Суббота, 24 октября 2020

VIII свята-конкурс харэаграфічнага майстэрства «Магія танца» сабрала ў Пружанах сотні танцораў

443

У мінулую нядзелю наш горад зноў захліснула “магічная” танцавальная хваля. У восьмы раз рэгіянальнае свята-конкурс харэаграфічнага мастацтва “Магія танца” сабрала шматлікіх аматараў сучаснага танцавальнага руху ў гарадскім Палацы культуры.

Дваццаць пяць калектываў, сотні таленавітых хлопцаў і дзяўчат з Пружанскага, Ваўкавыскага, Камянецкага, Жабінкаўскага і Баранавіцкага раёнаў на працягу амаль трох гадзін дэманстравалі дасведчанай пружанскай публіцы неверагодную разнастайную палітру нумароў. А запрашалі юных артыстаў на вялікую сцэну цудоўныя вядучыя – Марына Кадука і Сяргей Зубко, якія трымалі пазітыўны настрой публікі на высокім узроўні.


Спачатку яны пералічылі галоўных арганізатараў фестывалю, а гэта — раённая цэнтралізаваная клубная сістэма, раённая арганізацыя ГА “Белая Русь” і гарадскі Палац культуры. Далей прадставілі членаў прафесійнага журы, у склад якога пад старшынствам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І. Панімаша ўвайшлі спецыялісты Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра, настаўнікі Бярозаўскай ДШМ, а таксама балетмайстры Ваўкавыскага Дома культуры. Журы аналізавала выканаўчае майстэрства, артыстызм і кампазіцыю нумароў і вызначала пераможцаў у трох намінацыях (народны, эстрадны і сучасны танцы) і ў розных узроставых катэгорыях.
Вельмі прыемна, што нашы артысты, якія стварылі неверагодную колькасць незабыўных вобразаў, трапілі ў лік лепшых з лепшых.

У намінацыі “Народны танец. Стылізацыя” сапраўдны фурор зрабілі юныя выхаванцы Кляпацкай ДШМ, з якімі займаецца Наталля Дзеранчук. Дыпломам I ступені быў адзначаны творчы калектыў “Забава” (катэгорыя 5-10 гадоў). Скокі галоўных моднікаў палескага балота — чатырох элегантных “жаб” у капялюшыках – пакарылі журы арыгінальнай гумарыстычнай пастаноўкай.


У катэгорыі 11-17 гадоў лепшай была прызнана запальная “Тарантэла” ў сольным выкананні Арыны Джэйкун. Безумоўна, не мог застацца без вышэйшай узнагароды і ўзорны ансамбль народнага танца Пружанскага ГПК “Круцёлачкі”, якім кіруе Аксана Ільюшонак. Гледачы былі ўражаны глыбінёй ха- рэаграфічнай задумы і асаблівым стылем выканання рускага народнага танца. Дыплом другой ступені — у калектыву «Пацешкі» Пружанскай ДШМ (кіраўнік — Вікторыя Бортнік).

У намінацыі “Эстрадная харэаграфія. Танцавальнае шоу” ў катэгорыі да 10 гадоў перамаглі “Вясёлыя звераняты” з Ружанскай ДШМ (танцавальным калектывам кіруе Кацярына Свяцкая). “Тыгры”, “пантэры” і іншыя “кошкі” паказалі неверагодныя атлетычныя здольнасці. Удзячных слоў заслужыў і танцавальны калектыў з Навазасімавіцкага СДК “Задоринки” (кіраўнік — Аксана Жукоўская). Запальны танец гарэзных “нотак” быў адзначаны дыпломам II ступені.


Як і ў мінулым годзе, у сярэдняй узроставай катэгорыі (11-17 гадоў) другое месца заняў узорны ансамбль эстраднага танца “Рубікон” пад кіраўніцтвам Святланы Салавей. Гледачы ў чарговы раз ацанілі высокую культуру рухаў і прыгожыя касцюмы выдатных артыстаў. Тройку прызёраў у гэтай катэгорыі замкнулі танцавальны калектыў “Нябесны крок” з Калядзіцкага СДК (кіраўнік — Алена Сівачэнка), які заразіў публіку сапраўдным ла-цінаамерыканскім драйвам, і калектыў “Натхненне” з Мокраўскага СДК, якім кіруе Аксана Янушкевіч.


Дарэчы, пераможны танец Аксаны (катэгорыя 18+) і яе дачкі Маргарыты стаў адным з самых яркіх з’яў сёлетняй конкурснай праграмы. Пяшчотная гісторыя любові маці да свайго дзіцяці ўнесла ў агульны настрой залы шчымлівыя лірычныя ноткі.

