Суббота, 24 октября 2020

Спрытнасць рук і ніякіх моўных бар’ераў! Пачытайце пра нашу зямлячку, якая з нараджэння амаль не чуе, але можа гаварыць з усім светам

486

Калі Юля размаўляе, здаецца, што яе рукі танцуюць пад вельмі прыгожую мелодыю: пальцы перабіраюць у паветры нешта нябачнае, хутка складваюцца ў цікавыя фігуры, заміраючы літаральна на імгненне, каб у наступны момант выдаць новае па. Яе рухі заварожваюць. Толькі іронія ў тым, што Юля амаль не чуе, і танец рук залежыць не ад мелодыі, а ад таго, якое слова трэба падабраць для суразмоўцы. Бадай, гэта ўсё, чым Юлія Куліч адрозніваецца ад сучаснай моладзі.  

Сёння ў дзяўчыны ёсць работа, хобі і мноства сяброў па ўсім свеце. Толькі для ўсяго гэтага ёй трэба прыкладаць крышачку больш намаганняў, чым іншым.

Тое, што ў дачкі праблемы са слыхам, бацькі зразумелі даволі хутка. Яны не ігнаравалі праблему, а адразу звярнуліся па дапамогу спецыялістаў. Гады працы далі выдатны вынік, і сёння Юля можа размаўляць, толькі сціплая дзяўчынка карыстаецца такой магчымасцю пераважна сярод блізкіх. Дарэчы, ні мама, ні тата так і не вывучылі мову жэстаў: па-першае, яны і так выдатна разумеюць дачку, а па-другое, каб стымуляваць яе больш размаўляць. Дактыльную азбуку засвоіў брат, што з малых гадоў дазваляе ім “сакрэтнічаць” не хаваючыся ад чужых вушэй. А вось ад Юлінага пільнага вока, ніякая таямніца не схаваецца: дзяўчына з лёгкасцю прачытае па вуснах! Умее размаўляць на “Юлінай мове” і лепшая сяброўка, якая дзякуючы знаёмству з сям’ёй Куліч стала сурдапедагогам (пра Ірыну Карваш мы пісалі ў адным з папярэдніх нумароў “Рб”).

Для самой Юлі выбар будучай прафесіі не быў надта шырокім. Нягледзячы на добрую вучобу ў Кобрынскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце, працягваць вучобу можна было толькі ў спецыялізаванай навучальнай установе. Так Юля стала навучэнкай Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі, дзе атрымала дзве адукацыі: аператар ЭВМ і тэхнік-праграміст. А вось аўташколу настойлівая дзяўчына скончыла звычайную – вы толькі ўявіце, наколькі ёй было складаней, чым тым, хто добра чуе!

Не проста было ўладкавацца на работу. Зараз Юля з задавальненнем працуе аператарам ЭВМ у Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы. Сям’я вельмі ўдзячна дырэктару С.М. Козелу, які без ваганняў прыняў у штат незвычайную дзяўчыну. Знайшла Юля агульную мову і з непасрэдным начальнікам Аляксеем Жуком, якога вызначае, у першую чаргу, як вельмі тактоўнага і спагаднага чалавека. 

У Юлі шмат захапленняў. Адметна, што ўсе яны звязаны з дробнай маторыкай рук, якая ў дзяўчыны выдатна развіта. У свой час яна прыгожа вышывала, вязала з дапамогай кручка, а прыкладна 1,5 гады назад адкрыла для сябе свет пражы “Puffy Alize”. Пухнатыя пледы, камізэлькі, пінеткі – усё самых розных колераў і узораў – цяпер дораць цяпло і ўтульнасць не толькі членам сям’і і блізкім сябрам, а і падарожнічаюць па свеце. Як жартуе Юліна мама, маўляў, тым хто карыстаецца мовай жэстаў, ніякія моўныя бар’еры не страшны, таму ў дзяўчыны маюцца сябры ў розных кутках нашай планеты.

Ужо пасля нашай сустрэчы Юля Куліч завяла старонку ў Instagram (https://www.instagram.com/jul.plush/), дзе вы можаце пазнаёміцца з яе вырабамі, ацаніць іх і нават замовіць.

Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).