Среда, 28 октября 2020

«Лебядзінае возера» на пружанскі лад. Культработнікі ярка адзначылі прафесійнае свята

734

У мінулым нумары мы абяцалі расказаць пра святкаванне Дня работнікаў культуры. Калі ласка, чытайце!

У супрацоўнікаў культустаноў работа такая – здзіўляць. Вось і афіша святочнага капусніку, што прайшоў у мінулую пятніцу ў Палацы культуры, была па-сапраўднаму інтрыгуючай: балет, ды яшчэ і “Лебядзінае возера”! Вялікая зала пачала запаўняцца задоўга да пачатку пастаноўкі. Пакуль дзеючыя асобы хваляваліся за кулісамі, гледачы ўважліва вывучалі праграмку. Яна і дала падказку: будзе весела і цікава!


Прэамбула. «Калі ідэй няма — пішыце сцэнарый»
Сёлета культработнікі вырашылі не проста даць справаздачны канцэрт з нагоды прафесійнага свята, а «прасвятліць» пружанцаў. Магчымыя ідэі абмяркоўваліся на адпаведнай «пяцімінутцы», відэа з якой таксама паказалі гледачам. Дырэктар Палаца культуры Аксана Кавалевіч выказала незадаволенасць супрацоўнікамі, якія пасля ўдзелу ў абласных “Дажынках” умудрыліся «ўкрасці ажно 16 снапоў збожжа»! Пасля запатрабавала ідэі для святочнага мерапрыемства. “Можа, неяк пранясе?” – спытала Алёна Лосева. “Калі ідэй няма — Алег Строк піша сцэнарый”, – дала даручэнне кіраўнік. Калектыўнымі намаганнямі і вырашылі, што трэба пазнаёміць людзей з сусветнай класікай. Джульета? Ганна Карэніна? Спыніліся на “Лебядзіным возеры”…

Сцэна першая. Што за Свята ў Палацы?


Пачаўся балет далёка не з грацыёзных “па”. Публіку чакала феерычнае выступленне шоу-хору “Пробліск мастацтва” і яго цемнаскурай салісткі Кэры Шаманачайлі (не пужайцеся, гэта была Карына Шаманава «ў вобразе»). У песні-пераробцы “It’s Raining Men” прагучала “біс” і “брава” сферы культуры, а начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І.Панімашу – гучнае алілуя.


А пасля пачалося самае цікавае. Першая сцэна балета перанесла прысутных у велічны палац. Тут праходзіла свята, падчас якога ўсе віншавалі прынца Зігфрыда, ён жа Алег Мардань. Але вось з чым віншаваць – не ведалі, спачатку пажаданні адрасавалі з нагоды жа-ніцьбы. Аксана Вячаславаўна з-за куліс падказала акцёрам правільную нагоду – паўналецце прынца, і памылка была выпраўлена.

Антракт №1
Каб даць дзеючым асобам перавесці дух, дырэктар аб’явіла антракт. Яго выкарысталі з карысцю: для ўзнагароджання лепшых культработнікаў. Але перад гэтым вядучым Алёне Лосевай і Ганне Солад трэба было апраўдацца перад К.І.Панімашам і зачытаць тлумачальную запіску наконт “інцыдэнту” ў Дзівіне. Аказалася, што з тых самых 16-ці снапоў, нібыта вывезеных на аўтобусе пад крыкі “Гані, Слава, гані!”, атрымалі каласкі, з каласкоў – зерне, з зерня – муку, а з мукі – хлеб. Менавіта таму кожнаму, хто атрымліваў узнагароды, уручаліся маленькія караваі з “украдзеных” снапоў (пажартавалі ўдала, але ж караваі былі самымі сапраўднымі).
Тым часам А.А.Лосева агучыла пісьмо ад упраўлення культуры аблвыканкама.

У ім К.І.Панімашу выказвалася шчырая ўдзячнасць за садзейнічанне ў арганізацыі ўдзелу ў канцэрце народнага ансамбля танца “Спадчына”. Таксама падзяка была выказана кіраўніку ансамбля В.І.Шапавал за высокі прафесійны ўзровень і актыўны ўдзел у культурным жыцці вобласці.


Намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч падкрэсліў: нельга недаацэньваць значнасць работы супрацоўнікаў культустаноў, таму што ні адна падзея, якая адбываецца ў раёне, не абыходзіцца без іх удзелу. Менавіта культработнікі дораць усмешкі і добры настрой усім жыхарам Пружаншчыны і не толькі. Руслан Васільевіч уручыў віноўнікам урачыстасці Грамату і Падзячныя лісты райвыканкама.


Яго змяніў на сцэне М.П.Кудравец. Старшыня раённага Савета дэпутатаў адзначыў, што культработнікі Пружаншчыны вядомыя ва ўсёй вобласці, і ў гэтым, безумоўна, заслуга творчых калектываў, музеяў, школ мастацтваў і клубных устаноў. Мікалай Пятровіч уручыў Ганаровыя граматы Савета дэпутатаў. Таксама калектыў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і яго начальнік К.І.Панімаш атрымалі Ганаровую грамату «Беларускага фонду міру» за актыўны ўдзел у рабоце раённай арганізацыі фонду па ажыццяўленні міратворчых і сацыяльна-дабрачынных мерапрыемстваў.