У намінацыі “Сучасная харэаграфія. Танцавальнае шоу” не было роўных танцавальнаму калектыву “Гарэзы” з Жабінкаўскага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі. Іх стыльны танец “Фіглі-міглі” ўзняў хвалю авацый. У тройку лідараў таксама ўвайшлі калектыў “Сюрпрыз” з Мураўскага СДК (кіраўнік – Ірына Кузьміч), які разгарнуў на сцэне самы сапраўдны лялечны танцавальны тэатр, і чароўныя “Сімпацюлі” са Слабадскога СДК…

Адметна, што ў конкурсе “Магія танца” ў чарговы раз прымаў удзел уладальнік чатырох Гран-пры і лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў, узорны ансамбль танца “Каруначкі” Жабінкаўскага Дома культуры. Калі калектыў прадэманстраваў на сцэне свой новы танец “Маракі”, усім гледачам літаральна з першых рухаў танцораў стала зразумела, хто павязе дахаты галоўны прыз конкурсу. І, здаецца, у бліжэйшай перспектыве “манаполію” на перамогу артыстаў з Жабінкі, якія паклалі ў сваю скарбонку поспеху пяты тытул Гран-пры, у бліжэйшы час не парушыць нікому…

Старшыня журы з задавальненнем уручаў граматы і ўзнагароды пераможцам і прызёрам свята “Магія танца-2020” і жадаў артыстам новых перамог.

Прыемным момантам конкурсу сталі спецыяльныя прызы для кіраўнікоў зорных калектываў ад члена журы, вядомага балетмайстра Аляксандра Мельнікава.

Уласную ўзнагароду заслужана атрымала кіраўнік узорнага ансамбля танца “Рубікон” Святлана Салавей. Гэта яна ўдыхнула ў дзяцей асаблівую энергетыку, гэта яна прывіла ім экс-клюзіўны стыль выканання, які робіць калектыў вядомым і папулярным у гледачоў.

Вольга Шэпель, дырэктар ДУК “Пружанская раённая цэнтралізаваная клубная сістэма”:


— У чарговы раз наша гасцінная пружанская зямля расчыніла дзверы для лепшых танцавальных аматарскіх калектываў з розных куткоў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. І, нягледзячы на тое, што пэўныя карэктывы ў абласны “культурны каляндар” унесла складаная эпідэміялагічная сітуацыя (калектываў было на 19 менш, чым у мінулым годзе), свята, лічу, атрымалася.
Адметна, што сёлета выканаўчае майстэрства калектываў са званнем “народны, узорны” ацэньвалася асобна. А гэта значыць, што шанец стаць пераможцам быў у кожнага. І, балазе, навічкі ім скарысталіся.
Ад імя ўсіх арганізатараў конкурсу хочацца выказаць словы па-дзякі і кіраўнікам ансамбляў, і артыстам, якія прынялі ўдзел у фестывалі. Таксама вялікі дзякуй і Пружанскай раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”, якая падрыхтавала прыз (акустычную калонку) для ўладальнікаў Гран-пры. Усім моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі і новых творчых перамог!

Алена Калюшык, кіраўнік харэаграфічнага ансамбля “M&Ms” Жабінкаўскай ДШМ:


— Мы прыехалі ў Пружаны ўжо ў трэці раз і запэўніваем, што не ў апошні. Нам тут вельмі падабаецца: такога прыёму, як у вас, мы нідзе не сустракалі! Заўсёды арганізатары загадзя патэлефануюць, усе нюансы клапатліва ўзгодняць, з цягніка сустрэнуць і назад завязуць. Дзякуй пружанцам за неверагоднае цяпло, якое ішло з глядзельнай залы!

Ірына Рунко, кіраўнік уладальніка Гран-пры, узорнага ансамбля танца “Каруначкі” Жабінкаўскага Дома культуры:


— Як пружанцы сустракаюць гасцей! Гэта ж неверагоднае свята для душы! Якія гучныя апладысменты гучаць у адрас кожнага артыста, нібы менавіта ён мясцовы любімчык! Які высокі ўзровень арганізацыі: усё па раскладзе, без запінак, прадугледжаны кожны нюанс! Няўжо вы думаеце, што нейкі вірус нас, танцораў, мог напалохаць? Танец – гэта наша жыццё! Мы будзем танцаваць, пакуль дыхаем!
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.