Суббота, 24 октября 2020

Начальнік аддзела перавозак філіяла «Аўтапарк №11 г.Пружаны» Максім Чарняк пра сваю прафесію: «Тэхніка аднолькавая, а людзі —розныя»

362

Калі ёсць захапленне, а перад вачыма прыклад родных, то вызначыцца з будучай прафесіяй зусім няцяжка – лічыць начальнік аддзела перавозак філіяла «Аўтапарк №11 г.Пружаны» Максім Чарняк.


— Як ты прыйшоў да выбару прафесіі?
— Мой дзядуля працаваў у свой час у аўтапарку, бацька працуе і зараз, а я, атрымліваецца, пайшоў па іх слядах. З самага дзяцінства мяне цікавіла ўсё, што звязана з аўтамабілямі, таму ў старэйшых класах мэтанакіравана шукаў спецыяльнасць, каб у будучым працаваць з імі.
Так даведаўся пра факультэт тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, які потым паспяхова скончыў. Па спецыяльнасці я — інжынер-механік.

—Як праходзіла падрыхтоўка да паступлення?
— У 11-м класе давялося займацца з рэпетытарам па беларускай мове. А вось фізіку і матэматыку асвойваў толькі з дапамогай школьных настаўнікаў. Прымаў удзел у прадметных алімпіядах. Не магу пахваліцца нейкімі значнымі дасягненнямі, але падрыхтоўка да іх дысцыплінавала і сістэматызавала веды. Акрамя таго, наведваў школьныя факультатывы і ўсе дадатковыя заняткі па гэтых прадметах.
Вынікі, якія атрымаў на ЦТ, дазволілі паступіць на бясплатнае навучанне.

—Ці складана было вучыцца?
— Вучыцца было цікава, я ж выбраў спецыяльнасць “пад сябе”. Думаю, мне пашанцавала, што адразу ж атрымаў месца ў інтэрнаце. У інтэрнаце заўсёды ёсць з кім параіцца, абмеркаваць заданне, многа дапамагалі старшакурснікі. Да таго ж ужо існавала належная камп’ютарная сетка, дзе можна было знайсці амаль усе неабходныя для вучобы дапаможнікі, нават не было неабходнасці хадзіць у бібліятэку. Тым, хто жыў на кватэры ці дома, зразумела, было складаней.

—Што ўваходзіць цяпер у твае штодзённыя абавязкі?
— Акрамя таго, што ўзначальваю аддзел грузаперавозак і адказваю за ўсё, што ў ім адбываецца, асабіста я займаюся арганізацыяй перавозак самазвальнай тэхнікай. Я шукаю, каму патрэбна такая паслуга, прапаноўваю яе, падбіраю тэхніку, на якой будзе найбольш зручна перавезці пэўны груз, займаюся лагістыкай, г.зн., прадумваю самыя выгадныя маршруты.
Цікава, што калі я абіраў спецыяльнасць, то меркаваў, што буду працаваць з тэхнікай. На справе ж аказалася — і з людзьмі таксама. Як мы жартуем: “Тэхніка аднолькавая, а людзі розныя”. І канчатковы вынік работы залежыць не толькі ад тэхнічных ведаў, а і ад умення размаўляць, наладжваць кантакты і добрыя зносіны.

—Каму б ты параіў абраць такую прафесію?
— Калі вас цікавіць усё, што звязана з транспартам, і ёсць трывалыя веды па фізіцы і матэматыцы, можна паступаць на інжынера-механіка. Наогул мае аднагрупнікі займаюцца праектаваннем, канструяваннем і эксплуатацыяй механічнага абсталявання, машын, апаратаў у самых розных сферах вытворчасці. Можна сказаць, што прафесія не толькі тэхнічная, але і творчая.
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.
Фота Сяргея Талашкевіча.