Суббота, 24 октября 2020

Актыўныя і спартыўныя. У Пружанах прайшоў шэраг мерапрыемстваў да Дня пажылых людзей

462

У Пружанах на мінулым тыдні людзі «залатога ўзросту» былі галоўнымі гасцямі і ўдзельнікамі адразу некалькіх сустрэч і акцый. Такая канцэнтрацыя мерапрыемстваў была невыпадковай: першага кастрычніка адзначаўся Міжнародны дзень пажылых людзей.


Тыя пенсіянеры, што не прывыклі сядзець склаўшы рукі і аддаюць перавагу актыўнаму правядзенню вольнага часу, змаглі стаць чаканымі гасцямі на «Свяце здароўя».

Пачалося мерапрыемства са «Здаровай зарадкі» пад кіраўніцтвам Алены Астапчык, кіраўніка гурткоў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Варта адзначыць, што папярэднічала ёй нямала прыемных слоў, якія адрасавалі віноўнікам свята яго арганізатары.

Граматамі Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва былі адзначаны самыя актыўныя наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту: Г.К.Немцава, В.С.Тумарынсон і Т.М.Юшчук — дарэчы, заўзятыя аматары здаровага ладу жыцця, якія, нягледзячы на паважаны ўзрост, вылучаюцца бадзёрасцю.

Акрамя таго, былі ўручаны граматы пераможцам конкурсаў і турніраў, якія праводзіліся сярод удзельнікаў аддзялення.


Агульная зарадка стала размінкай перад адкрытай раённай спартакіядай, якая праводзілася сярод ветэранаў фізічнай культуры і спорту з удзелам наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.

Спаборніцтвы прайшлі ў ДЮСШ №1, дзе былі вызначаны самыя трапныя, кемлівыя і спартыўныя. Варта адзначыць, што на дыстанцыю па скандынаўскай хадзьбе выйшлі наведвальнікі адпаведнага гуртка, які не першы год працуе пры аддзяленні.

У гэтым спаборніцтве пераможцаў не аказалася: кожны быў узнагароджаны медалём — шакаладным.

У дартсе сярод самых трапных апынуліся Л.А.Шэрыкава, Г.А.Літвіновіч і Т.У.Ханцэвіч, у стральбе — А.В.Каральчук, М.Д.Шабацько і А.М.Ліцкевіч. У настольным тэнісе прызёрамі сталі В.М.Кудравец, В.А.Шурына і У.С.Кавалевіч. Як лепшыя шашысты пра сябе заявілі А.М.Ліцкевіч, М.М.Бабрук і В.М.Півень. Ніхто з пераможцаў спартакіяды не застаўся без заслужанай узнагароды.


Але, напэўна, найбольш удзельнікаў сабрала акцыя «Здароўе — золата!», якую ў Палацы культуры праводзілі медыкі. На яе завітала ажно каля 80 пенсіянераў, якія атрымалі магчымасць лішні раз праверыць свой артэрыяльны ціск, вызначыць індэкс масы цела, пракансультавацца з тэрапеўтам, паразмаўляць з псіхолагам і нават зрабіць прышчэпку ад грыпу.


Варта расказаць, што напярэдадні свята наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту былі запрошаны на мерапрыемства ў аддзел ЗАГС райвыканкама. Госці з цікавасцю слухалі загадчыцу ўстановы Н.Р.Цібароўскую, якая расказала ім пра дэмаграфічную сітуацыю на Пружаншчыне, папулярныя імёны, якімі сёння называюць немаўлят, як выглядае сітуацыя з уступленнем у шлюбы і іх скасаваннямі.
Шэраг пытанняў ад аўдыторыі быў зада-дзены начальніку аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А.Ф.Дзмітрыевай. У прыватнасці, пенсіянераў цікавілі надбаўкі па ўзросце, павелічэнне пенсіённага ўзросту, нюансы назначэння сацыяльных пенсій, чым страхавы стаж адрозніваецца ад агульнага.
Працягам сустрэчы стаў канцэрт, падрыхтаваны навучэнцамі Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).