Суббота, 24 октября 2020

Лепшыя з лепшых. Пружанскія настаўнікі атрымалі ўзнагароды

1 273

У мінулую пятніцу ў Палацы культуры адбыўся ўрачысты канцэрт, прысвечаны Дню настаўніка. З прафесійным святам праваднікоў да ведаў павіншавалі навучэнцы школ, артысты Пружаншчыны і адміністрацыя раёна, а лепшыя з лепшых атрымалі не толькі віншаванні, але і ўзнагароды за сваю плённую і адказную працу.

Намеснік старшыні райвыканкама Р.В. Супрыновіч яшчэ раз нагадаў пра значнасць высакароднай прафесіі настаўнікаў. Руслан Васільевіч адзначыў, што менавіта педагогі маюць дачыненне да ўсіх дасягненняў краіны — ад аграпрамысловага комплексу да сферы ІТ: паўсюль працуюць іх вучні.
Перад тым, як перайсці да ўручэння Грамат і Ганаровых лістоў ад раённага выканаўчага камітэта, ён выказаў упэўненасць, што высокіх узнагарод вартыя ўсе прысутныя, але некаторыя адзначыліся летась крышачку больш.

Працягнуў гэтую думку і М.П. Кудравец, які выступіў і як старшыня раённай арганізацыі «Беларускі фонд міру». Ганаровай граматай «Беларускага фонду міру» быў узнагаро-джаны аддзел па адукацыі раёна, а гэта значыць, што яна належыць кожнаму настаўніку, які рабіў узносы на добрыя справы. Не абышлося і без асабістых узнагарод: ужо ад імя раённага Савета дэпутатаў Мікалай Пятровіч уручыў Граматы.

Павіншавала калег і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама І. А. Казарэз. Ірына Анатольеўна асобна спынілася на дасягненнях устаноў адукацыі раёна за мінулы навучальны год, у розных накірунках дзейнасці вылучыліся школы, установы дашкольнай і дадатковай адукацыі, нямала поспехаў у спорце і культурным жыцці.

Асабісты ўклад асобных настаўнікаў адзначаны на самым высокім узроўні. Нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” ўзнагароджана дырэктар Ліноўскай СШ А.Л. Макарэвіч. Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы №1 г.Пружаны імя Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі Л.І. Глушко атрымала Грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Шэраг настаўнікаў быў ушанаваны Граматамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.

Не застаўся ў баку ад віншаванняў і прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі. Граматы ад раённага і абласнога камітэтаў прафсаюзаў уручыў старшыня пружанскай арганізацыі І.В. Сачэўка.

Для настаўнікаў у гэты дзень спявалі і танцавалі ўзорны ансамбль танца “Круцёлачкі”, салісты Ружанскага цэнтра культуры і вольнага часу, узорны ансамбль эстраднага танца “Рубікон”, народны ансамбль танца “Спадчына”, салісты Палаца культуры, салісты ўзорнай эстраднай студыі “Меладзін”, народны арт-гурт “Родники” і іншыя артысты.
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).