дома заняло крыху больш за пяць месяцаў.
—У багатай практыцы нашай арганізацыі гэта першы дом такога прызначэння. Таму будаўнікі стараліся — ведалі, што жыллё будуецца для асаблівай сям’і. Вельмі хочацца, каб тут гучаў толькі радасны дзіцячы смех, — сказаў А.Р. Дронжак, галоўны інжынер ПМК-22 — будаўнічай арганізацыі, якая ўзводзіла дом. Аляксандр Рыгоравіч уручыў навасёлам сімвалічны ключ ад дома.

Урачыстасці мерапрыемству надалі і салісты ўзорнай эстраднай студыі «Меладзін» Ангеліна Шумская і Кацярына Шэпель.
Пасля афіцыйнай цырымоніі адкрыцця, якую завяршыла традыцыйнае пераразанне чырвонай стужкі, госці змаглі ацаніць умовы пражывання яго жыльцоў. Прасторныя дзіцячыя пакоі, утульная кухня са сталовай… Трэба зазначыць, што двухпавярховы дом цалкам аснашчаны ўсім неабходным: мэбляй, бытавой тэхнікай, прадметамі інтэр’ера. І нават тэрыторыя каля дома добраўпарадкавана з улікам таго, што жыллё будавалася для дзяцей: будаўнікі ўсталявалі гульнёвую пляцоўку. На будаўніцтва і добраўпарадкаванне гэтага аб’екта было выдаткавана больш за 540 тысяч рублёў.


Да слова, на Пружаншчыне гэты дзіцячы дом сямейнага тыпу стаў трэцім па ліку: у раёне паспяхова займаюцца выхаваннем прыёмных дзяцей сем’і Бакуменка і Нежывец.


—Такая форма сацыялізацыі для дзяцей-сірот мае шэраг пераваг, — зазначае галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Пракопчык. — Гэта сямейнае ўладкаванне дзяцей, якое дазваляе ім жыць не ў інтэрнатнай установе: умовы іх пражывання, выхавання і навучання максімальна набліжаны да хатніх. Фактычна для іх ствараюцца ўмовы, што даюць уяўленне пра тое, якой у дарослым жыцці павінна быць іх сям’я.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).