Суббота, 24 октября 2020

Вучні Хараўской СШ прынялі ўдзел у абласным зборы “Лідар-патрыёт”

338

Пажыць у палявых умовах, паўдзельнічаць у шматлікіх цікавых конкурсах, знайсці новых сяброў і проста добра правесці час. Такая магчымасць выпала вучням Хараўской СШ, якія сталі ўдзельнікамі традыцыйнага абласнога збору “Лідар-патрыёт”.


Сёлета ён быў прысвечаны 30-гадоваму юбілею Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі і сабраў самых актыўных яе членаў, а таксама лідараў рэспубліканскага саюза моладзі з розных рэгіёнаў вобласці.


Хараўскія дзевяцікласнікі Ангеліна Жур, Злата Варабей, Павел Губарык і Арцём Зыбін атрымалі магчымасць прадставіць Пружаншчыну невыпадкова: па выніках мінулага навучальнага года піянерская дружына менавіта Хараўской СШ стала лепшай у раёне.
Кампанію нашым піянерам склалі школьнікі з Баранавіцкага, Кобрынскага, Маларыцкага і Жабінкаўскага раёнаў.

Палатачны гарадок лідараў размясціўся на палігоне “Брэсцкі”. Праграма абласнога збору была разлічана на тры дні, самым яркім з якіх стала 13 верасня – дзень нараджэння беларускай піянерыі.

— Спачатку было крыху нязвыкла ад асэнсавання таго, што некалькі дзён табе давядзецца жыць фактычна ў лесе. Аднак умовы пражывання былі добрымі, а ўжо першым вечарам аб’яднаў усіх прагляд фільма ў «кінатэатры» пад парашутам, а пасля — караоке-батл і танцы, — дзеліцца ўражаннямі Ангеліна.
— А яшчэ вельмі смачна кармілі! — падхоплівае Павел.
— Так, але самым смачным быў торт у гонар юбілею піянерскай арганізацыі! — дадае Арцём.

Арганізатары падрыхтавалі для школьнікаў мноства цікавых заняткаў. Піянеры малявалі плакаты, рыхтаваліся да флэш-мобу і спявалі песні на вячэрнім кастры. Таксама для ўдзельнікаў лагера былі арганізаваны трэнінгі па фарміраванні лідарскіх якасцей і валанцёрстве, інтэлектуальна-творчая гульня “Піянерскі квіз”, турнір па зборцы пазлаў “Беларусь і я”. У праграме таксама значылася сустрэча з ваеннаслужачым, размова “Служба ў войску – выбар сучаснай моладзі”, выстава ўзбраення і нават майстар-класы ад воінаў-дэсантнікаў. Не абышлося без конкурсаў і віктарын, гульняў і, як вы ўжо зразумелі, салодкіх сюрпрызаў.

Школьнікі прызнаюцца: у лагеры ўдалося добра адпачыць, знайсці новых сяброў і раскрыць свае лідарскія якасці. Таму на працягу і гэтага навучальнага года вучні пастараюцца старанна працаваць, удзельнічаць у розных конкурсах, каб праз год ізноў мець магчымасць акунуцца ў непаўторную атмасферу палатачнага лагера.
Уладзіслаў Шпарла, Сяргей Талашкевіч (фота).