Среда, 21 октября 2020

«Наш дэвіз: не спыняцца». Настаўніца геаграфіі і біялогіі Хараўской школы пра работу і вучняў

417

Настаўніца геаграфіі і біялогіі Хараўской сярэдняй школы Святлана Сцяпанаўна Чабацько — выдатны прыклад адданага служэння любімай справе. Яна любіць свой прадмет, верыць у прэстыж сваёй прафесіі, а галоўнае — шчыра радуецца поспехам сваіх вучняў. Вучні, гледзячы на дабрату і руплівасць Святланы Сцяпанаўны Чабацько, імкнуцца апраўдаць яе давер. У прыватнасці, апошнія два гады на раённых навуковых канферэнцыях па геаграфіі лідзіруючыя пазіцыі займаў яе выхаванец Міхаіл Усік, які сёлета пакінуў сцены школы.


— Я ганаруся Мішам, які сваёй навукова-даследчай работай на тэму мясцовай тапанімікі ўнёс, лічу, значны ўклад у агульную краязнаўчую справу раёна, — кажа настаўніца, якая без малога трыццаць гадоў працуе ў Хараўской адукацыйнай установе. Дарэчы, і сама з‘яўляецца выпускніцай гэтай школы: нарадзілася ў вёсцы Вашчынічы.

— Літаральна з пачатковых класаў я ведала, што стану настаўніцай. Мая мама — філолаг, настаўніца рускай мовы і літаратуры. Памятаю вялікія стосы вучнёўскіх сшыткаў у яе на стале. Як жа я любіла іх употай ад мамы пагартаць, паглядзець, як дзеці пішуць і якія адзнакі ім мама выстаўляе.

Адразу паступіць у Брэсцкі педінстытут у Святланы Чабацько не атрымалася: літаральна аднаго бала не хапіла, каб стаць студэнткай. Але яна не адчайвалася. Год адпрацавала піянерважатай у роднай школе, потым параілася з любімай настаўніцай геаграфіі Тамарай Аляксандраўнай Грышкевіч, якая распавяла пра тое, як цікава вучыцца на геаграфічным факультэце, і вырашыла другі раз штурмаваць ВНУ.

— Аповед пра студэнтаў-географаў, якія шмат падарожнічаюць па свеце, так мяне заваражыў, што я ў марах развіталася з філалогіяй і стала географам. Вельмі ўжо хацелася ў розных месцах пабываць: і сябе паказаць, і пра родную Пружаншчыну, самы прыгожы куточак на зямлі, іншым людзям распавесці… Дарэчы, тэматыкі ўсіх маіх пісьмовых студэнцкіх работ мелі модны цяпер экалагічны накірунак.
Па заканчэнні інстытута ў 1992 годзе Святлана Сцяпанаўна вярнулася ў родную школу і больш з ёй не развітвалася.

— Тут цудоўны калектыў. Мы нібы адна сям’я. Усе мае калегі – як сталыя, так і маладыя — годны ўвагі. Яны годна нясуць сваю высакародную місію Настаўніка і з задавальненнем дзеляцца сваёй мудрасцю і душэўнай цеплынёй з дзецьмі. Уласна мяне вельмі радуе, калі да нас прыходзяць маладыя спецыялісты з нейкай іскрынкай у вачах. Якіх не спыняюць ні бюджэтныя зарплаты, ні папяровая валакіта, ні нават самыя складаныя выхаванцы. Дарэчы, поспехі вучняў, якія асвоілі самую галоўную прафесію ў жыцці — прафесію сапраўднага чалавека, — вышэйшая адзнака нашай работы. Таму ўсім настаўнікам жадаю новых поспехаў на прафесійнай ніве, моцнага здароўя, радасці і сямейнага дабрабыту. Наш дэвіз: “Не спыняцца” — застаецца ў сіле! – кажа Святлана Сцяпанаўна, якая заўтра бу-дзе прымаць шматлікія віншаванні ад сяброў і родных. Ад маці і брата, які, дарэчы, працуе ў Пружанскім каледжы настаўнікам інфарматыкі. Ад любімай нявесткі, якая стала для Святланы Чабацько роднай дачушкай. І абавязкова ад двух сыноў.

— Малодшы сёння служыць у войску, а старэйшы, між іншым, таксама ў свой час скончыў універсітэт па спецыяльнасці “Настаўнік фізікі”, але, так сталася, што працуе вадзіцелем у ПМК-29. Але ўсё роўна заўтра святкуюць усе!
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.