Понедельник, 26 октября 2020

Гісторыя з фатаграфіяй. Электрастанцыя ў Пружанах

295

На гэтым здымку можна пабачыць, як выглядала «знутры» электрастанцыя ў Пружанах у 1933 годзе.

Не ўражвае, праўда, асабліва ў параўнанні з сённяшнімі? Але для правінцыяльнага горада, напэўна, і гэта было дзівам.
На фотаздымках 1916-1918 гадоў бачна, што ўздоўж цэнтральных вуліц стаяць слупы электраперадачы. Можна меркаваць, што менавіта падчас Першай сусветнай вайны гэтую невялікую малой магутнасці электрастанцыю ў нашым горадзе ўстанавілі немцы.

Магчыма, пэўны перыяд падчас расійска-польскай вайны яна не працавала: у дакументах ёсць упамінанне, што электрастанцыя ўзнавіла сваю работу ў верасні 1920 года, падчас кароткага перыяду заняцця Пружан бальшавікамі.

Знаходзілася электрастанцыя на вуліцы Будке-віча (такую назву насіла «за польскім часам» цяперашняя Камсамольская).

Старажылы ўзгадваюць, што працавала яна яшчэ падчас фашысцкай акупацыі. А перад самым уваходам у Пружаны часцей Савецкай арміі ў ліпені 1944 года адыходзячыя нямецкія войскі яе ўзарвалі.
Вядучая рубрыкі Ірына Сядова.
Фота з архіва Леаніда Патапчука.