Сцэна другая. Возера з лебедзямі маленькімі і буйнымі


Перад гледачамі адкрылася закінутае возера, на якое Зігфрыд трапіў для таго, каб сустрэць сваю нарачоную Адэту — Арыну Ро — і паклясціся ёй у вечным каханні. Царэўна-лебедзь аказалася непрыступнай, але прынц усё ж спадабаўся ёй. Лебедзі — дзяўчаты з калектыву “Спадчына” — выканалі свой цудоўны танец. Элементы балета амаль паддаліся і іншым танцорам. Судзіць строга не варта: хто што мог, тое і танцаваў, усё ў адпаведнасці з праграмай.

Aнтракт №2


К.І.Панімаш уручыў Падзячныя лісты ўпраўлення культуры аблвыканкама і Граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Дыплом трэцяй ступені быў уручаны пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ДУК “Пружанская ЦБС” па выніках агляду-конкурсу на лепшую пярвічку Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.


Затым Канстанцін Іванавіч звярнуўся да калег. Віншаванне было вельмі шчырым. “Я ганаруся вамі, я рады лёсу, я вас люблю”, – пасля гэтых слоў зала проста ўзарвалася апладысментамі. Канстанцін Іванавіч пажадаў культработнікам здароўя, творчых сіл, нат-хнення і энергіі. Асобна ўзгадаў ветэранаў культурнай нівы Пружаншчыны. Людміле Мікалаеўне Новік, якую запрасілі на капуснік, былі ўручаны кветкі. Дарэчы, сам Канстанцін Іванавіч напярэдадні свята быў узнагароджаны Граматай упраўлення культуры аблвыканкама і абласной прафсаюзнай арганізацыі.

Сцэна трэцяя. Панаехала гасцей
Гэта былі сапраўдныя агледзіны нявест, якія праводзіла маці Зігфрыда, ролю якой выканала Алёна Жмайлік. У палац прыбыло ажно пяць кандыдатак: венгерка са Шчарчова, яна ж Святлана Салавей, руская з-пад Шынёва – Таццяна Дварадкіна, іспанка з Лінова – Марыя Чапялевіч, неапалітанка з Клятнога, якую сыграла Аксана Казлоўская, і палячка з Шарашэва — Аксана Ільюшонак. І калі Зігфрыду падабалася кожная з патэнцыяльных нявест, то маці-княгіня была катэгарычна супраць.


І тут у палацы з’явіўся злы геній Фон Ротбард разам са сваёй дачкой Адыліяй (яе сыграла Ганна Жук).

Дзяўчына так спадабалася прынцу, што ён парушыў клятву вернасці Адэце! Злы геній, ён жа рэжысёр спектакля Алег Строк, па-сапраўднаму радаваўся, ды толькі бедная Адэта залівалася горкімі слязамі.

Антракт №3


Апошні антракт аблягчыў перажыванні за лёсы герояў. Падчас яго старшыня раённага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму С.С.Карповіч зачытала святочную тэлеграму ад абласнога прафсаюзнага камітэта і ўручыла Ганаровыя граматы прафкама. Таксама гасцей канцэрта новай работай парадаваў ансамбль эстраднага танца “Амялі” пад кіраўніцтвам Алега Строка.

Фінал. Галоўнае — не абламаць крылы


Прынц і Фон Ротбард, якія стаміліся ад супрацьборства ў мінулай сцэне, не ведалі, як павінна скончыцца пастаноўка. На дапамогу зноў прыйшла Аксана Кавалевіч. Дырэктар падказала, што фінал балета можа вагацца ад урачыста-шчаслівага да жалобнага, калі галоўны герой памірае. І прынц, і злы геній, канечне ж, хацелі жыць, таму было вырашана, што паміраць будзе прынцэса лебедзяў Адэта. Заўсёды так бывае, што ў мужчынскіх разборках крайнімі застаюцца дамы.


Момант смерці ад смутку па любімым Арына Ро сыграла вельмі таленавіта. З балетнай пачкі лебедзя сыпалася пер’е, а гераіня ўсё махала гледачам рукой… Здавалася б, спектакль завяршыўся на сумнай ноце, але поўнасцю абламаць крылы жанчыне нікому не ўдаецца, і Адэта выйшла з-за заслоны.


Шыкоўны балет завяршыўся песняй усіх удзельнікаў пастаноўкі. «Каждый из нас талантом наделён, в профессию свою влюблён», – гучала са сцэны.
Шчырыя апладысменты сведчылі: капуснік атрымаўся! Гэта, па словах культработнікаў, дадае аптымізму і жадання тварыць.
Уладзіслаў Шпарла, Сяргей Талашкевіч (фота).